Logo Polskiego Radia
Print

30 гадоў таму ў Польшчы ўдала перасадзілі сэрца

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 05.11.2015 13:03
  • перасадка.mp3
Дзякуючы гэтай апэрацыі праф. Зьбігнеў Рэліга стаў піянэрам кардыяхірургіі ў Польшчы.
PAP/Stanisław Jakubowski

5 лістапада 1985 году прафэсар Зьбігнеў Рэліга выканаў першую ў Польшчы пасьпяховую перасадку сэрца. Апэрацыя прайшла ў Сілезкім цэнтры хвароб сэрца (тады Ваяводзкім цэнтры кардыялёгіі) у горадзе Забжэ.

Першым пацыентам, якому прафэсар Зьбігнеў Рэліга перасадзіў сэрца, быў Юзэф Краўчык – фэрмэр з гарадка Кшэпіцэ ў Сілезіі. Хоць апэрацыя закончылася посьпехам, то праз два месяцы пацыент памёр ад сэпсісу.

Тым ня менш, менавіта гэтая перасадка лічыцца пераломнай у гісторыі польскай трансплянталёгіі. Гэтае велізарнае дасягненьне было магчымае ня толькі дзякуючы ведам і прафэсіяналізму Зьбігнева Рэлігі, але таксама яго асаблівай мужнасьці й рашучасьці.

Сам прафэсар неаднойчы ўспамінаў, на колькі складанай была гэтая задача.

У 80-х гадах шанцы на посьпех такой апэрацыі складалі ўсяго 50%.
У краіне не хапала адпаведнага пэрсаналу.

Пасьля многіх гадоў прафэсар прызнаў, што ва ўсім шпіталі ён быў на самой справе адзіным кваліфікаваным спэцыялістам, які мог рабіць трансплянтацыю - для 95% мэдыцынскага пэрсаналу кардыяхірургія была нечым зусім новым.

Тым ня менш прафэсар Рэліга непахісна верыў у посьпех. Пра гэта ён казаў у інтэрвію Польскаму радыё Катавіцэ.

Зьбігнеў Рэліга: Мы павінны выконваць апэрацыі па перасадцы. Гэта неабходна рабіць, паколькі ў гэтым заключаецца прагрэс. Гэта наш абавязак. Я глыбока перакананы, што мы правільна робім.

Кардыяхірург разумеў, якую вялікую адказнасьць ён нясе ня толькі перад пацыентамі й іх сем'ямі, але й асяродзьдзем хірургаў у Польшчы.

Тым больш, што перад першай апэрацыяй па перасадцы сэрца яго крытыкавалі многія мэдыцынскія асяродзьдзі ў Польшчы.

У гэткай сытуацыі магчымая параза апэрацыі магла запаволіць таксама разьвіцьцё трансплянтацыі іншых органаў, у прыватнасьці, печані й нырак.

Хоць раней у Польшчы адбываліся апэрацыі па перасадцы нырак, то гэтыя органы паходзілі ад донараў, сэрца якіх спыніла працу.

Як успамінаў прафэсар Рэліга, хоць паняцьце „сьмерці мозгу” ужо існавала, то яно не карысталася паўсюднай падтрымкай ні ў грамадзтве, ні ў мэдыцынскім асяродзьдзі ў краіне.

Тым ня менш нарэшце ўдалося знайсьці адпаведнага донара - ахвяру аўтамабільнай аварыі.

Яго сэрца перасадзілі 62-гадоваму мужчыне. Хоць апэрацыя прайшла пасьпяхова, то пацыент памёр у выніку інфэкцыі, якая была наступствам прыёму вялікіх доз прэпаратаў для зьніжэньня імунітэту арганізма. Іх прымяненьне было неабходнае, каб арганізм пацыента не адкінуў перасаджанага сэрца.

Нягледзячы на гэта, працэдура лічылася пасьпяховай. Пасьля яе каманда прафэсара Рэлігі правяла мноства падобных апэрацый.

Калі 30 гадоў таму прафэсар Рэліга пачынаў свой амбіцыйны праект па трансплянтацыі, то яму быў патрэбны эфэктыўны й хуткі сродак для транспарту органаў.

Тады гэткую паслугу маглі загарантаваць толькі вайсковыя пілёты - расказвае палкоўнік Артур Галаўскі.

Артур Галаўскі: Самалётам Ан-26 яны перавезьлі сэрца для першай перасадкі. Пік акцыі „Сэрца” выпаў у 90-я гады. Тады ў год яны выконвалі па некалькі дзесяткаў палётаў, то бок 150-200 гадзінаў.

Гэта быў пачатак актыўнага ўдзелу вайскоўцаў у праекце трансплянтацыі ў Польшчы. Цягам 30 гадоў польскія пілёты ў рамках акцыі „Сэрца” правялі ў паветры больш за 7,5 тысяч гадзін. Дзякуючы ім удалося выратаваць жыцьцё некалькіх сотняў цяжка хворых пацыентаў.

Іншыя вялікія дасягненьні прафэсара Зьбігнева Рэлігі засталіся крыху ў цені гэтай першай трансплянтацыі сэрца. Гэта аднак не мяняе факту, што Зьбігнеў Рэліга застаецца несумненным піянэрам польскай кардыяхірургіі.

Гэта ён у 1986 годзе ўпершыню ў Польшчы выканаў перасадку сэрца й лёгкіх, а таксама апэрацыю хранічнай тромбаэмбаліі лёгачнай артэрыі (1990).

Па яго ініцыятыве ў 1988 годзе ўзьнік Інстытут штучнага сэрца ў Сілезкай мэдыцынскай акадэміі. У 1991 годзе прафэсар Рэліга стварыў прататып штучнага сэрца й сардэчнага клапана.

Вядомы польскі кардыяхірург памёр 8 сакавіка 2009 году ад рака лёгкіх.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт