Logo Polskiego Radia
Print

Дуда – першая лэдзі іншая, чым папярэднія

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 09.01.2016 16:03
Паводле камэнтатараў, жонка Анджэя Дуды значна прычынілася да яго перамогі на выбарах.
Зьлева на права: папярэдняя прэзыдэнцкая пара (Анна й Браніслаў Камароўскія) і актуальны кіраўнік дзяржавы з жонкай (Анджэй Дуда й Агата Корнгазуэр-Дуда).



Зьлева на права: папярэдняя прэзыдэнцкая пара (Анна й Браніслаў Камароўскія) і актуальны кіраўнік дзяржавы з жонкай (Анджэй Дуда й Агата Корнгазуэр-Дуда). Photo:pl.wikipedia.org

Жонка прэзыдэнта Анджэя Дуды – Агата Корнгаўзэр-Дуда выразна адрозьніваецца на фоне жонак папярэдніх кіраўнікоў Польшчы. Яна не дае інтэрвію СМІ й надалей працуе, але бясплатна, паведамляе тыднёвік „Wprost”.

Паводле камэнтатараў, жонка Анджэя Дуды значна прычынілася да яго перамогі ў прэзыдэнцкіх выбарах, а цяпер зьяўляецца адным з важнейшых элемэнтаў яго прэзыдэнцтва.

Калі яна суправаджае мужа падчас замежных візытаў, то ейнае адзеньне нязьменна выклікае зацікаўленьне замежных СМІ. Перш за ўсё, яно сьведчыць пра добры густ першай лэдзі, што ў дыпляматыі мае немалое значэньне.

Крыніца ў прэзыдэнцкім офісе паведаміла, што жонка польскага прэзыдэнта, па адукацыі германістка, надалей вучыць дзяцей у школе, але бясплатна.

Тым часам праца зь дзецьмі, гэта не адзіная актыўнасьць Агаты Дуды. Жонку прэзыдэнта запрашаюць розныя асяродзьдзі. Апрача таго сьпіс афіцыйных візытаў, у якіх яна суправаджае мужа, сапраўды доўгі.

Цікава, што прэзыдэнцкая пара, у адрозьненьне ад папярэдніх, не дазваляе фатаграфаваць сябе падчас дабрачынных мерапрыемстваў.

Так сталася, напрыклад, падчас перадкаляднага візыту Анджэя Дуды ў Анкалягічную клініку ў Цэнтры здароўя дзіцяці.

„Яны нават ня думалі аб тым, каб фатографы рабілі ім здымкі падчас размоваў з хворымі дзецьмі. Яны ня хочуць рабіць уражаньня, што наведваюць іх для ўласнай рэклямы”, - кажа адзін з урадавых палітыкаў.

Аднак палітоляг з Варшаўскага ўнівэрсытэту Войцех Яблоньскі лічыць, што першая лэдзі павінна вызначыць плян сваёй дзейнасьці ў Прэзыдэнцкім палацы.

„Мы шмат чаго спадзяваліся ад Агаты Дуды, але яна не выконвае гэтых спадзяваньняў. Яна – маці й жонка прэзыдэнта, як Анна Камароўская, а мела быць некім зусім іншым”, - кажа палітоляг.

Паводле яго, „засакрэчваньне” дзеяньняў першай лэдзі ў даўжэйшай пэрспэктыве толькі пашкодзіць Анджэю Дуду.

Войцех Яблоньскі асьцерагаецца, што новая прэзыдэнцкая пара паўторыць памылку сваіх папярэднікаў – Браніслава й Анны Камароўскіх.

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі жонку Камароўскага абвінавачвалі ў тым, што ейная дзейнасьць абмяжоўвалася выключна суправаджэньнем мужа падчас афіцыйных візытаў і дабрачынных мерапрыемстваў, нагадае тыднёвік „Wprost”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт