„З-за вельмі абмежаванага сацыяльнага й палітычнага вопыту ў кантактах з Блізкім Усходам, мы ня можам дазволіць сабе ўдзельнічаць у праграмах па разьмеркаваньні або іншых формах цэнтралізаванага кіраваньня міграцыяй у рамках ЭЗ”, - заявіла ў сераду ў Празе польская прэм’ер-міністар. Бэата Шыдла дадала, што па пытаньнях міграцыйнай палітыкі Эўразьвязу Вышаградзкая група прадстаўляе агульную пазыцыю.
У сераду ў чэскай сталіцы прэм’ер Бэата Шыдла сустрэлася з кіраўнікамі ўрадаў Чэхіі, Вугоршчыны й Славаччыны, то бок краінаў Вышаградзкай групы.
Бэата Шыдла падкрэсьліла, што вынікам саміту ў Празе зьяўляецца супольная заява, якая паказвае пагрозы й вызначае шлях наперад.
Бэата Шыдла: У прыватнасьці, я хачу выказаць сваё задавальненьне тым, што Вышаградзкая група падтрымлівае агульную пазыцыю па міграцыйнай палітыцы Эўразьвязу. Гэтая пазыцыя названая ў нашай заяве. Я дзякую таксама за падтрымку ўсёй групы ў рамках падрыхтоўкі да саміту NATO, які адбудзецца ў ліпені ў Варшаве. Мы будзем рабіць усё, каб яго вынікі выразна ўмацавалі нашу бясьпеку ў рэгіёне.
Прэм'ер Чэхіі Багуслаў Собатка заявіў, што няма ніякіх сумненьняў у тым, што Эўразьвяз знаходзіцца ў стане крызысу, да якога прычынілася хваля міграцыі.
Прэм’ер Польшчы Бэата Шыдла й прэм’ер Чэхіі Багуслаў Собатка.
Багуслаў Собатка: Трэба вярнуцца да супрацы. Нельга паварочвацца сьпіной да эўрапейскай інтэграцыі. Калі мы ня будзем рэагаваць на крызыс, то нас чакае павелічэньне напружанасьці й разьвіцьцё нацыяналізму. Нельга саступаць перад папулізмам. Трэба вярнуць раўнавагу й праводзіць эфэктыўныя перамовы паміж краінамі Эўразьвязу.
Кіраўнічка польскага ўраду Бэата Шыдла дадала, што Польшча, як і іншыя краіны ў рэгіёне, бачыць неабходнасьць усебаковага ўдзелу Эўразьвязу ў вонкавым вымярэньні міграцыі.
„Мы гатовыя да асаблівага ўдзелу ў абароне зьнешняй мяжы або аказаньні тэхнічнай падтрымкі. Мы павялічваем наш удзел у дзеяньнях па разьвіцьці й гуманітарнай дапамозе, а таксама ў супрацоўніцтве з трэцімі краінамі ў галіне барацьбы з тэрарызмам”, - адзначыла Шыдла.
Прэм'ер Вугоршчыны Віктар Орбан раскрытыкаваў сярод іншага зьнешнюю палітыку, якую праводзяць заходнія краіны й Эўразьвяз. Ён сказаў, што эліты, якія да гэтай пары кіравалі Эўразьвязам, страцілі легітымнасьць, якая вынікала, перш за ўсё, з эканамічнага посьпеху. Орбан таксама зьвярнуў увагу на крызыс зьнешняй палітыкі Эўразьвязу. Захад ня здолеў увесьці дэмакратыю ў Эгіпце або Лібіі. „Мы зьнішчылі гэтыя краіны”, - сьцьвердзіў прэм'ер Вугоршчыны.
Прэм’ер Польшчы Бэата Шыдла й прэм’ер Вугоршчыны Віктар Орбан.
Віктар Орбан: Я не шукаю ў гэтых дзеяньнях злога намеру, а хутчэй ляноту, бязьдзейнасьць. Нам патрэбны Паўлоўскі рэфлекс, нам патрэбнае эўрапейскае рашэньне. Аднак, каб гэтае рашэньне задзейнічала, спачатку трэба вырашыць, чаго мы самі хочам.
У сваю чаргу прэм'ер Славаччыны Робэрт Фіцa заявіў, што Эўразьвяз, перш за ўсё, павінен засяродзіцца на рэальных праблемах жыхароў кантынента, а не пустых тэмах. „Чыноўнікі ЭЗ павінны спусьціцца на зямлю”, - падкрэсьліў Фіцa.
Прэм’ер Польшчы Бэата Шыдла й прэм’ер Славаччыны Робэрт Фіцa.
Робэрт Фіцa: Гэта важна, каб Эўразьвяз займаўся рэальнымі праблемамі, такімі, як рынак мяса й малака, а не адзіным лічбавым рынкам, што для сярэднестатыстычнага жыхара ЭЗ абсалютна незразумелае.
Кіраўнічка польскага ўраду нагадала, што 1 ліпеня Польшча пяройме старшынства ў Вышаградзкай групе. Яна падкрэсьліла, што падчас сустрэчы ў Празе былі адобраныя польскія прапановы для групы на бліжэйшы год.
Бэата Шыдла: Мы плянуем уводзіць таксама новыя тэмы, якія павінны выразна паказваць на пазыцыю Вышаградзкай групы, інтэграваць нашыя краіны й супольна ажыцьцяўляцца. Я рада, што былі адобраныя тыя прапановы, якія Польшча падрыхтавала на бліжэйшыя 12 месяцаў.
Польшча перш за ўсё будзе зацікаўленая ва ўмацаваньні пазыцыі Вышаградзкай групы ў Эўрапейскім Зьвязе. Гэта будзе зводзіцца, між іншым, да цеснага супрацоўніцтва Польшчы, Чэхіі, Славаччыны й Вугоршчыны ў галіне бясьпекі.
Бэата Шыла зьвярнула ўвагу на тое, што польскае старшынства ў Вышаградзкай групе будзе супадаць з старшынствам Славаччыны ў Эўразьвязе. „Гэта будзе добры час, каб паказаць сумесныя праекты Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы й будаваць для іх станоўчую атмасфэру ў Эўразьвязе”, - лічыць Шыдла.
Падчас супольнай прэс-канфэрэнцыі Бэата Шыдла таксама казала пра спадзяваньні, якія Польшча спалучае з самітам Паўночнаатлянтычнага альянсу ў Варшаве.
„Мы будзем падтрымліваць рашэньні, якія ўзмоцняць ваенную прысутнасьць NATO на ўсходнім флянгу альянсу. Прысутнасьць, якая павінна эфэктыўна стрымліваць і спыняць патэнцыйнага праціўніка ад актыўных наступальных дзеяньняў супраць тэрыторыі NATO”,- сказала кіраўнічка польскага ўраду.
Кіраўнікі ўрадаў Славаччыны, Польшчы, Чэхіі й Вугоршчыны на саміце Вышаградзкай групы ў Празе.
Будучыні Вышаградзкай групы прысьвечаны таксама візыт у Чэхію старшыні Сэнату (вышэйшай палаты польскага парлямэнта). Станіслаў Карчэўскі заявіў, што ў бліжэйшым часе плянуе арганізаваць у Польшчы сустрэчу сваіх калегаў з краін Вышаградзкай групы. Ён таксама будзе імкнуцца да стварэньня Парлямэнцкай асамблеі краінаў Вышаградзкай чацьвёркі.
Станіслаў Карчэўскі: Гэта была б пастаянная ініцыятыва, падобная да Парлямэнцкай асамблеі Летувы, Украіны й Польшчы.
Нагадаем, Вышаградзкая група (V4) была створана ў 1991 годзе. Яна аб'ядноўвае чатыры краіны: Польшчу, Чэхію, Славаччыну й Вугоршчыну.
аз
ФОТА: PAP/Paweł Supernak