Logo Polskiego Radia
Print

Made in Poland

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 08.02.2016 13:05
Спажыўцы, якія купляюць у інтэрнэце, гатовыя заплаціць за польскі прадукт больш, чым за замежны.
Photo: Ministerio TIC Colombia/flickr/Commercial use allowed

Звыш паловы палякаў, купляючы ў інтэрнэце, зьвяртае ўвагу ня толькі на цану, але таксама на край паходжаньня тавару – піша «Rzeczpospolita». Польскі рынак становіцца сьпелым, а вытворцы вераць, што варта інвэставаць у якасьць прадуктаў і рэпутацыю брэнду, згадваць пра тое, што тавар выраблены ў Польшчы. Большасьць карыстальнікаў інтэрнэту аддае перавагу польскім маркам. Ня трэба ўжо даваць ангельскі назоў фірме, каб дабіцца посьпеху.

Спажыўцы гатовыя заплаціць за польскі прадукт больш, чым за замежны. Партал Ceneo.pl правёў адпаведныя апытаньні, якія паказваюць, што калі замежны прадукт каштуе 100 злотых, то звыш адной трэцяй кліентаў гатовыя заплаціць 110 за такі ж польскі, а 33% – нават 130 злотых.

Спажыўцы асабліва ахвотна купляюць польскія прадукты харчаваньня, хаця часта ім здаецца, што польскай зьяўляецца фірма, у якой даўно ўжо замежныя ўладальнікі, напрыклад, фабрыка шакаляду E. Wedel. Акрамя харчаваньня, палякі часта купляюць вырабленыя ў Польшчы торбы, вопратку, абутак і мэблю. Замежныя гандлёвыя сеткі заўважылі гэтую тэндэнцыю, і ў сваіх крамах падкрэсьліваюць, колькі прадуктаў мае польскае паходжаньне.

«Прайшоў ужо час, калі польскія брэнды былі горшыя, чым замежныя. Тым ня менш, трэба зрабіць усё магчымае, каб Польшча стварыла сваю глябальную марку, якая была б вядомая на ўсім сьвеце. Інакш на нашым рынку будуць зарабляць перш за ўсё замежныя вытворцы», – адзначае дырэктар парталу Ceneo.pl Марцін Лахайчык.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт