Logo Polskiego Radia
Print

Іранскае пахмельле

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 22.08.2015 15:00
Неафіцыйныя дадзеныя паведамляюць, што ў Іране больш мільёна алькаголікаў.
flickr.com

Іранскае Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра адкрыцьцё 150 цэнтраў рэабілітацыі алькаголікаў. Паводле камэнтатараў, гэта сапраўдны прагрэс, паколькі яшчэ два гады таму ўлады гэтай краіны пераконвалі, што ў Іране алькаголікаў няма, нагадвае тыднёвік „Polityka”.

Цяпер іранскія ўлады прызнаюць, што ў краіне каля 200 тысяч грамадзянаў, залежных ад алькаголю. Неафіцыйныя статыстычныя дадзеныя паведамляюць пра больш чым мільён алькаголікаў.

Аднак праблема ня ў колькасьці. Паводле Сусьветнай арганізацыі здароўя, калі ўжо грамадзянін Ірану п’е алькаголь, то да непрытомнасьці – у сярэднім каля 25 літраў чыстага алькаголю ў год, то бок больш чым расеец.

Іслам забараняе спажываньне алькаголю. За гэта пагражае лупцоўка ды нават сьмяротнае пакараньне. Алькаголь могуць вырабляць толькі немусульмане й дзеля ўласнага карыстаньня.

Тым ня менш, устрымліваньне ад спажыцьця алькаголю - гэта для пэрсаў зусім новая традыцыя. Да рэвалюцыі 1979 году яны спажывалі алькаголь цягам 5 тысяч гадоў. Невыпадкова адна з найбольш папулярных вінаградных лоз называецца як і іранскі горад - Шыраз.

Аднак цяпер - у падпольных умовах - жыхары Ірану аддаюць перавагу моцнай гарэлцы - араку.

Многія іранцы тлумачаць, што яны п’юць па палітычных прычынах. Аднак колькасьць алькаголікаў хутка расьце й неўзабаве можа перавысіць колькасьць наркаманаў, якіх у Іране больш за 3 мільёны.

Хоць 150 цэнтраў для алькаголікаў у дзяржаве, якая налічвае 77 мільёнаў жыхароў, гэта няшмат, то ўлады зрабілі першы важны крок – прызналі, што праблема існуе, паведамляе тыднёвік „Polityka”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт