Logo Polskiego Radia
Print

Многія міжнародныя карпарацыі не плацяць падаткаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.09.2015 13:44
Польскі бюджэт у выніку такіх дзеяньняў недаатрымлівае кожны год каля 46 млрд. злотых.

Паводле падлікаў экспэртаў ЭЗ, сяброўскія краіны супольнасьці страчваюць нават 130 млрд. даляраў ЗША (500 млрд. злотых) у выніку дзейнасьці міжнародных холдынгаў – інфармуе Gazeta Wyborcza. Гэта грошы, якія прадпрыемствы павінны тэарэтычна ўнесьці ў дзяржаўныя бюджэты, але праз розныя фінансавыя махінацыі, часта нелегальныя, пакідаюць сабе.

Эўрапейская камісія заказала справаздачу пра маштаб зьявы пасьля скандалу з выплатай падаткаў, які разгарэўся ў лістападзе мінулага году. У выніку журналісцкага сьледзтва аказалася, што больш за 340 розных міжнародных карпарацый дамовіліся з падатковым ведамствам Люксэмбурга, каб плаціць вельмі нізкія падаткі ад суб’ектаў гаспадараньня – нават менш за 1%.

Згодна справаздачы, польскі бюджэт у выніку такіх дзеяньняў недаатрымлівае кожны год каля 46 млрд. злотых. Для параўнаньня – кошт утрыманьня арміі складзе сёлета 38 млрд. Падаткаў удаецца пазьбягаць галоўным чынам міжнародным карпарацыям, а польскія фірмы, якія сумленна плацяць падатак, прайграюць у канкурэнцыі з замежнымі «акуламі» бізнэсу. Вялікія прадпрыемствы могуць сабе дазволіць дэмпінгавыя цэны, у выніку чаго дэстабілізуюць рынак.

Як змагацца з гэтай зьявай? Пакуль што ЭК ня выдала сваіх рэкамэндацый. Польскае Міністэрства фінансаў ведае пра такую практыку міжнародных карпарацый, але ня хоча размаўляць пра маштаб.

Меркаваньнем прафэсара Дамініка Гаеўскага, які падрыхтаваў справаздачу з Польшчы, замежныя фірмы выкарыстоўваюць каля 600 розных юрыдычных схемаў, якія дазваляюць панізіць падаткі. Бальшыня заключаецца ў штучным росьце сабекоштаў, зьвязаным, напрыклад, з абарачэньнем акцыямі замежных аддзелаў.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт