У апошнюю нядзелю ў польскім павільёне адбываліся кулінарныя паказы, выставы прыкладнога мастацтва і дызайну, пастаноўкі й канцэрты. Да гэтай пары агулам польскі павільён на EXPO 2015 наведаў адзін мільён чалавек.
Польскі дзень завяршыўся танцамі пад найбольш вядомыя гіты польскай і італьянскай музыкі 60-70 гадоў мінулага стагодзьдзя.
Ажыятаж выклікаў парад аркестра Польскага войска на галоўным праспэкце EXPO.
Зь вялікім зацікаўленьнем сустрэлася прысьвечаная польскаму дызайну выстава «Польскі стол». Мноства народу зьбіралася каля стэнда з традыцыйнымі польскімі стравамі.
Дзень Польскі ў Мілане адкрылі віцэпрэм’ер Януш Пехаціньскі й італьянскі міністар аховы навакольнага асяродзьдзя Джанлюка Джалецьці (Gianluca Galletti).
Першы віцэпрэм’ер падкрэсьліў, што Польшча зьяўляецца шостай па велічыні эканомікай Эўропы, і што, нягледзячы на крызысы, утрымлівае эканамічны рост.
Пехаціньскі згадаў таксама пра польскую сельскую гаспадарку, якая дасканала ўкладаецца ў тэму сёлетняга EXPO «Ежа плянэты, энэргія для жыцьця». Летась Польшча экспартавала прадукты харчаваньня на 21 млрд эўра.
Генэральны сакратар польскай сэкцыі на EXPO Славамір Майман зазначае, што Польскі дзень служыў таму, каб яшчэ больш прыцягнуць увагу да прысутнасьці Польшчы на выставе.
С.Майман: Мы тут дзеля таго, каб паказаць, што мы новая імпэрыя па вытворчасьці і экспарце ежы. Па-другое, мы тут дзеля таго, каб паказаць іншы твар маладой Польшчы, даказаць дзесяткам тысяч наведвальнікаў, што нашая краіна зьяўляецца цудоўным месцам адпачынку й забавы.
Польскі павільён - адзін з найбольшых на EXPO – наведала каля 1 мільёна чалавек.
Мэтай прысутнасьці кожнай краіны на выставе EXPO ў Мілане зьяўляецца таксама замацаваньне эканамічных сувязяў з Італіяй.
У Польшчы дзейнічае 1300 італьянскіх фірмаў амаль ва ўсіх галінах эканомікі. Італія зьяўляецца пятым па велічыні абарачэньня гандлёвым партнэрам Польшчы і шостым па велічыні інвэстыцый у Польшчы.
Сусьветная выстава EXPO у Мілане працягнецца да 31 кастрычніка. Прымае ў ёй удзел амаль 150 краін і арганізацый.
яс