Logo Polskiego Radia
Print

Фэстываль беларускаймоўнай рэклямы зьбірае сродкі на краўд-пляцоўцы

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 19.05.2016 12:42
  • aDNaK!.mp3
Кожны жадаючы можа стаць арганізатарам Фэстывалю aDNaK!
прэс-матэрыялы ГКК "Будзьма беларусамі!"

На пачатку траўня стартаваў фэстываль беларускамоўнай рэклямы й камунікацыі aDNaK! Усе жадаючыя могуць высылаць свае працы для ўдзелу ў мерапрыемстве.

Сёлета арганізатары заклікаюць усіх неабыякавых стаць яго часткай, непасрэдна прычыніўшыся да правядзеньня, а таксама далучыцца да яго «закуліснага» жыцьця, зрабіўшы пасільны ўнёсак на краўд-пляцоўцы на сайце ulej.by. «Фэстываль ужо зрабіўся грамадзкай зьявай – хай жа ў гэтым годзе ён адбудзецца з вашым удзелам!», – заахвочваюць арганізатары імпрэзы.

Усе грашовыя сродкі будуць цалкам выдаткаваны на арганізацыйныя патрэбы сёлетняга фэстывальнага дня, а менавіта на адукацыйную праграму й цырымонію ўганараваньня найлепшых стваральнікаў беларускамоўнай і беларускаарыентаванай рэклямы й камунікацыі.

Для ўсіх аматараў і спонсараў беларускамоўнай і беларускаарыентаванай рэклямы Аргкамітэт падрыхтаваў спэцыяльныя сувэніры й падарункі.

«Наш фэстываль – гэта насычаная адукацыйная праграма, гэта новыя веды й стандарты! І ён – ня толькі цырымонія ўзнагароджаньня, віншаваньні ад калег і шумная «тусоўка» ў коле самых таленавітых прадстаўнікоў творчых прафэсій. Гэта шчыльная супраца вядомых дызайнэраў і крэатыўных студыяў, прадстаўнікоў бізнэсу й творчых людзей, якія ў вясёлых, а часам і гарачых спрэчках супольна вызначаюць найлепшыя прыклады беларускай рэклямы. За сем гадоў свайго існаваньня Фэстываль прайшоў шлях ад пілотнага дасьледчага праекта да сапраўднай зьявы культурнага жыцьця краіны. З кожным годам колькасьць удзельнікаў і работ расьце, а цікавасьць да фэстывалю павялічваецца. У многім дзякуючы менавіта яму беларускамоўнай рэклямы ў краіне значна паболела», – чытаем у прэс-рэлізе кампаніі «Будзьма беларусамі!»

Падчас фэстывалю плянуецца, як заўжды, разнастайная адукацыйная праграма з удзелам як беларускіх і замежных рэклямістаў, так і цікавых асобаў з іншых сфэраў, якія пашыраюць эўрапейскія падыходы й тэндэнцыі, уплываючы на рэкляму й бізнэс-камунікацыю.

Паводле апытаньня «Новак» на замову кампаніі «Будзьма беларусамі!» у 2012 годзе, 55,6% беларусаў выступаюць «за» беларускую мову ў рэкляме. Гэтую лічбу пацьвердзілі MASMI ў 2014 г. (56%). 60% рэспандэнтаў падтрымліваюць беларускую мову ў афармленьні гарадоў і вітрын. Адпаведнае дасьледаваньне кампанія «Будзьма беларусамі!» плянуе ў 1-м паўгодзьдзі 2016 г.

У далучаным гукавым файле слухайце размову з прэс-сакратаром ГКК «Будзьма беларусамі!» Канстанцінам Касяком.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт