Logo Polskiego Radia
Print

Сьледам супрацоўніка ваеннай выведкі „Вольскага”

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 07.03.2016 15:21
Ці генэрал Войцех Ярузэльскі быў сакрэтным супрацоўнікам вайсковай выведкі?
Архвиное фото: генерал Войцех Ярузельский Архвиное фото: генерал Войцех Ярузельский Источник: фотоархив Польского пресс-агенства (РАР)

Ці генэрал Войцех Ярузэльскі быў сакрэтным супрацоўнікам Ваенных інфармацыйных службаў ПНР? На гэтае пытаньне сьледчыя Інстытуту нацыянальнай памяці шукаюць адказ ня толькі ў дзяржаўных архівах, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.

Расьсьледаваньне па гэтай справе было афіцыйна распачатае 8 студзеня 2016 году на падставе паведамленьня, якое годам раней у ІНП накіраваў пракурор Багуслаў Т. Чарвіньскі (пол. Bogusław T. Czerwiński) з Галоўнай камісіі па расьсьледаваньні злачынстваў супраць польскага народу. Пракурор паведамляў, што былыя камуністычныя актывісты могуць хаваць важныя дакумэнты, у тым ліку датычныя сакрэтнага супрацоўніка вайсковай выведкі пад псэўданімам „Вольскі”.

Нагадаем, паводле гісторыка Пятра Гантарчыка (пол. Piotr Gontarczyk), гэта Войцех Ярузэльскі ў 40-х гадах быў сакрэтным супрацоўнікам Ваенных інфармацыйных службаў пад псэўданімам „Вольскі”, але яго асабовыя справы загінулі ў 70-я гады. Паводле гісторыка, нехта спрабаваў ліквідаваць усе сьляды, якія спалучалі генэрала Ярузэльскага з яго дзейнасьцю агента.

29 лютага паліцыя правяла ператрус у доме памерлага два гады таму генэрала. Ператрус доўжыўся дзесяць гадзін. Паліцыя канфіскавала 17 пакетаў дакумэнтаў. На дадзены момант невядома, чаго яны датычаць.

Шукаючы дакумэнты, датычныя Ярузэльскага, у сярэдзіне мінулага тыдня сьледчыя правялі ператрус таксама ў Гданьску ў доме прафэсара Леха Кабыліньскага (пол. Lech Kobyliński) - былога жаўнера Народнай арміі ПНР, рэктара Гданьскага палітэхнічнага ўнівэрсытэта.

Паводле выданьня „Rzeczpospolita” можна спадзявацца, што сьледчыя ІНП паявяцца таксама ў дамах іншых уплывовых людзей, зьвязаных з папярэдняй палітычнай сыстэмай.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт