Logo Polskiego Radia
Print

15 гадоў таму палякі разьвіталіся з „малюхам”(ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 22.09.2015 15:49
  • малюх.mp3
Цяпер „Polski Fiat 126p” – гэта аб'екты жаданьня калекцыянэраў.
wikipedia.org

15 гадоў таму, 22 верасьня 2000 году, з вытворчай лініі фабрыкі малалітражных аўтамабіляў у горадзе Бельска-Бяла зьехаў апошні „Polski Fiat 126p”. У Польшчы гэты аўтамабіль называюць „малюхам”.

„Малюх”, абвешчаны вялікім посьпехам італьянскай тэхнікі, стаў самым масавым аўто ў Польшчы. Цягам амаль 30 гадоў ён суправаджаў палякаў у дарозе на працу й падчас вакацыйных падарожжах. „Малюх” стаў культавым аўтамабілем у Польшчы, героем шматлікіх жартаў і анэкдотаў.

Гэты невялікі аўтамабіль на працягу многіх гадоў дамінаваў на польскіх дарогах. У часы ПНР „Polski Fiat 126p” быў аб'ектам мараў многіх польскіх сем'яў. Тады ён каштаваў 69 тысяч злотых (больш за 18 тысяч 600 даляраў), то бок звычайны паляк павінен быў прызначыць на такі набытак 20 сваіх штомесячных заробкаў.

Каб купіць аўтамабіль, апрача грошай, неабходная была перадаплата альбо ваўчар, на які маглі разьлічваць толькі некаторыя грамадзяне. Зразумела, быў яшчэ свабодны рынак, але тут цана аўто была амаль удвая большая.

/

Першага польскага „малюха” сабралі 6 чэрвеня 1973 году з арыгінальных італьянскіх частак. Тады сэрыйная вытворчасьць мадэлі на італьянскім заводзе „Cassino” цягнулася ўжо амаль год. Папярэднікам мадэлі „Fiat 126” быў „Fiat 500”, а яго пераемнікам – „Fiat Cinquecento”.

У кастрычніку 1972 году адбылася міжнародная прэм'ера мадэлі „Fiat 126” на Аўтасалёне ў Турыне, і неўзабаве пасьля гэтага аўтамабіль прэзэнтавалі ў Варшаве.

Афіцыйна сэрыйная вытворчасьць у горадзе Бельска-Бяла пачалася 22 ліпеня 1973 году. У верасьні 1975 году вытворчасьць пачалася таксама на новым заводзе ў горадзе Тыхы.

Пры канструкцыі „Fiata 126p” выкарыстоўваліся перадавыя тэхналёгіі. Таму аўтамабілем захапляліся ўсе. Зь вялікім гонарам пра цуд тэхнікі гаварылі таксама ў „Польскай кінахроніцы”.

Польская кінахроніка: Першыя машыны „Polski Fiat 126p” – папулярныя, сучасныя й малалітражныя аўтамабілі – стаў выпускаць аўтазавод у горадзе Бельска-Бяла. Сотні сем’яў аналізуюць, ці іх хатні бюджэт справіцца з гэткім выдаткам. Каб гарантаваць рэалізацыю гэтай мары банк „PKO” прымае перадплаты на пакупку машыны.

/

Аднак, пакуль першыя „малюхі” зьявіліся на польскіх дарогах, у грамадзянў пыталіся, які, паводле іх, павінен быць доўгачаканы „аўтамабіль для сярэдне статыстычнага паляка”.

Апытаньне: Ён павінен быць зграбны й хуткі.

Апытаньне: Павінен быць прыгожы, невялікі, але вельмі зграбны.

Апытаньне: У ім абавязкова павінны зьмяшчацца: муж, жонка, двое дзяцей і цешча.

Апытаньне: Добра было б, калі б у ім было больш месца на багаж.

Пагадненьне паміж італьянскім партнэрам „Fiat S.A.” і польскай кампанія „PHZ PM Polmot” „Аб тэхнічным супрацоўніцтве й ліцэнзіі” было падпісанае ў 1971 годзе.

Гэта была важная падзея за якой сачыла „Польская кінахроніка”.

Польская кінахроніка: Вядома навошта падарожнічаюць з Польшчы ў Турын – усе дарогі вядуць на аўтазавод „Fiat”. Італьянскія й польскія навукоўцы абмяркоўваюць тут разьвіцьцё польскай аўтамабільнай прамысловасьці. Канструктары з Турыну апрацавалі ўжо дэталі аўтазаводаў ў гарадох Бельска-Бяла й Тыхы, дзе паводле італьянскай ліцэнзіі будзе выпускацца малалітражны „Fiat 126p”. Гэта сучасная мадэль вядомага „Fiat 500”, які пасьля вайны прычыніўся да матарызацыі Італіі.

Дзякуючы набыцьцю ліцэнзіі на вытворчасьць аўтамабіляў палякі атрымалі падрабязную інфармацыю датычную тэхналёгіі вытворчасьці яго запчастак. Гэта азначала тэхнічны прагрэс для многіх кампаній мэталюргічнай, хімічнай або электрычнай галінаў.

У 70-х гадох „малюх” карыстаўся станоўчымі ацэнкамі. Паводле апублікаванага ў 1976 годзе рэйтынгу нямецкай газэты „Auto Motor und Sport”, „Fiat 126” быў самым танным і ашчадным па эксплюатацыі аўтамабілем у Эўропе ў сэгмэнце кампактных аўто.

На працягу многіх гадоў на рынак уваходзілі новыя вэрсіі й варыянты аўтамабіля.

Адным зь іх быў „Fiat 126 Bis”, які выпускаўся з 1987 году. У канструкцыю машыны былі ўведзеныя некалькі сотняў зьменаў, якія ў большасьці былі аўтарства польскіх канструктараў. На жаль, гэтая мадэль не патрапіла на польскі рынак.

Польская кінахроніка: „Fiat 126 Bis” экспартуецца ў Італію, паколькі крэдыты вяртаць трэба. Але пакуль яны выедуць на тамтэйшыя дарогі, спэцыялісты з Турыну кантралююць іх якасьць. Спачатку было па-рознаму. Здаралася, што яны прымалі толькі па некалькі аўтамабіляў, а астатнія вярталі ў Польшчу, дзеля ліквідацыі хібаў. Цяпер сытуацыя выглядае лепш. Завод пакідае 120 машынаў у дзень. Калі б яшчэ яны апыналіся на польскім рынку…

/

У 1975 годзе „малюх” удзельнічаў у Польскім аўтапрабегу, а таксама ўдзельнічаў па-за конкурсам у Ралі Монтэ-Карла.

У гады 1973-2000 заводы ў Польшчы выпусьцілі больш за 3 мільёны 300 тысяч „малюхаў”, зь якіх амаль 900 тысяч былі экспартаваныя ў Італію.

Польскімі машынамі езьдзілі жыхары многіх краін амаль на ўсіх кантынэнтах сьвету. Напрыклад, у 1985-1989 гады было экспартавана больш за 23 тысячы „малюхаў” у Кітай, дзе ў многіх гарадах яны выкарыстоўваліся ў якасьці таксі.

/

Афіцыйна гэты малы аўтамабіль атрымаў назву „малюх” у 1997 годзе, але тры гады пазьней яго прадукцыя спынілася.

Цяпер „малюх” – гэта аб'екты жаданьня калекцыянэраў. Нядаўна сэнсацыю ў СМІ выклікала інфармацыя пра арыгінальнага „малюха”, выпушчанага ў 1979 годзе, які за 34 гады праехаў усяго 10 км.

ФОТА: pl.wikipedia.org

PAP/IAR/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт