Logo Polskiego Radia
Print

Палякі трымаюць грошы пад матрацам

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 29.03.2016 15:49
У студзені колькасьць ашчаднасьцяў у банках была ў Польшчы на 17% меншай чым годам раней.
Photo: Radio PolandPhoto: Radio Poland

Замест у банках палякі больш ахвотна трымаюць грошы пад матрацам. Гэтак вынікае са справаздачы, падрыхтаванай дарадчыцкай фірмай «Expander» на падставе дадзеных Нацыянальнага банку Польшчы.

Галоўны аналітык «Expander» Яраслаў Садоўскі адзначае, што ў студзені колькасьць ашчаднасьцяў у наяўных грошах была ў краіне на 17% большай чым годам раней. Экспэрт лічыць, што адной з прычын зьяўляюцца нізкія працэнтныя стаўкі на банкаўскіх рахунках.

Я. Садоўскі: Нізкія працэнтныя стаўкі зьнеахвочваюць рабіць банкаўскія ўклады. Гэта псыхалягічны эфэкт: «Нядаўна была магчымасьць зрабіць больш карысны ўклад, цяпер працэнтная стаўка меншая, дык гэта не карысна», – думаюць палякі. Тым часам гэта ня праўда, бо ў банку хоць якія-небудзь адсоткі будуць, а трымаючы грошы ў слоіках нічога немагчыма зарабіць, ніякіх адсоткаў.

Яраслаў Садоўскі адзначае, што людзі вырашаюцца трымаць грошы дома, калі баяцца за іх бясьпеку. У мінулым палякі забіралі грошы з банкаў у 2008-2009 гг.

Я.Садоўскі: У той час з праблемамі змагаліся банкі на Захадзе. А цяпер у Польшчы назіраецца банкруцтва крэдытных каапэратываў СКФУ (спажывецкі каапэратыў фінансавай узаемадапамогі) (поль. SKOK), адбылося банкруцтва «СКбанку». Банкаўскі гарантыйны фонд у такіх выпадках вяртае грошы, тым ня менш, ёсьць група людзей, якія лепш сябе адчуваюць, трымаючы грошы дома. Сярод палякаў нараджаюцца таксама боязі ў сувязі з канфліктамі ў сьвеце: вайна ва Ўкраіне, Сырыі, тэракты. Частка грамадзян думае: «На ўсялякі выпадак буду трымаць грошы дома».

Аўтары справаздачы падкрэсьліваюць, што стаўленьне да банкаў памянялася ў сувязі з павелічэньнем аплаты за карыстаньне электроннымі карткамі і за выплату грошай з банкаматаў. У мінулым годзе на 10% паменшала колькасьць крэдытных картак. Яраслаў Садоўскі патлумачыў, што частка кліентаў аддала крэдытныя карткі і раз на месяц здымае грошы з рахунку, каб плаціць наяўнымі.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт