Logo Polskiego Radia
Print

Аварыя на ЧАЭС – адзін з каталізатараў распаду СССР

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 26.04.2016 14:01
  • ЧАЭС.mp3
Паводле экспэртаў, рэакцыя на аварыю на ЧАЭС паказала крывадушнасьць савецкіх уладаў.
ЧарнобыльЧарнобыльpixabay.com/Public Domain CC0

Мінае 30 гадоў з моманту аварыі на Чарнобыльскай АЭС ва Ўкраіне. У ноч з 25 на 26 красавіка 1986 году там здарыліся аварыя, выбух і пажар рэактара. У атмасфэру былі выкінутыя вялікія колькасьці радыеактыўных рэчываў. Забруджаныя былі часткі тэрыторыяў Украіны, Беларусі й Расеі. У сваю чаргу радыеактыўная хмара распаўсюдзілася над большай часткай Эўропы.

У выніку забруджаньня эвакуіраваныя й пераселеныя былі больш за 350 тысяч чалавек. Зона вакол ЧАЭС афіцыйна зачынена па сёньняшні дзень.

Сапраўдную колькасьць ахвяр катастрофы на Чарнобыльскай АЭС цяжка вызначыць. Паводле інфармацыі Навуковага камітэта ААН па пытаньнях узьдзеяньня радыяцыі, гаворка ідзе пра некалькі дзесяткаў чалавек. У сваю чаргу, справаздача міжнароднай экалягічнай арганізацыі „Greenpeace”, якая бярэ пад увагу пазьнейшыя анкалягічныя захворваньні, гаворыць нават пра 200 тысяч сьмяротных ахвяр аварыі.

Адразу пасьля выбуху на ЧАЭС улады тагачаснага Савецкага Саюза ўтойвалі інфармацыю пра аварыю. У сваю чаргу пазьней паведамлялі пра яе вельмі агульна й прадстаўлялі дадзеныя, якіх нельга было праверыць.

Праз два дні пасьля выбуху радыеактыўная хмара дасягнула тэрыторыі Польшчы. Так гэты дзень успамінаў прафэсар Зьбігнеў Явароўскі (пол. Zbigniew Jaworowski), які тады працаваў у Цэнтральнай лябараторыі па радыяцыйнай абароне ў Варшаве.

Зьбігнеў Явароўскі: Калі 28 красавіка я прыйшоў на працу й мая супрацоўніца паведаміла, што радыеактыўнасьць у гарадку Мікалайкі (пол. Mikołajki) на Мазурах у 55 тысяч разоў большая, чым днём раней. Гэта быў шок. У нас не было ніякай іншай інфармацыі, чым дадзеныя нашай сеткі маніторынгу. Я спалохаўся, што гэта ядзерная вайна.

Польскія ўлады паведамілі пра аварыю толькі празь некалькі дзён пасьля выбуху. На пачатку траўня тагачасны прэс-сакратар ураду Ежы Ўрбан (пол. Jerzy Urban) гаварыў аб дзейнасьці ўрадавай камісіі, якая павінна сачыць за наступствамі катастрофы.

Ежы Ўрбан: Не зафіксавана ніякай пагрозы для здароўя людзей. Таму задачы камісіі маюць выключна кантрольны, прафіляктычны й каардынацыйны характар. Была сьцьверджана адсутнасьць пагаршэньня радыеактыўнага фону ў Польшчы, таксама на паўночным усходзе краіны. Бачныя тэндэнцыі да паляпшэньня сытуацыі.

У сваю чаргу польскія СМІ, гаворачы пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС, спасылаліся на паведамленьні савецкай улады, прэзэнтаваныя ў тамтэйшых сродках масавай інфармацыі.

У сярэдзіне траўня першы сакратар Камуністычнай партыі Савецкага Саюза Міхаіл Гарбачоў заявіў, што Палітбюро ўзяло ў свае рукі арганізацыю працы па ліквідацыі й абмежаваньні наступстваў катастрофы.

Адсутнасьць добрасумленнай інфармацыі, а таксама запэўніваньні савецкіх уладаў прычыніліся да таго, што жыхары Беларусі, Украіны, Польшчы не разумелі сапраўднай пагрозы сытуацыі.

Ніхто не адмяніў сьвяткаваньня 1 траўня ці Дня вызваленьня. Ганна Каралеўска з Музэю Чарнобыля нагадае, што ў гэтым часе ў Кіеве праходзіў адзін з этапаў Велагонкі Міру – ганаровага мерапрыемства сацыялістычных краін.

Ганна Каралеўска: Радыяцыя вырасла 30 красавіка, калі вецер пачаў дзьмуць у кірунку Кіева. 1, 2 траўня яна была самай высокай. Вядома, ніякага шэсьця з нагоды 1 траўня не павінна быць. Але мы не павінны казаць выключна пра нашы ўлады. Мы таксама павінны сказаць пра ўлады тых краін, якія накіравалі сваіх спартсмэнаў на Велагонку Міру. Ніхто не адмовіўся - былі спартсмэны з Польшчы й Нямеччыны.

Канчаткова польскія ўлады ўвялі ў 11 ваяводзтвах плян па абароне насельніцтва, які прадугледжваў спажыцьцё дзецьмі й моладзьдзю вялікай дозы ёду. 29 красавіка гэтае дзеяньне было пашыранае на ўсю краіну. Апрача таго, была ўведзеная часовая забарона на выпас жывёлы на лугах. Паводле камэнтатараў, гэта быў адзіны выпадак у ПНР, калі польскія ўлады прадпрынялі меры насуперак рэкамэндацыям савецкіх уладаў у інтарэсе сваіх грамадзян.

Тым часам паводле Паўла Коваля (пол. Paweł Kowal) зь Інстытута палітычных дасьледаваньняў Польскай акадэміі навук, аварыя на Чарнобыльскай АЭС стала каталізатарам распаду Савецкага Саюза.

Павел Коваль: Няважна было тое, што здароўе людзей можа сур’ёзна пацярпець. Важнейшыя былі імпэрскія рытуалы.

Рэакцыя на аварыю на ЧАЭС паказала крывадушнасьць савецкіх уладаў, то бок наколькі шчырыя былі заявы тагачаснага лідара Савецкага Саюза Міхаіла Гарбачова аб жаданьні рэфармаваць СССР, кажа Малгажата Ноцунь(пол. Małgorzata Nocuń) з выданьня „Новая Ўсходняя Эўропа”.

Малгажата Ноцунь: Людзі – ня толькі ва Ўкраіне, але таксама ў Беларусі адчувалі, што ўлады іх ашукалі. Яны зразумелі, што перабудова й многія рэчы, зь ёй зьвязаныя, напрыклад, змаганьне з цэнзурай, ці зялёнае сьвятло для праўды – былі фікцыйныя.

У ліквідацыі наступстваў катастрофы ўзялі ўдзел каля 600 тысяч чалавек з усяго Савецкага Саюза. Каля адной траціны зь іx атрымалі высокія дозы радыяцыі. Толькі ў 2013 годзе ва Ўкраіне былі апублікаваныя архіўныя запісы размоў пажарнікаў з Чарнобыля. Яны пацьвердзілі, што ліквідатары не ўсьведамлялі сабе пагрозы сытуацыі. Яны былі перакананыя, што едуць тушыць звычайны пажар.

У цяперашні час на ЧАЭС праходзіць будаўніцтва новага саркафагу над пашкоджаным рэактарам. Праца павінна быць завершаная ў 2017 годзе. Праект фінансуецца за сродкі Эўрапейскага банку рэканструкцыі й разьвіцьця, Эўразьвязу й Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Зона вакол ЧАЭС зачынена. Нягледзячы на гэта, у суседніх вёсках можна сустрэць нелегальных жыхароў. Многія зь іх вярнуліся туды праз год пасьля аварыі.

У Беларусі, дзе радыяцыйнае забруджаньне закранула адну пятую тэрыторыі краіны, кожны год 26 красавіка грамадзкія актывісты арганізоўваюць у Менску „Чарнобыльскі шлях”. Сёлета ганаровым старшынёй аргкамітэта мерапрыемства зьяўляецца ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч. Яна зьяўляецца, між іншым, аўтаркай кнігі „Чарнобыльская малітва. Хроніка будучыні”, то бок збору ўспамінаў людзей, якія пацярпелі ад гэтай трагедыі.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт