У зьвязку са зьменамі ў Беларусі праграма праходзіць трансфармацыю. Стыпэндыі на навучаньне ў Польшчы для грамадзян Беларусі будуць выдавацца ў рамках іншых праграм. Праграма Каліноўскага арыентуецца на арганізацыю стажыровак высокага ўзроўню для маладых спэцыялістаў зь Беларусі.
Стыпэндыяльная праграма польскага ўрада імя К.Каліноўскага пачала дзейнічаць у 2006 годзе. Гэта была рэакцыя польскага ўраду на хвалю рэпрэсій пасьля прэзыдэнцкіх выбараў з боку беларускіх уладаў у дачыненьні да моладзі, асабліва студэнтаў, якіх масава выганялі з ВНУ за палітычныя погляды. За час існаваньня праграмы каля 300 беларусаў змаглі атрымаць вышэйшую адукацыю ў больш чым 50 польскіх унівэрсытэтах.
Сёлета ў Беларусі зьявілася мноства супярэчлівай інфармацыі адносна праграмы, у тым ліку й заявы пра тое, што праграма імя Каліноўскага закрываецца. У зьвязку з гэтым мы папрасілі патлумачыць сытуацыю дырэктара Цэнтра Ўсходняй Эўропы Варшаўскага ўнівэрсытэта Яна Маліцкага.
Ян Маліцкі: Стыпэндыяльная праграма польскага ўраду імя К.Каліноўскага заснаваная ў 2006 годзе пасьля дэманстрацый у Менску ды звароту тагачаснага кандыдата ў прэзыдэнты А.Мілінкевіча да польскіх уладаў. Палітык прасіў дапамогі моладзі, якую выганялі па палітычных матывах з ВНУ. У першы год на навучаньне мы прынялі 240 чалавек. З кожным годам гэтая лічба малела, бо скарачалася колькасьць рэпрэсаваных студэнтаў. Праграма мела палітычны характар: Польшча як краіна ЭЗ дапамагала дзяржаве, дзе людзі станавіліся ахвярамі рэпрэсій за палітычныя погляды.
Апошнія гады сытуацыя ў Беларусі супакоілася: зьменшыліся рэпрэсіі ў дачыненьні да студэнцтва, і ў выніку значна скарацілася колькасьць кандыдатаў, кажа дырэктар.
Ян Маліцкі: Апошнія гады рэпрэсіі мелі адзінкавы характар, звароты таксама. Гэта нас прымусіла да таго, каб зьмяніць праграму. Паўтараю, не зачыніць, а перарабіць. Пераўтварэньне палягае на тым, што зьнікаюць непасрэдныя прычыны заснаваньня праграмы, а менавіта выключэньне з ВНУ за палітычныя погляды. Праграма не касуецца, а пераўтвараецца. Таму што ніхто ў Польшчы ня мае сумневаў, што Беларусі патрэбная дапамога, а беларускім грамадзянам патрэбная падтрымка ў сфэры адукацыі, абмену вопытам.
Таму зь бягучага году праграма Каліноўскага будзе палягаць на арганізацыі стажыровак высокага узроўню ў польскіх ВНУ ды навуковых цэнтрах для спэцыялістаў зь Беларусі. Гэта могуць быць кадры для дэмакратычнай ды праэўрапейскай Беларусі, кажа Ян Маліцкі.
Ян Маліцкі: Замест навучаньня з самага пачатку ў ВНУ праграма будзе палягаць на арганізацыі гадавых стажыровак. Гэта будзе навучаньне на вышэйшым узроўні для маладых спэцыялістаў зь Беларусі. Яны потым могуць паспрыяць будаўніцтву дэмакратычнай дзяржавы ў Беларусі, будуць кіраваць дзяржавай. Сёлета мы плянуем прыняць на стаж нават некалькі дзясяткаў чалавек. Спадзяюся, што адбудзецца ня менш чым 25 гадавых стажыровак.
Разам з тым, зазначае дырэктар цэнтра, усе, хто пачаў навучаньне па праграме Каліноўскага да 2016-га году, змогуць спакойна атрымаць дыплёмы, бо польскі ўрад захоўвае для іх стыпэндыі.
Ян Маліцкі: Праграма імя Каліноўскага існуе ў сваёй старой форме й будзе так існаваць як мінімум яшчэ 5 год. Польшча выканае свой абавязак у дачыненьні да студэнтаў, якіх прынялі ў ВНУ ў рамках папярэдняга фармату праграму. Нават тых, хто пачне навучаньне сёлета пасьля гадавога курса польскай мовы. Такіх студэнтаў было 25 чалавек. Сёлета яны пачнуць навучаньне ва ўнівэрсытэтах ды завершаць яго праз 5 гадоў. Польшча будзе плаціць стыпэндыі да апошняга студэнта, пры ўмове, што студэнт будзе вучыцца згодна з праграмай і патрабаваньнямі сваёй ВНУ.
Дырэктар Цэнтра Ўсходняй Эўропы раіць зацікаўленым асобам у Беларусі кіравацца ня плёткамі, а зьвяртацца па дакладную інфармацыю на сайт цэнтра, дзе падрабязна тлумачыцца характар зьмен ды падаюцца ўмовы ўдзелу ў праграме стажыровак імя Каліноўскага на бягучы год.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч