Logo Polskiego Radia
Print

76 гадоў таму дэпартавалі першых палякаў з усходняй Польшчы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 11.02.2016 15:31
  • Дэпартацыі.mp3
У 1940-1941 гг. савецкія ўлады правялі чатыры буйныя акцыі дэпартацыі палякаў з усходняй Польшчы.
Вязьні падчас будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала.Вязьні падчас будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала.Photo: pl.wikipedia.org/Domena publiczna

У лютым 1940 году ў Польшчы пачалася першая масавая ссылка палякаў у Сыбір.

Дэпартацыі павінны былі, між іншым, зьнішчыць сацыяльную структуру краіны й забясьпечыць Савецкі Саюз таннай працоўнай сілай.

Паводле дадзеных НКВД, агулам з усходняй Польшчы ў глыб СССР былі вывезеныя 320 тысяч чалавек. Паводле „Зьвязу сыбірскіх ссыльных” (пол. Związek Sybiraków) - 1 мільён 350 тысяч, а паводле гісторыкаў - па меншай меры 800 тысяч чалавек.

10 лютага 1940 году НКВД пачаў масава высяляць польскіх грамадзян з усходніх ускраін Польшчы. У Сыбір і Казахстан вывазілі ўсе сем'і чыноўнікаў, судзьдзяў, супрацоўнікаў паліцыі й землеўладальнікаў.

Пачалася трагедыя мільёнаў людзей, нагадвае прафэсар гісторыі Войцэх Рашкоўскі.

Войцэх Рашкоўскі: 10 лютага функцыянэры НКВД увайшлі ў сотні тысяч вёсак, гарадкоў і дамоў жыхароў усходніх ускраінаў тагачаснай Польшчы. Яны загадалі цягам гадзіны сабраць неабходныя рэчы.

Ужо сама паездка ў цяплушках была нейкай разнавіднасьцю катаваньня, дадае гісторык.

Войцэх Рашкоўскі: Падарожжа працягвалася многія дні, або тыдні, у залежнасьці ад месца прызначэньня. Нагадаю, гэта быў люты й мароз, а людзі не былі падрыхтаваныя. У гэтых цягніках адныя дзеці нараджаліся, іншыя паміралі. Там былі старэйшыя й хворыя людзі. У вагонах адбываліся трагічныя падзеі. Людзі не атрымлівалі ежы, або, напрыклад, ім давалі салёную рыбу, але не давалі вады. Можна сказаць, што ўжо сам транспарт быў ня толькі пачаткам цяжкага выпрабаваньня, але і катаваньнем.

Кшыштаф Ланьцуцкі, які зараз жыве ў Мэльбурне, 76 гадоў таму разам з маці быў прымусова дэпартаваны ў Казахстан. Да гэтага дня мужчына ўспамінае кашмар гэтых дзён.

Кшыштаф Ланьцуцкі: Цяплушка, больш за 30 чалавек і ніякага туалету. Жанчыны самі выдзелілі адно месца занавескамі й там зрабілі туалет, то бок звычайную дзірку ў падлозе. У гэтых вагонах былі маленькія вакенцы з кратамі. Мы едзем, куды – самі ня ведаем. Падарожжа працягвалася, а вагоны былі зачыненыя звонку. Час ад часу, то бок раз на некалькі дзён цягнік спыняўся. Калі нехта паміраў, напрыклад, немаўляты, то целы загадвалі выкідваць з вагонаў.

Кшыштаф Ланьцуцкі, сын польскага афіцэра, забітага ў Катыні, пакінуў Сыбір з польскай арміяй, якую ў Савецкім Саюзе арганізаваў Уладзіслаў Андэрс.

Ён пабываў у Афрыцы й на Блізкім Усходзе, а пасьля вайны разам з маці апынуўся ў Аўстраліі, дзе жыве па сёньняшні дзень.

Праведзеная ў лютым першая масавая дэпартацыя палякаў з усходняй Польшчы была найбольш трагічнай, нагадвае гісторык зь Беластоцкага аддзела Інстытуту нацыянальнай памяці Ежы Мілеўскі.

Ежы Мілеўскі: Першая дэпартацыя была зусім нечаканая. Між іншым, таму яна й была адной з найбольш трагічных. Яна праходзіла ў вельмі цяжкіх умовах надвор’я - у мароз, які сягаў некалькіх дзясяткаў градусаў Цэльсія.

Вывазкі, якія прайшлі ў лютым, закранулі цэлыя сем'і, між іншым, лесьнікоў і ваенных пасяленцаў, а таксама ўрадавых чыноўнікаў, дадае Ежы Мілеўскі.

Ежы Мілеўскі: Вывазкі былі накіраваныя на тое, каб вывезьці з гэтага рэгіёну ўсіх, хто ў будучыні мог стаць стрыжнем новага руху супраціву ці партызанкі. Вядома, лясьнікі – людзі, якія добра ведаюць мясцовы лес, а ваенныя пасяленцы – асобы, якія прайшлі вайсковую падрыхтоўку.

Тое, што здарылася з сотняй тысяч палякаў з усходніх ускраін Польшчы – гэта неймаверныя пакуты. Таму мы павінны пра гэта памятаць, падкрэсьлівае гісторык Войцэх Рашкоўскі.

Войцэх Рашкоўскі: Да ўсяго гэтага трэба дадаць псыхічны зьдзек, паколькі гэтыя людзі ня ведалі, што будзе адбывацца зь імі пазьней. Толькі ўяўляючы сабе ўсю сытуацыю, можна зразумець трагедыю гэтых людзей. Таму мы павінны заўсёды пра іх памятаць. Гэта наш абавязак.

Першая хваля дэпартацыі палякаў у савецкія лягеры была заплянаванай шырокамаштабнай акцыяй. Дарэчы, у 1940-1941 гадах савецкія ўлады правялі чатыры буйныя акцыі па вывазу насельніцтва з усходніх земляў Польшчы, што афіцыйна называлі „перасяленьнем”.

Некалькі дзясяткаў тысяч палякаў памерла ў выгнаньні ў выніку эпідэміяў розных хвароб, голаду й ад непасільнай працы. Толькі васьмі тысячам удалося вярнуцца на Радзіму.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт