Logo Polskiego Radia
Print

Будучыня і ратунак у аднаўляльных крыніцах

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 13.08.2015 15:02
  • Будучыня і ратунак у аднаўляльных крынцах.mp3
Экспэрт тлумачыць што тармозіць разьвіцьё "зялёнай энэргіі" ў Польшчы.

Высокія тэмпэратуры ў нашай частцы Эўропы надакучылі ўсім, да таго ж сьпёка нясе страты ня толькі ў сельскай гаспадарцы, а таксама ў прамысловасьці. Электрастанцыі не пасьпяваюць з вытворчасьцю і пастаўкамі патрэбнай колькасьці току, акрамя гэтага, засуха прывяла да зьмяншэньня ўзроўню вады ў рэках і вадаёмах, а вада вельмі часта неабходная для ахаладжэньня прамысловай апаратуры.

У выніку ўрад быў вымушаны скараціць пастаўкі электраэнэргіі для буйных фірмаў, а да грамадзтва міністар эканомікі зьвярнуўся з просьбай ашчадна карыстацца электрычнасьцю. Гэтая сытуацыя прымушае задумацца над больш шырокім выкарыстаньнем аднаўляльных крыніц энэргіі. Немцы, якія чэрпаюць энэргію з сонца, не пераймаюцца сьпёкай.

Януш Вітчык – экспэрт па аднаўляльных крыніцах энэргіі: 7 жніўня Польшчы было патрэбна 22 гігаваты. Паводле афіцыйных крыніц, не хапала 2 гігаватаў. Дакладна ў гэты дзень немцы з адных толькі фотавальтаічных панэляў атрымалі 20 гігаватаў. Трэба памятаць, што ў немцаў ёсьць яшчэ біягазоўні, яны выкарыстоўваюць таксама ў якасьці крыніцы энэргіі біямасу й вецер. Польскі ўрад і энэргетычныя кампаніі за недахоп энэргіі абвінавацілі аднаўляльныя крыніцы энэргіі.

Польшча папаўняе недахопы электртаэнэргіі, купляючы яе ў Нямеччыне, Славакіі, Чэхіі й Швэцыі. Гэтыя краіны зрабілі стаўку на праграму Аднаўляльных крыніц энэргіі. Чаму ў Польшчы яна не спрацоўвае?

Я. Вітчык: Гэта таму, што 6-7 гадоў буйная энэргетыка блякуе закон аб аднаўляльных крыніцах энэргіі. Гэта вельмі моцны лёбінг. А на самой справе правалілася палітыка падтрымкі вугальнай энэргетыкі й боязі перад гарнякамі. Тым часам, у Польшчы ўпершыню ад пасьляваеннага часу колькасьць гарнякоў паменшала да 100 тысяч чалавек. Раней іх было больш за 700 тысяч. І тыя сто тысяч маглі б працаваць, напрыклад пры абслугоўваньні ветракоў. ЗША таксама скіраваліся ў бок аднаўляльных крыніц энэргіі. Абама вырашыў, што вэтэраны з Іраку й Афганістану, якія зьяўляюцца вялікай сацыяльнай праблемай краіны, гэта 75 тысяч чалавек, будуць усталёўваць фотавальтаічныя й ветравыя ўстаноўкі. Гэта праца на сьвежым паветры, бясстрэсавая. І я лічу, што гэта рэцэпт на тое, што зрабіць з нашымі шахцёрамі. Амаль кожны дзень у шахтах здараюцца сур’ёзныя здарэньні, раз на некалькі тыдняў гіне нейкі шахцёр. Мы ня можам сабе дазволіць, каб Польшча пастаянна губляла чалавека з-за вугалю.

Канфлікт паміж прыхільнікамі й праціўнікамі вугальнай энэргетыкі гэта адно. Але з другога боку Польшча мусіць выканаць абавязацельствы перад Эўрапейскім Зьвязам. Што Варшава павінна зрабіць і што дагэтуль зрабіла?

Я. Вітчык: Мы абяцалі шмат, але зрабілі вельмі мала. У буйной энэргетыцы прымяняецца ашуканства, гэтак званае „паўспальваньне”. Палягае гэта на падсыпаньні біямасы ў вялікія энэргетычныя блёкі й гэта ўжо залічаецца да „зялёнай энэргетыкі”. У выніку ў нас атрымліваецца больш за 10% удзелу аднаўляльнай энэргіі, аднак сапраўдная колькасьць гэта толькі 4-5%.

А, напрыклад, Данія вырабляе некалькі дзясяткаў працэнтаў з аднаўляльных крыніц, а Новая Зэляндыя - больш за 80%. У пэўнай ступені Польшча магла б выправіць свае паказчыкі рэалізуючы закон аб „прасумэнтах”. „Прасумэнт” гэта суб’ект, які вырабляе электраэнэргію на свае патрэбы, а лішкі можа прадаць у агульную энэргетычную сыстэму.

Я. Вітчык: Ня важна, ці гэта жылы корпус, ці дом, горад ці вёска – усюды можна вырабляць ток з розных крыніц. Ці гэта малыя або вялікія ветракі, ці фотавальтаічныя панэлі. На гэтую мэту выдзелена 800 млн злотых. Адзначым яшчэ, што ў Польшчы вырабляюцца ветракі, якія купляе ў нас Данія, у нас таксама знаходзіцца найбуйнейшы ў Эўропе завод па вытворчасьці фотавальтаічных панэляў і мала якая панэль застаецца на радзіме, усё ідзе на экспарт. Нават у Японію, Малайзію. Гэта прадукт высокай якасьці.

Да 2021 году Брусэль выдзяліла Польшчы 80 мільярдаў злотых на інвэстыцыі з нізкім узроўнем выкідаў, і іншыя па вытворчасьці энэргіі ці зьмяншэньні выкарыстаньня току.

яс/Pr24

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт