Logo Polskiego Radia
Print

Спэцслужбы правяраюць бізнэс памерлага польскага мільярдэра

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 07.04.2016 14:34
  • Кульчык.mp3
Справа тычацца парушэньняў у працэсе прыватызацыі кампаніі «CIECH», якую хацелі купіць расейцы.
Сядзіба "Kulczyk Holding", ВаршаваСядзіба "Kulczyk Holding", ВаршаваPAP/Jacek Turczyk

Супрацоўнікі Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро ўвайшлі ў офісы кампаній «Kulczyk Holding» і «CIECH». «CIECH» зьяўляецца лідарам польскага хімічнага рынку і адной з буйнейшых кампаній міжнароднага ўзроўню.

Справа тычацца парушэньняў у працэсе прыватызацыі кампаніі. У чэрвені 2014 адна з суполак групы «Kulczyk» купіла большасны пакет акцый «CIECH». Ёсьць падазрэньне, што акцыі кампаніі прадалі па цане, якая не адлюстроўвала яе сапраўднай вартасьці. Міністэрства фінансаў было абвінавачана ў безгаспадарчасьці.

У справе паяўляецца яшчэ адна важная дэталь. Верагодней за ўсё, пасьля прыватызацыі кампанія «CIECH» мела быць прададзена расейцам. А гэта была б рэальная пагроза энэргетычнай бясьпецы Польшчы.

Галоўны рэдактар выданьня «Gazeta Bankowa» Войцех Сурмач кажа, што з самага пачатку справа прыватызацыі кампаніі «CIECH» выклікала шмат пытаньняў - як перад, так і падчас ды пасьля зьдзелкі.

В. Сурмач: Ужо пасьля зьдзелкі спрэчкі былі вакол таго, што «Kulczyk Holding» купіў кампанію вельмі танна, а неўзабаве яе вартасьць на біржы значна вырасла. Але яшчэ перад прыватызацыяй «CIECH» узьнікалі сумневы, зьвязаныя агульна з польскай хімічнай прамысловасьцю. Паяўляліся галасы, што Ян Кульчык купляе кампанію толькі дзеля таго, каб яе прадаць. Увесь бізнэс Кульчыка заключаўся ў тым, што ён купляў кампаніі, ставіў іх на ногі, а потым прадаваў з прыбыткам.
Некалькі месяцаў перад прыватызацыяй на польскім хімічным рынку паявіўся расейскі інвэстар. Яго прадстаўнікамі былі кампаніі «Moshe kantor» і «Acron», якая набыла частку акцый польскай хімічнай прамысловасьці. Паявіліся чуткі, што менавіта гэтыя расейскія фірмы зьбіраюцца купіць у Яна Кульчыка кампанію «CIECH».

Уладальнік «Moshe kantor» зьяўляецца правай інвэстыцыйнай рукой Уладзіміра Пуціна ў Польшчы.

В. Сурмач: Гэты чалавек здаўна атаесамляецца з расейскім інтарэсам на хімічным рынку. А польская хімічная прамысловасьць зьяўляецца адзіным атрымальнікам прыроднага газу ў Польшчы. Пагроза энэргетычнай бясьпецы Польшчы магла быць цалкам рэальная. Калі б расейскі капітал, у гэтым выпадку «Moshe kantor», пераняў польскую хімічную прамысловасьць, то купляў бы газ непасрэдна толькі ад Газпрому. Гэта азначала б адмову ад паслуг дзяржаўнай нафтагазавай кампаніі Польшчы – PGNiG. Гэта паслабіла б фінансавую сытуацыю дзяржаўнай кампаніі, а ўзмацніла б Газпром, які б стаў на польскі рынкам другім пастаўшчыком газу.

Расейцам не ўдалося ўзяць пад кантроль хімічную галіну ў Польшчы. У Міністэрстве дзяржмаёмасьці зьявілася група, якая эфэктыўна заблякавала намаганьні расейскага інвэстара.

Паводле нашага суразмоўцы, апошнія падзеі вакол фірмаў «Kulczyk Holding» і «CIECH» выклікаюць шмат эмоцый. Справай занялося Цэнтральнае антыкарупцыйнае бюро, а значыць, ёсьць падазрэньне ў карупцыі падчас прыватызацыі хімічнага гіганту. Хутчэй за ўсё, пытаньне магчымай продажы кампаніі расейцам у гэтай справе не бярэцца пад увагу. Паводле Войцеха Сурмача, гэтым па ўсёй бачнасьці павінны заняцца іншыя службы.

Халіна Остас/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт