Расея некалі дазволіла краінам СССР стаць сувэрэннымі, а цяпер мае права захаваць сваю сфэру ўплываў. Такую заяву зрабіла ў Варшаўскім унівэрсытэце знакаміты францускі гісторык, сакратар Францускай акадэміі Элен Карэр д’Анкос, прадстаўляючы сваю новую кнігу «Шэсьць гадоў, якія зьмянілі сьвет. Падзеньне савецкай імпэрыі». Дыскусія пра прычыны падзеньня СССР перарасла ў спрэчку пра палітыку Эўразьвязу ў дачыненьні да Расеі. Зь вядомым францускім навукоўцам размаўляў Аляксандар Папко.
Спадарыня прафэсар, што стала прычынай падзеньня Савецкай сыстэмы: эканоміка ці палітыка? Ці мог бы Савецкі Саюз утрымацца, калі б ня дзеяньні Гарбачова?
Э. Карэр д’Анкос: Нельга назваць адну прычыну. Усе фактары прывялі да аднаго выніку. Я ня думаю, што калі б не было Гарбачова, СССР бы ўтрымаўся. На пэрыфэрыі савецкай імпэрыі ў розных нацыянальных рэспубліках ужо нарастала незадаволенасьць. І Гарбачоў яе выпусьціў. На самым пачатку ў яго не было намераў глыбока рэфармаваць СССР. Ён хацеў быць генэральным сакратаром партыі, трымаць уладу. Аднак ён быў вымушаны праводзіць рэформы, якія раскрылі ўсе супярэчнасьці савецкай дзяржавы.
Пасьля падзеньня СССР у большасьці постсавецкіх краінаў утварыліся аўтарытарныя рэжымы. А ў некаторых, напрыклад у Беларусі – адрадзілася савецкая камандная эканоміка, якую падтрымліваюць расейскія датацыі. Як доўга прастаяць такія рэжымы?
Э. Карэр д’Анкос: Відавочна, што на чале гэтых дзяржаў стаяць людзі, якіх нарадзіў Савецкі саюз. І іх памкненьне, як усіх савецкіх функцыянэраў – захаваць сыстэму, якая прывяла іх да ўлады. У Лукашэнкі велізарныя амбіцыі. Калісьці ён хацеў стаць на чале саюзу Беларусі й Расеі. Менавіта яго амбіцыі й пахавалі гэтае аб’яднаньне. Беларусь для Расеі – гэта цяжкі саюзьнік, які стварае праблемы. І Расея ня будзе вечна ўскладаць свае надзеі на саюз зь Менскам. Беларусь зьяўляецца важнай часткай Эўразійскага зьвязу, які стварае Ўладзімер Пуцін. Аднак гэты зьвяз нічога ня варты без Украіны. А Ўкраіна, у сваю чаргу, да яго ніколі не далучыцца.
Цяпер мы назіраем вельмі важны паварот Расеі ў бок Азіі. Паколькі эўрапейскія дзяржавы не ўспрымалі Расею за роўную сабе, Масква вырашыла пайсьці ў азіяцкім накірунку. Яна бачыць, што будучыня сьвету будуецца менавіта там. Расея стварыла Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва, далучылася да Арганізацыі азіяцка-ціхаакіянскага супрацоўніца, Канфэрэнцыі ісламскіх дзяржаваў. Расея паволі ўпісваецца ў карціну азіяцкага сьвету, які хутка разьвіваецца.
А што будзе ў канцы гэтай эвалюцыі Расеі? Яна канчаткова сыдзе ў Азію, вернецца ў Эўропу?
Э. Карэр д’Анкос: Працэс, які мы назіраем, пачаўся толькі 15 гадоў таму. Гэта ня так шмат у гістарычным сэнсе. Відавочна, што пляны Пуціна стварыць «пояс бясьпекі» з прылеглых эўрапейскіх краінаў не спрацоўвае. І гэтыя пляны ня будуць рэалізаваныя. Расея стараецца аднавіць статус вялікай дзяржавы, зь якой усе павінныя лічыцца. Удзел Расеі ў сірыйскім канфлікце часткова тлумачыцца менавіта гэтым. Іншая прычына – у тым, што Ісламская дзяржава зьяўляецца пагрозай для Расеі. Нельга забываць пра блізасьць Цэнтральнай Азіі, Афганстану й пра Паўночны Каўказ. Расея змагаецца з тым, што зьяўляецца адным з галоўных выклікаў сучаснага сьвету.
А што адбудзецца ў Эўропе? Ці Украіна і Грузія далучацца да эўрапейскай супольнасьці? Альбо яны ператворацца ў «шэрую зону» замарожаных канфліктаў паміж Эўразьвязам і Расеяй?
Э. Карэр д’Анкос: Я думаю, ва Ўкраіне будзе замарожаны канфлікт. Усе, акрамя, магчыма, украінцаў і палякаў, жадаюць, каб канфлікт у Данбасе замарозіўся. Канешне, Украіна й Грузія маюць права далучыцца да аб’яднанай Эўропы. Аднак Эўразьвяз пашыраўся занадта хутка. Менавіта таму ён не стаў важным гульцом на міжнароднай арэне – ён ня ведае, што з сабой рабіць. Эўразьвяз павінен прайсьці рэканструкцыю. Аднак рэформа Эўразьвязу – гэта пытаньне ўчорашняга дня.
Пытаньне заўтрашняга дня, якое стаіць перад Эўропай амаль тое самае, што і ў Расеі. Расея шукае, як разьвіць стасункі з азіяцкім сьветам, які хутка разьвіваецца, і адначасова захаваць свой эўрапейскі твар, таму што Расея – гэта краіна з эўрапейскай культурай. Вялікія ж эўрапейскія краіны ведаюць, што калі яны ізалююць Расею, то будуць адрэзаныя ад Азіі – паловы эканамічнага сьвету. І гэта для іх зьяўляецца сапраўднай праблемай.
Вы некалькі разоў выказалі меркаваньне, што Расея мае поўнае права стварыць вакол сябе «пояс бясьпекі» з навакольных усходнеэўрапейскіх краінаў. Ці такім чынам вы не адмаўляеце права ўкраінцаў, армянаў, малдаван, грузінаў, беларусаў самім вызначаць сваю будучыню? Калі гэтыя народы захочуць аддзяліцца ад Расеі і пайсьці ў кірунку Эўропы, Эўразьвяз павінен ім адмовіць?
Э. Карэр д’Анкос: Па-першае, яны ўсе даўно незалежныя. І менавіта Расея дала ім незалежнасьць. Наколькі я ведаю, Расея не перашкаджала краінам Балтыі ўвайсьці ва ўсе альянсы, у якія яны хацелі. Армяне патрабуюць дапамогі Расеі, каб быць абароненымі ад Турцыі. Толькі ў выпадку Ўкраіны жаданьне эўраінтэграцыі давяло да трагедыі. І гэта памылка Эўразьвязу, які няўклюдна праводзіў сваю палітыку. Грузіны – зусім іншая справа. Яны маюць сваё месца на Каўказе. Калі яны далучацца да Эўразьвязу – гэта нікога не патурбуе.
З далучэньнем да NATO ўзьнікае больш пытаньняў. Гэта саюз мінулага, а не будучыні. Халодная вайна даўно скончылася. NATO было створана, каб адказаць на выклікі 1945 года. Гэта не нашыя праблемы. Эўропе нельга жыць у мінулым. Нам трэба жыць у сёньняшнім дні. А сёньня галоўныя падзеі – гэта хуткае разьвіцьцё Азіі, хуткае разьвіцьцё Афрыкі.
Як тады, на вашую думку, трэба будаваць адносіны паміж Эўразьвязам і Расеяй?
Э. Карэр д’Анкос: У ідэале, пасьля таго як Эўразьвяз рэфармуецца, калі ён захоча мець адчыненае вакно ў Азію, ён павінен даць статус партнэраў Расеі і Турцыі. Гэта павінен быць статус сапраўдных партнэраў, які з аднаго боку, зьвяжа гэтыя краіны з Эўропай, а з другога – павысіць значэньне Эўропы ў сьвеце.
Сакратар Францускай акадэміі Ален Карэр д’Анкос – далёка ня першы інтэлектуал, які лічыць, што Францыя павінныя ахвяраваць інтарэсамі малых постсавецкіх краінаў, каб захаваць добрыя стасункі з Расеяй. Такое меркаваньне пашыранае ў асяродзьдзі францускіх навукоўцаў і палітыкаў – кажа былы карэспандэнт Польскага прэс-агенцтва PAP у Францыі Шымон Луцык, які прысутнічаў на дыскусіі.
«Француская эліта ня столькі захапляецца Ўладзімерам Пуціным, колькі кіруецца халодным разьлікам. Расея для Францыі – гэта важны эканамічны партнэр і партнэр па барацьбе з ісламскім тэрарызмам. У Францыі ёсьць вядомыя інтэлектуалы, якія крытыкуюць палітыку Расеі ў стасунку да суседзяў. Да іх адносяцца гісторык Ален Бэзансон ці нядаўна памерлы публіцыст Андрэ Глюксман. Аднак іх галасы адзінокія ў хоры прыхільнікаў «прымірэньня з Пуціным», – падкрэсьліў Шымон Луцык.
Размаўляў Аляксандар Папко