Logo Polskiego Radia
Print

Невядомы твар кардынала Вышыньскага

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 17.02.2016 15:43
Абвінавачваны ў антысэмітызьме кардынал Стэфан Вышыньскі ў час вайны дапамагаў габрэям.
Прымас Стэфан Вышыньскі(1901–1981).Прымас Стэфан Вышыньскі(1901–1981).Photo: PAP/CAF

Часы вайны – гэта найменш вывучаны пэрыяд у жыцьці польскага кардынала Стэфана Вышыньскага. Гісторыкі даўно падазравалі, што падчас вайны будучы прымас Польшчы дапамагаў габрэям. Аднак доказаў яны не знайшлі, а сам Вышыньскі ніколі гэтым не хваліўся, нагадае выданьне „Rzeczpospolita”.

Журналісты пазнаёміліся з паказаньнямі сьведкаў, якія пацьвярджаюць асабістае заангажаваньне іерарха ў дапамогу габрэям.

Ядвіга Карвоўска сёньня пражыве ў Любліне. Калі пачалася вайна, ёй было 11 гадоў. Яе бацькі - Эдвард і Станіслава - працавалі ў маёнтку на Любліншчыне, які належаў манашкам з ордэну Францішканак. Манашкі вялі цэнтар апекі над сьляпымі, перанесены туды з падваршаўскай мясцовасьці Ляскі (поль. Laski). Восеньню 1941 году ў цэнтар прыбыў Стэфан Вышыньскі, які тады хаваўся ад Гестапа.

Жанчына расказвала, што ў дзень у маёнтку працавалі габрэі, а ноччу яны хаваліся на гарышчы. „Мой бацька разам з ксяндзом Вышыньскім дапамагалі ім туды залезьці, а лесьвіцу выносілі ў сад, каб не было ніякіх сьлядоў, што нехта знаходзіцца на гарышчы”, - расказвала Карвоўска. Гэта яна пацьвердзіла таксама ў размове з журналістамі.

Сьведчаньне спадарыні Карвоўскай супадае са сьведчаньнем, якое некалькі гадоў таму дала манашка Яанна Лёсаў (поль. Joanna Lossow).

Эва Чачкоўска (поль. Ewa K. Czaczkowska) - аўтарка манумэнтальнай біяграфіі кардынала Вышыньскага, прызнае, што яна ніколі ня чула пра тое, што ён дапамагаў габрэям.

„Гэтыя сьведчаньні – гэта чарговыя аргумэнты за тое, каб абвергнуць абвінавачваньні некаторых асяродзьдзяў у тым , што кардынал быў антысэмітам”, - кажа жанчына. Яна нагадае, што менавіта ў антысэмітызьме прымаса абвінавачваў гісторык Ян Томаш Грос (поль. Jan Tomasz Gross).

Паводле Паўла Скібіньскага (поль. Paweł Skibiński) з Варшаўскага ўнівэрсытэта – гісторыка, які займаецца вывучэньнем архіваў Стэфана Вышыньскага, прымас ніколі не хваліўся тым, што ён дапамагаў габрэям, паколькі лічыў гэта нечым нармальным.

Скібіньскі лічыць, што новыя факты дазволяць лепш пазнаць ваенны лёс польскага прымаса, паколькі пра гэты пэрыяд яшчэ мала вядома, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт