Logo Polskiego Radia
Print

Эўропа ў паласе небясьпекі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 13.12.2015 10:30
  • Эўропа ў небясьпецы.mp3
Амэрыка крытыкуе Эўропу за няздольнасьць выйсьці з крызысу.

Паводле словаў амэрыканскіх экспэртаў, у Эўразьвязе шырыцца грунт пад прыходам папулістаў да ўлады.

На Захадзе назіраецца крызыс сучасных палітычных ідэалёгій. Гэта тычыцца як правых сілаў, так левых. Гэтым карыстаюцца папулісты, набіраючы падтрымку сярод эўрапейскіх грамадзтваў. Такое меркаваньне агучыў у размове з Польскім радыё амэрыканскі экспэрт, дырэктар Цэнтру дасьледаваньняў эўрапейскай палітыкі Вэс Мітчэл. Паводле ягоных словаў, Эўропа знаходзіцца ў вельмі важным гістарычным моманце, калі трэба адказаць на пытаньне пра будучыню Эўрапейскага Зьвязу.

Бачна, як у Эўропе набіраюць сілу папулісты, іх моц бярэцца з расчараваньня існуючымі палітычнымі падзеламі.

Вэс Мітчэл: У шматлікіх краінах Захаду дамінуе пачуцьцё, што дзяржава ды Эўразьвяз ня могуць забясьпечыць базавых элемэнтаў грамадзкай бясьпекі й парадку. Ідзецца тут пра эканоміку, вайсковыя справы ды бясьпеку межаў. Гэта азначае, што ў Эўропе, на Захадзе шырыцца крызыс, ён больш глыбокі, чым некаторым здавалася. У гэтай атмасфэры добра пачуваюцца папулісты. Яны граюць на пачуцьці людзей, што цяперашнія палітыкі не ўпільнавалі спраў у важных сфэрах.

На думку экспэрта, Эўразьвязу пакуль не пагражае распад, але Эўрапейская супольнасьць павінна пачаць рыхтавацца да рэформаў, бо цяперашняя мадэль ня спраўдзілася.

Вэс Мітчэл: Гледзячы на сытуацыю ўнутры ЭЗ, у першую чаргу трэба вырашыць, як будуць разьвівацца адносіны паміж наймагутнейшай эканомікай ЭЗ – Нямеччынай – ды рэштай Эўропы. У першую чаргу ў эканамічнай сфэры. Крызыс у зоне эўра паказаў, што цяпер мы маем моцную Нямеччыну, якая павялічвае свой экспарт, ды слабыя эканомікі вакол яе, што абапіраюцца ў асноўным на спажываньні й сацыяльных патрабаваньня. Гэткая мадэль доўга не ўтрымаецца.

Тым больш, кажа адмысловец, што гэтаму эўрапейскаму парадку пагражае з Усходу агрэсыўная Расея.

Вэс Мітчэл: Па суседзтву мы маем надзвычай сур’ёзную праблему, якая нікуды ня зьнікне сама па сабе. Гэтая праблема называецца аўтарытарная Расея, якая вядзе вельмі спрытную тактычную гульню, валодае велізарнымі вайсковымі рэсурсамі. Крэмль рашуча імкнецца да таго, каб ізаляваць Польшчу ды Цэнтральную Эўропу, разьбіць адзінства НАТО ды аслабіць эўрапейскі парадак у гэтым рэгіёне.

Гэтымі праблемамі Эўропа павінна заняцца як мага хутчэй. У адваротным выпадку экспэрт не выключае яшчэ больш глыбока крызысу на эўрапейскім кантынэнце, які можа прывесьці да значных геапалітычных зьмен.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт