Logo Polskiego Radia
Print

31 жніўня 1980 году падпісана гістарычнае Жнівеньскае пагадненьне

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 31.08.2015 12:39
  • 31 жніўня 1980.mp3
Гэты дзень быў вялікім крокам да свабоды.
Foto: PAP/Aleksander Koźmiński

31 жніўня 1980 году ў Гданьскай суднаверфі было падпісана гістарычнае Жнівеньскае пагадненьне. Гэты дзень быў вялікім крокам да свабоды.

У выніку падпісаньня дакумэнтаў закончылася хваля двухмесячных пратэстаў у цэлай Польшчы. Гэта таксама распачало працэс падзеньня камунізму ў Польшчы й пасрэдна сыстэмныя перамены ў іншых эўрапейскіх краінах камуністычнага блёку.
Пагадненьне ў Гданьску з боку ўраду падпісаў віцэ-прэм’ер Мечыслаў Ягельскі. Пратэстуючых прадстаўляў Лех Валэнса.

35 гадоў таму тагачасныя ўлады пагадзіліся на стварэньне незалежных прафсаюзаў. Пасьля падпісаньня пагадненьня Лех Валэнса ўрачыста абвясьціў посьпех.

Л. Валэнса: Мы нарэшце маем незалежныя самакіраваныя прафсаюзы. У нас ёсьць права страйкаваць. Чарговыя правы будуць устаноўленыя неўзабаве.

Лех Валэнса падкрэсьліваў, што пагадненьне дасягнутае без выкарыстаньня сілы, у выніку перамоваў. Лідар пратэстаў разьлічваў на тое, што ўлады выканаюць дадзеныя абяцаньні.

Л. Валэнса: Я з задавальненьнем магу падкрэсьліць, што нашу спрэчку мы завяршылі без выкарыстаньня сілы, у выніку размоваў. Мы паказалі, што палякі, калі хочуць, заўсёды могуць дагаварыцца. Мы разьлічваем, што падпісаныя пагадненьні будуць цалкам выконвацца.

Віцэ-прэм’ер Мечыслаў Ягельскі падкрэсьліў, што размовы не былі лёгкімі. Дадаў, што ў выніку падпісанага пагадненьня няма прайграўшых.

М. Ягельскі: Размовы былі цяжкімі, вымагалі шмат сілаў, паколькі яны тычыліся вельмі важных спраў. Пацьвярджаю: мы размаўлялі так, як павінны з сабою размаўляць палякі. І яшчэ хачу падкрэсьліць: няма ні пераможцаў, ні прайграўшых. Найважнейшым зьяўляецца тое, што мы дамовіліся.

Тагачасны дзеяч і сёньняшні старшыня Сэнату Богдан Барусэвіч нагадвае, што ўдзельнікі страйку ня ведалі, ці перамовы закончацца посьпехам. Ён узгадвае, што атмасфэра першых дзён страйку была выключна напружанай і цяжка было прадбачыць, што здарыцца.

Б. Барусэвіч: Бесьперапынна з калёнак гучалі пагрозы дырэктара, загады вярнуцца на працу. Што калі нехта не працуе, будзе звольнены. Тых, хто не працуе ў верфі, прымушалі яе пакінуць. Панавала атмасфэра страху. Гэта быў панядзелак. Пасьля была субота й крызыс: палова ўдзельнікаў страйку выйшла. Але пасьля ўсё стабілізавалася. Многія да нас прыяжджалі й казалі, што першы пастулят, незалежныя прафсаюзы, нерэальны. Але я ведаў, што гэта магчыма, паколькі ўсе рабочыя адным голасам казалі – свабодныя прафсаюзы.

Богдан Барусэвіч адзначае, што працаўнікам была патрэбна псыхалягічная падтрымка. Іх трэба было безупынны матываваць. Такую ўладу над рабочымі меў Лех Валэнса.

Дарога эвалюцыйных перамен была найлепшай – ацэньвае тагачасныя падзеі адзін зь лідараў страйку ў Гданьскай суднаверфі Ежы Бароўчак.

Е. Бароўчак: Мы выбралі дарогу эвалюцыі. Іншыя нашы калегі хацелі рэвалюцыі. Мы абралі іншую дарогу, абралі круглы стол. Тое, што сёньня Польшчы зьяўляецца такой цудоўнай краінай, добра разьвіваецца, што мы не пралілі крыві, сьведчыць аб тым, што наш шлях сапраўды быў вельмі добра абраны.

Жнівеньскія пагадненьні, між іншым, давалі свабодным прафсаюзам права на дзейнасьць і шырокія прывілеі. Акрамя гэтага, улады абавязаліся цягам некалькіх месяцаў апублікаваць эканамічныя рэформы, падрыхтаваць законапраект аб абмежаваньні цэнзуры, а таксама разгледзець справы звольненых з працы пасьля страйкаў у 1970 і 1976 гадах. Камуністычныя ўлады таксама пагадзіліся на ўзьвядзеньне помніка ахвярам сьнежня 1970 году, трансляцыю нядзельных імшаў у Польскім радыё. Быў прыняты запіс, што новыя прафсаюзы пагаджаюцца на кіраўнічую ролю Польскай аб’яднанай рабочай партыі ў краіне. Урачыстасьць падпісаньня паказвала Польскае тэлевізія.

Сымбалічнай датай падпісаньня жнівеньскіх пагадненьняў лічыцца менавіта 31 жніўня – падпісаньне дакумэнтаў у Гданьску. Дзень раней падобныя пагадненьні падпісалі ў Шчэціне, а 3 верасьня ў Ястшэмбі.

У 2005 годзе Сэйм усталяваў 31 жніўня дзяржаўным сьвятам. Гэта дзень Свабоды й салідарнасьці.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт