Logo Polskiego Radia
Print

"Штайнмаер шукае пасаду ў Пуціна?" - С. Янэцкі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 21.06.2016 12:55
  • Janecki.mp3
Міністар замежных спраў Нямеччыны заявіў, што палітыка ў дачыненьні да Расеі абмяжоўваецца «маханьнем шабляй».
Кіраўнік нямецкай дыпляматыі Франк-Вальтэр Штайнмаер. Кіраўнік нямецкай дыпляматыі Франк-Вальтэр Штайнмаер. Photo: hoferichter/flickr/Commercial use allowed

Міністар замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер у нядзельным нумары «Bil dam Sonntag» заявіў, што палітыка ў дачыненьні да Расеі абмяжоўваецца «адпужваньнем і маханьнем шабляй». Палітык раскрытыкаваў манэўры NATO «Анаконда», якія адбыліся ў Польшчы. «Мы не павінны падаграваць атмасфэру, махаючы шабляй і выкрыкваючы ваенныя лёзунгі», - казаў Франк Штайнмаер.

Гэтыя словы ў нашым эфіры камэнтуе публіцыст выданьня «wSieci» Станіслаў Янэцкі. Як вы ацэньваеце словы кіраўніка нямецкай дыпляматыі?

С. Янэцкі: Я камэнтую гэта дваяка. Магчыма, Штайнмаер рыхтуецца да канца палітычнай кар’еры й рыхтуе сабе новае месца, як яго былы кіраўнік Герхард Шродэр, які пасьля адстаўкі знайшоў пасаду ў «Газпроме». Магчыма, адбываецца так, што Штайнмаер не прадстаўляе палітыку Агнелы Мэркель. Гэтая вэрсія была б больш карыснай для нас і для самога Штайнмаера. Аднак можа быць і горшы варыянт, а менавіта, што існуе падзел роляў у нямецкім урадзе. У такім выпадку Штайнмаер адыгрывае роля «кепскага» й гаворыць пра палітыку ў дачыненьні да Расеі так, як хадэцкім палітыкам не выпадае казаць, але такія словы павінны быць агучаныя. Немцы вядуць у дачыненьні да Расеі непасьлядоўную палітыку – крок наперад, два назад. З аднаго боку Нямеччына далучылася да санкцый у дачыненьні да Расеі, але зь іншага не пагадзілася заблякаваць Nord Stream 2. Другая вэрсія некарысная й сьведчыць аб тым, што Нямеччына гуляе на два франты.

Старшыня Камісіі замежных спраў Бундэстагу Норбэрт Рэнтген раскрытыкаваў Франка-Вальтэра Штайнмаера за яго выказваньні й абвінаваціў выкарыстоўваньне пасады ва ўнутрыпартыйных разборках.

С. Янэцкі: З боку Франка Штайнмаера вельмі непрыгожа так гаварыць, паколькі з 2008 году Расея зь Беларусьсю праводзяць вялікія вучэньні каля мяжы з Польшчай. Два разы ў іх прымала ўдзел па прыкладна 100 тысяч жаўнераў. У 2008 і 2013 годзе вучэньні называліся «Захад». Гэта была сымуляцыя нападу на балтыйскія краіны. Яны сымулявалі польскае паўстаньне, якое павінны былі падавіць беларускія й расейскія сілы. Вайскоўцы вучыліся захапляць тэрыторыю на мяжы Польшчы зь Летувой, на адрэзку паміж Беларусьсю й Калініградзкай вобласьцю. Дапускаўся нават тактычны ўдар ядзернай зброяй у выпадку такога канфлікту. Франк Штайнмаер кажа, што мы махаем шабляй, праводзячы манэўры з удзелам 31 тысячы жаўнераў. Пры гэтым забывае пра 100-тысячныя расейска-беларускія вучэньні ў гадах 2008, 2009, 2013, 2014, 2015, рыхтуюцца манэўры на 2017 год. З боку Штайнмаера гэта непрыгожа й хлусьліва. Гэта расейскі бок агрэсіўны й махае ня толькі шабляй, але й ядзернымі ракетамі. Дзе тут лёгіка й пасьлядоўнасьць?

Словы міністра замежных спраў Нямеччыны ўжо былі выкарыстаныя расейскім бокам. Кіраўнік Камісіі замежных спраў расейскай Думы Аляксей Пушкоў назваў гэтыя словы «голасам розуму сярод антырасейкай гістырыі ў NATO». Расея выкарыстоўвае словы Штайнмаера дзеля сваіх мэтаў.

С. Янэцкі: Расея выкарыстоўвае, а Штайнмаер знайшоў саюзьнікаў. Нагадаю, што на эканамічным саміце ў Санкт-Пецярбургу быў старшыня Эўрапейскай камісіі Жан-Клёд Юнкер. Ён апраўдваўся, што з Расеяй трэба размаўляць, таму ён прысутны на саміце. У кантэксьце словаў Штайнмаера – гэта выратавальнае кола, кінутае ў бок Расеі. Але найгорш паказаў сябе з пункту гледжаньня нас і ўсяго NATO былы прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі, які хоча балятавацца на пасаду прэзыдэнта падчас наступных выбараў. Ён паставіў пад сумнеў сэнс санкцый супраць Расеі й цэлай палітыкі ў дачыненьні да Расеі. Калі ўзяць усе гэтыя выказваньні разам, то атрымліваецца вельмі кепскі вобраз.

Завяршаючы размову наш камэнтатар Станіслаў Янэцкі нагадвае, што Франк Вальтэр Штайнмаер зьяўляецца надалей блізкім супрацоўнікам Герхарда Шродэра, які дзякуючы працы ў «Газпроме» зарабляе больш за мільён эўра ў год.

Размову падрыхтавала Галіна Остас з Польскай рэдакцыі Польскага радыё для замежжа, апрацавала ав.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт