Logo Polskiego Radia
Print

Канец капіталізму

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 14.11.2015 17:50
Прадказвае выданьне “Dziennik Gazeta Prawna” і шукае адказу, які эканамічны лад прыйдзе на зьмену.
glowimages

Паводле газэты, якая цытуе заходніх дасьледчыкаў, капіталізм праіснуе яшчэ 20 альбо 40 гадоў.

Гэты распад закадаваны ў самой натуры капіталізму, у яго ўнутранай супярэчнасьці. Гэта з аднаго боку патрэба пастаяннага пашырэньня ды разьвіцьця, што вынікае з жаданьня максымізаваць даходы, а з другога абмежаванасьць рэсурсаў ды недасканаласьць рынку. Сёньня гэта прывяло да зьяўленьня вялізарных міжнародных карпарацый, якія з часам губляюць дынаміку ды элястычнасьць, абрастаючы бюракратычным панцырам. Яны блякуюць магчымасьці разьвіцьця для наступнікаў і канкурэнтаў.

Гэта прывяло да таго, што разам з пачаткам крызысу ў 2008-м годзе ўсё больш працэсаў сьведчаць пра тое, што капіталізм вычарпаў магчымасьці для разьвіцьця. Гэта вынікае з таго, што вычарпаліся крыніцы даходу для капіталу, якія ня мае куды ўцякаць у пошуку таннай працоўнай сілы, і няма новых сфэр эканомікі, асабліва месцаў працы для сярэдняга клясу. Капіталістычны лад топчацца на месцы, у структурным крызысе. Рост грамадзкага незадавальненьня ды новыя міграцыйныя працэсы могуць прывесьці да разбурэньня гэтага ладу, піша выданьне.

Тут зьяўляецца пытаньне: што далей? Выданьне зазначае, што частка экспэртаў бачаць дзьве сьцежкі. Першая – гэта “сьцежка з Давос”, то бок улада застанецца ў руках багацеяў, якія не захочуць дзяліцца сваім багацьцем зь беднымі, і будуць рабіць усё любымі сродкамі, каб суцішыць любыя праявы незадавальненьня. Разам з гэтай палітыкай завершыцца й гісторыя прадстаўнічай дэмакратыі й усеагульнага выбарчага права. Другая магчымая сьцежка – гэта палітыка дробных зьменаў, кшталту “больш роўнасьці, экалягічнай эканомікі ды гаспадаркі ведаў”, якая дасьць глябальны эфэкт і зьяўленьне глябальнага ўраду, які будзе спрыяць больш ўстойліваму разьвіцьцю з выраўноўваньнем узроўню паміж багатым цэнтрам ды беднымі пэрыфэрыямі. Гэты сцэнар газэта называе ўтапічным і зазначае, што больш верагодны будзе пастаянны цыкл зьменаў і балянсаваньня паміж рынкавай эканомікай ды цэнтральным плянаваньнем.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт