Logo Polskiego Radia
Print

Узровень злачыннасьці падае

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 18.12.2015 15:11
У Польшчы гэта зьвязана перш за ўсё са зьмяншэньнем долі маладога насельніцтва.

Надоечы выйшла пятае выданьне пад назваю «Атляс злачыннасьці ў Польшчы». Яго рэгулярна друкуе Інстытут юстыцыі. У публікацыі прасочваецца выразная тэндэнцыя – паніжаецца ўзровень усіх відаў злачыннасьці – піша Dziennik Gazeta Prawna. У Польшчы з кожным годам становіцца ўсё менш забойстваў, крадзяжоў, разбойных нападзеньняў. Што цікава, злачыннасьць звужаецца таксама ў іншых краінах сьвету, гэта глябальная тэндэнцыя – адзначае дырэктар Інстытуту юстыцыі прафэсар Анджэй Сямашка. У Польшчы гэта зьвязана перш за ўсё са зьмяншэньнем долі маладога насельніцтва. Па-першае, нараджаецца менш дзяцей, а па-другое, маладыя людзі выяжджаюць на эміграцыю. Але ёсьць краіны, дзе колькасьць моладзі не зьмяншаецца, а злачынстваў менш.

Экспэрты-крыміналісты прывыклі тлумачыць прычыны росту злачыннасьці, не заўсёды яны ў стане растлумачыць адваротныя тэндэнцыі. Але яны заўважаюць, што крадзяжы матэрыяльных рэчаў, асабліва электронікі, цяпер перастаюць аплачвацца, паколькі гэтыя рэчы рэзка патаньнелі цягам апошніх гадоў. Акрамя таго, паліцыя працуе ўсё больш эфэктыўна, таму злодзей пралічвае, ці рызыка яму аплачваецца. У гарадах паяўляецца ўсё больш відэакамэр, вуліцы лепш асьветленыя, і гэта таксама павышае бясьпеку.

Традыцыйная злачыннасьць звужаецца, але гэта не азначае, што паліцыі пагражае беспрацоўе. На нашых вачах зьмяняецца характар злачынстваў. З рэальнага жыцьця яны ў вялікай ступені пераносяцца ў віртуальнае. Банды, якія раней займаліся крадзяжамі ці разбойнымі нападзеньнямі, цяпер атрымліваюць большы даход з эканамічных злачынстваў, напрыклад, махінацый з падаткам на дададзеную вартасьць.

Dziennik Gazeta Prawna/пераклад нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт