Logo Polskiego Radia
Print

Польскае грамадзтва маланкава старэе

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.06.2016 13:49
  • дэмаграфія.mp3
Статыстыка няўмольна нам нагадвае: «memento mori». Дэмографы непакояцца, што насельніцтва вымірае хуткімі тэмпамі.
www.pixabay.com

Многія спэцыялісты па дэмаграфіі заклікаюць польскі ўрад не вяртацца да старога пэнсійнага ўзросту, паколькі празь некалькі дзесяткаў гадоў у краіне будзе катастрафічна не хапаць працоўных рук, а колькасьць пэнсіянэраў рэзка вырасьце. У 2050 годзе людзей у працаздольным узросьце будзе на 5 млн менш у параўнаньні з 2015 годам.

Статыстыка няўмольна нам нагадвае: «memento mori». Калі яшчэ некалькі дзесяткаў гадоў таму палякі ганарыліся, што іх грамадзтва адносна маладое, нараджаецца шмат дзяцей, назіраецца прырост насельніцтва, то цяпер дэмографы непакояцца, што польскае насельніцтва вымірае хуткімі тэмпамі. Дэмаграфічныя прагнозы сьведчаць аб тым, што насельніцтва хутка старэе, расьце лічба людзей на пэнсіі і зьмяншаецца колькасьць працаздольнага насельніцтва.

Прэс-сакратар Галоўнага статыстычнага ўпраўленьня Артур Сатора адзначае, што дэмаграфічныя дадзеныя вельмі несуцяшальныя.

А. Сатора: Сытуацыя выключна дрэнная. Працэс старэньня грамадзтва ўжо пачаўся. Такія высновы можна зрабіць у выніку аналізу мэдыяны ўзросту насельніцтва, а таксама зьмяншэньня колькасьці працаздольных жыхароў краіны і росту лічбы людзей у пэнсійным узросьце. Паралельна рэзка зьмяншаецца колькасьць людзей у дзіцячым і працаздольным узросьце.

Мэдыяна ўзросту насельніцтва – гэта тэрмін з матэматыкі. Ён акрэсьлівае дакладна сярэдзіну нейкай лічбавай выбаркі. Роўна палова элемэнтаў выбаркі менш за гэтую лічбу, а другая палова – больш за яе. Калі гаворка ідзе пра ўзрост нейкай масы людзей, то мэдыяна азначае, што роўна палова насельніцтва перавысіла гэты ўзрост, а другая да яго яшчэ не дажыла. Калі ў 2015 годзе мэдыяна складала 40 гадоў, то ў 2050 гэта будзе ўжо 51 год. Адпаведна, на 5 мільёнаў чалавек зьменшыцца колькасьць людзей у працаздольным узросьце.

А. Сатора: У 2015 годзе людзей у працаздольным узросьце было прыкладна 24 мільёны 400 тысяч. У сваю чаргу празь некалькі дзесяткаў гадоў, у сярэдзіне гэтага стагодзьдзя, асоб, якія яшчэ ня выйшлі на пэнсію, будзе крыху больш за 19 мільёнаў.

Аўтаматычна, значна павялічыцца колькасьць пэнсіянэраў. Іх лічба вырасьце на 2 млн чалавек. Пры захаваньні цяперашняга ўзроўню пэнсійных узносаў, на пэнсію аднаго чалавек будзе працаваць тры асобы. Зьменшыцца таксама агульная колькасьць насельніцтва – на 4,5 млн. Тады палякам прыйдзецца забыць пра 40-мільённы народ, як яны прывыклі думаць пра сябе, паколькі іх будзе пражываць у краіне толькі 34 мільёны.

Сьвятар Пётр Краковяк, які апякуецца хворымі ў госьпісах, адзначае, што старэньне грамадзтва будзе зьвязана са значным ростам коштаў мэдычнай апекі старэйшых людзей.

П. Краковяк: Праз дваццаць гадоў у Польшчы будзе ў два разы больш людзей старых, хворых, якія не ў стане самі сябе абслугоўваць. Гэта стане вялізнай праблемай, паколькі ўжо цяпер наша сыстэма мэдычнай апекі ня можа эфэктыўна і хутка абслужыць усіх, каму дапамога патрэбная. Гэта асабліва датычыць хранічна хворых, старых людзей, якія жывуць у сябе дома, а не ў бальніцы ці доме апекі. У нас няма эфэктыўнай інтэграцыі і каардынацыі, няма мэнэджэраў, якія б комплексна заняліся такой дапамогай людзям у іх на дамах. Канешне, частку абавязкаў можна ўскласьці на валянцёраў, якія павінны быць энтузіястамі, але імі таксама хтосьці павінен заняцца ў старасьці, а ня будзе каму.

Названыя лічбы былі падрыхтаваныя ўжо пасьля павышэньня пэнсійнага ўзросту. Нагадаем, згодна праведзенай папярэднімі ўладамі рэформе, палякі павінны выхадзіць на пэнсію ва ўзросьце 67 гадоў. Партыя «Права і справядлівасьць» абяцала панізіць гэтую плянку да ранейшага ўзроўню (60 гадоў для жанчын і 65 для мужчын), але, відаць, пасьля правядзеньня ўсіх падлікаў і аналізаў аказалася, што бюджэт дзяржавы гэтага можа не перажыць. І таму цяпер улады ўжо вельмі асьцярожна згадваюць пра рэформу, кажучы, што неабходна правесьці грамадзкія кансультацыі і ўсё вельмі дакладна ўзважыць.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт