Logo Polskiego Radia
Print

Эўропа заканчвае з адкрытасьцю межаў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 20.11.2015 15:30
  • Пад пытаньнем Шэнген.mp3
Пад пытаньнем далейшае існаваньне прасторы Шэнген.

Тэракты ў Парыжы выклікалі рэакцыю ня толькі ў Францыі, але ва ўсёй Эўропе. Усё больш краін пачынае казаць пра вяртаньне да рэжыму аховы межаў.

Першай рэакцыяй на напад тэрарыстаў на францускую сталіцу сталі масавыя паліцэйскія акцыі па розных краінах ЭЗ. У Францыі ды Бэльгіі паліцыя праводзіла рэйды ў кварталах, дзе жывуць імігранты. У Нямеччыне таксама на вуліцы выйшлі ўзмоцненыя патрулі. Славаччына за тыдзень пасьля выбухаў арыштавала 20 замежнікаў за незаконны пераход мяжы. Да закрыцьця межаў урад заклікаюць брытанцы.

Паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў, большасьць ангельцаў хоча абмежаваць свабодны прыезд з іншых краін ЭЗ. З Лёндану перадае карэспандэнт Польскага радыё Адам Дамброўскі.

Адам Дамброўскі: Ці Вы падтрымліваеце закрыцьцё межаў Вялікабрытаніі з ЭЗ, каб ніхто ня мог сюды на пастаяннае жыхарства прыехаць? На гэта пытаньне 53% апытаных адказала так. Супраць выступаюць толькі 30%. У адказ на гэта брытанскі міністар па эўрапейскіх справах Дэйвід Лівінгтон заявіў, што ў брытанскім грамадзтве няма даверу да інструмэнтаў аховы парадку ў іншых краінах ЭЗ. На выспах дамінуе перакананьне, што Эўразьвяз слаба ахоўвае свае зьнешнія межы. 80% брытанцаў хочуць ліквідацыі Шэнгенскай зоны. 55% апытаных супраць прыняцьця сырыйскіх уцекачоў. 29% - за.

Да канкрэтных крокаў рыхтуецца швэдзкі ўрад. Афіцыйны Стакгольм заявіў, што Эўразьвяз павінен увесьці абавязковыя праверкі біямэтрычных пашпартоў на зьнешніх межах ЭЗ. Гэта рэакцыя на тое, што з краіны зьехала некалькі соцень чалавек ваяваць у Сырыі, а ўрад лагодна ставіўся да тэрарыстычнай пагрозы. Гаворыць швэдзкі прэм’ер Стэфан Лёвэн.

Стэфан Лёвэн: Нам было цяжка прыняць сьвядомасьць таго, што ў нашым адкрытым грамадзтве, сярод нас, могуць знаходзіцца людзі, швэдзкія грамадзяне, якія сымпатызуюць катам з Ісламскай дзяржавы. Гэтаксама цяжка нам пагадзіцца з тым фактам, што 70 гадоў пасьля Галакосту існуюць фашыстоўскія ды іншыя экстрэмісцкія групоўкі, якія перакананыя, што могуць пагражаць іншым ды забіваць іх.

У такой сытуацыі Швэцыя дамагаецца ўзмацненьня сродкаў бясьпекі, у тым ліку праз пашырэньне паўнамоцтваў спэцслужбаў.

Іншая эўрапейская дзяржава сёньня ў Брусэлі падчас саміту эўрапейскіх міністраў унутраных спраў высунула прапанову стварыць міні-Шэнген, а для астатніх зачыніць межы. З Брусэля перадае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка.

Бэата Пламэцка: Ідэю стварыць міні-Шэнген высунула Галяндыя, якая хоча такім чынам кантраляваць прыток імігрантаў ды ўцекачоў. Амстэрдам запрапанаваў краінам Бэнілюксу, Нямеччыне ды Аўстрыі паглыбіць супрацоўніцтва ў гэтай сфэры, каб забясьпечыць для сваіх грамадзян права на свабоднае перасоўваньне. Грамадзяне іншых 21-ой краін ЭЗ былі б абмежаваныя. Эўрапейская Камісія пакуль не камэнтуе дадзенай інфармацыі, спасылаючыся на адсутнасьць фармальнай інфармацыі па гэтым пытаньні. У Брусэлі кажуць, што насамрэч галяндзкая прапанова скіравана супраць Грэцыі ды Італіі, каб яны больш дакладна займаліся рэгістрацыяй ды праверкай эмігрантаў. У адваротным выпадку, яны могуць апынуцца па-за зонай Шэнген. Іншыя кажуць, што гэта й пакараньне для краін Цэнтральнай Эўропы, якія не пагаджаюцца прымаць у сябе ўцекачоў.

У сваю чаргу ў Польшчы палітыкі перакананыя, што дадзеная мера не вырашыць цяперашніх праблем Эўропы з імігрантамі. Пра гэта журналістам паведаміў прэзыдэнцкі міністар Кшыштаф Шчэрскі.

Кшыштаф Шчэрскі: Размова ідзе ня проста пра тое, як забясьпечыцца ад вайны ў непасрэдным суседзтве, а ў Эўропе, кажучы словамі францускіх лідараў. На такое пытаньне адказы павінны быць больш глыбокія, чым ідэя закрыцьця ў вузкім коле дзяржаў. Гэта не адказ на той выклік, перад якім мы апынуліся.

Варшава заклікае займацца не стварэньнем вузкіх груп унутры ЭЗ, а разам працаваць на ўзмацненьне аховы вонкавых межаў Эўразвязу. Пра гэта ў Брусэлі казаў польскі міністар ўнутраных спраў Марыюш Блашчак.

Марыюш Блашчак: Ідзецца не пра тое, каб кагосьці выключаць, ідзецца пра ўмацаваньне бясьпекі Польшчы ды Эўразьвязу.

У Брусэлі міністры ўнутраных спраў ЭЗ дамовіліся пра тое, што трэба ўзмацніць ахову зьнешніх межаў Эўразьвязу. Аднак унутры краін-чальцоў расьце грамадзкае незадавальненьне ды запатрабаваньне на больш рэзкія крокі, у тым ліку й абмежаваньне свабоды перасоўваньня ўнутры аб’яднанай Эўропы.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт