Logo Polskiego Radia
Print

Год трыюмфу ўладаў, эканамічнага крызысу й нараджэньня надзеі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 30.12.2015 20:03
  • Год трыюмфу ўладаў, эканамічнага крызысу й нараджэньня надзеі.mp3
2015 год падарыў беларусам ня толькі крызыс, але й сусьветную славу.
pixaby.com

2015 быў годам эканамічнага крызысу, прэзыдэнцкіх выбараў, палітычнай апатыі й «падатку на дармаедаў». Але разам з тым адыходзячы год падарыў і мноства сьветлых навінаў. «Цяпер мы ёсьць. Цяпер усе ведаюць, дзе знаходзіцца Беларусь», – заявіла ў Стакгольме першая беларуская Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч. Павал Усаў і Аляксандар Папко прыгадваюць падзеі, якія клапаталі й радавалі беларусаў у адыходзячым годзе.

Менскія пагадненьні: Лукашэнка стаў «стабілізатарам» і міратворцам

2015 год стаў годам трыюмфу зьнешняй палітыкі Менска. Аляксандар Лукашэнка перастаў быць ізгоем на міжнароднай арэне. 11 лютага яму ўдалося запрасіць у Менск прэзыдэнтаў Украіны, Расеі, Нямеччыны й Францыі, каб падпісаць дамову аб спыненьні агню ў Данбасе. Летам і восеньню Лукашэнка зрабіў шэраг крокаў насустрач Захаду. 22 жніўня на волю былі выпушчаныя ўсе палітвязьні, а 11 кастрычіка Лукашэнка ціха «правеў» прэзыдэнцкія выбары – без традыцыйнага зьбіцьця маніфэстантаў і масавых арыштаў. Ужо 31 кастрычніка санкцыі Эўразьвязу былі замарожаныя на 4 месяцы. Чым растлумачыць такую перамену стасункаў? Ці збліжэньне з Эўропай гарантуе, што перасьлед іншадумцаў ня вернецца?

П. Усаў: Зьбіцьця й масавых арыштаў не адбылося, бо не было каго арыштоўваць. Пасьля выбараў не было масавых акцыяў пратэсту. А прычынай збліжэньня Менска з Захадам зьяўляецца напружаная сытуацыя ва Ўкраіне і непрадказальныя паводзіны Расеі. Эўропа напужаная Майданам і вайной ва Ўкраіне, вайной у Сірыі, якая таксама стала вынікам рэвалюцыі. Захад расчараваны ў рэвалюцыях. Гэта грае на карысьць Лукашэнкі, якія пазыцыянуе сябе як той, хто запэўнівае мір і стабільнасьць. Захад гэтым задаволены. Пытаньні правоў чалавека і дэмакратызацыі адышлі на другі плян. А што тычыцца рэпрэсіяў – то яны нікуды і не зьнікалі. Як толькі зьявяцца пагрозы для рэжыму – рэпрэсіі зноў пусьцяць у ход.

Эканамічны крызыс: улады адміволіся праводзіць рэформы

Аднак звычайным людзям 2015-ты запомніцца як год эканамічных праблемаў. Гэта быў год, калі гіганты прамысловасьці працавалі па чатыры дні на тыдзень, калі заробкі ў даляравым эквіваленце ўпалі ў паўтара разы, а ўлады ўвялі абсурдны падатак на дармаедзтва. Падзеньне сусьветных цэнаў на нафту балюча ўдарыла ня толькі па Расеі, але й па Беларусі. Упершыню з 1995 года ў краіне назіраўся эканамічны спад. Ані чарговыя нафтавыя прэфэрэнцыі Масквы, ані пастаўкі ў Расею эўразьвязаўскіх прадуктаў у абыход забаронаў не дазволілі паправіць фінансавае становішча дзяржавы. Шукаючы грошай, улады ўзмацнілі ціск на бізнэс. Ці вернецца сытуацыя ў эканоміцы да ранейшай і калі?

П. Усаў: Без рэформаў палепшыць эканамічную сытуацыю немагчыма. Вяртаньне ў «тлустыя» гады без рэформаў магчымае толькі тады, калі барэль нафты зноў будзе каштаваць больш за 100 даляраў, а міжнародныя санкцыі з Расеі будуць зьнятыя. Аднак гэта ў бліжэйшы час малаверагодна. Тым ня менш, Лукашэнка ўжо некалькі разоў заяўляў, што праводзіць рэформы ён не зьбіраецца, а грошы будзе шукаць, ціснучы на чыноўнікаў і прадпрымальнікаў. Такім чынам, у наступным годзе беларуская дзяржава будзе жыць коштам выцісканьня грошай з грамадзтва.

Чарговыя «элегантныя» выбары: страх перад крывёю пераважыў грамадзкае абурэньне

Галоўнай унутрыпалітычнай падзеяй, напэўна, сталі выбары прэзыдэнта. Але прайшлі яны ў атмасфэры выключнай апатыі і фаталізму. Згодна з дадзенымі НІСЭПД, на сёлетніх выбарах Лукашэнка набраў найменш за ўсю гісторыю – толькі 50,8%. Яго канкурэнтка Тацьцяна Караткевіч набрала каля 22%. Аднак грамадзтва ніяк не адрэагавала на тое, што Лукашэнка намаляваў сабе «элегантныя» 83%. Грамадзтва страціла веру ў тое, што перамены магчымыя – кажуць аналітыкі. Чаму так адбылося і ці вера страчаная назаўсёды?

П. Усаў: Усё ж-такі фактар Майдану і крыві, якая пралілася ва Ўкраіне, паспрыяў беларускім уладам. Нават радыкальная частка беларускага грамадзтва поўнасьцю адкінула ідэю рэвалюцыі. Я думаю, апатыя пратрымаецца доўга. Усё залежыць ад таго, як складзецца сытуацыя ва Ўкраіне – а там паляпшэньня эканамічнага становішча не бачна. Усё залежыць і ад таго, як глыбока ўпадзе сацыяльна-эканамічнае самаадчуваньне беларусаў. Нельга выключаць бунтаў, але не палітычных, а эканамічных. Падчас іх будуць гучаць патрабаваньні не свабодаў, а паляпшэньня эканамічнай сытуацыі.

Нобэль для Сьвятланы Алексіевіч: у беларусаў зьявіўся сусьветна прызнаны маральны аўтарытэт?

2015 год стаў годам прарываў у галіне культуры і адукацыі. У траўні Беларусь далучылася да Балёнскага працэсу. Беларускае слова й сымболіка часьцей пачалі ўжывацца ў публічнай прасторы. Грамадзтву ўдалося абараніць курсантаў Ястрамбельскай кадэцкай вучэльні, якія не пабаяліся выказаць пашану гербу «Пагоня». Аднак самай галоўнай падзеяй стала ўручэньне Нобэлеўскай прэміі беларускай пісьменьніцы Сьвятлане Алексіевіч. Яе прамова на ўрачыстым банкеце гучала як эпітафія «чырвонаму чалавеку» і прадвесьце новага жыцьця. Наколькі знакавая гэта падзея? Ці ўсю Беларусь таксама чакае адыход ад савецкай аўтарытарнай спадчыны пошук свабоды й свайго «я»?

П. Усаў: Калі літаратурная перамога Сьвятланы Алексіевіч пяройдзе ў новую маральную якасьць, то дэмакратычныя перамены ў Беларусі пойдуць лягчэй і хутчэй. Аднак хуткасьць гэтых пераменаў залежыць і ад самой Сьвятланы Алексіевіч. Яна атрымала вялікі маральны, ідэалягічны рэсурс. Яна можа стаць маральным аўтарытэтам, духоўным лідарам беларусаў. Але для гэтага спадарыні Сьвятлане трэба ўстаць з-за пісьменьніцкага стала і ўзяць на сябе адказнасьць за фармаваньне новага беларускага грамадзтва.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт