Канчатковы прысуд за Нангар Хэль
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
18.02.2016 16:17
Суд вырашыў, што польскія жаўнеры ў афганскай вёсцы няправільна выконвалі загады камандзіраў.
flickr.com
Ваенная палата Вышэйшага суду Польшчы вырашыла, што ў 2007 годзе ў афганскай вёсцы не было зьдзейсьнена ваеннае злачынства, а польскія жаўнеры толькі няправільна выконвалі загады камандзіраў. Прысуд правамоцны, аднак адвакаты заявілі, што будуць падаваць апэляцыю.
Справа доўжыцца дзевяць гадоў. У жніўні 2007 году ў Нангар Хэль накіраваўся польскі патруль. Жаўнеры павінны былі прадэманстраваць сілу перад талібамі, паколькі раней блізу гэтай вёскі на іх міну наехаў польскі бронетранспарцёр. У вёсцы якраз адбывалася вясельле. Шэсьць чалавек былі забіты, тры атрымалі раненьні.
Пракуратура 7-мі жаўнерам вынесла абвінавачаньне ў зьдзяйсьненьні ваеннага злачынства. Капітан і два жаўнеры былі ачышчаныя з закідаў, на далейшы разгляд паступіла справа чатырох іншых салдат плютону. Пракуратура падтрымала абвінавачаньні і запатрабавала ад 5 -12 гадоў пазбаўленьня волі ды выплаты агулам $20 тысяч кампэнсацыі родным і ахвярам атакі на вёску.
Ваенны суд у Варшаве вырашыў, што ваеннага злачынства не было, аднак жаўнеры няправільна выконвалі загады і неасьцярожна абыходзіліся са зброяй. У выніку траім салдатам выдадзены ўмоўны прысуд, аднаму ўмоўна спынена справа, хаця суд прызнаў яго віну. Пракуратура і абарона ізноў унесьлі апэляцыю. Першыя надалей патрабавалі суду за ваенныя злачынствы, а адвакаты – апраўданьня.
Ваенная палата Вышэйшага суду вырашыла, што апэляцыя не абгрунтаваная і пакінула прысуд у сіле.
Камандзіры і тагачасны міністар нацыянальнай абароны заклікаюць прэзыдэнта Дуду памілаваць жаўнераў.
Бальшыня салдат, зьвязаных са справай Нангар Хэль, адышла з арміі, застаўся толькі адзін зь іх.
Rzeczpospolita/яс