Logo Polskiego Radia
Print

Палац культуры й навукі адзначыў сваё 60-годзьдзе

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 25.07.2015 14:36
  • Палац культуры й навукі.mp3
Падарунак ад Сталіна даўно падзяляе палякаў.

На мінаючым тыдні адзначаўся юбілей 60-годзьдзя Палацу культуры й навукі ў Варшаве. Узьведзены ў якасьці „падарунку польскаму народу ад народа савецкага” будынак быў уведзены ў эксплюатацыю 22 ліпеня 1955 году. Сёньня гэта месца сустрэчы варшавякаў і адзін з найбольш сымбалічных будынкаў польскай сталіцы.

Палац культуры й навукі ў Варшаве быў узьведзены паводле ідэі Іосіфа Сталіна ў стылі сацрэалізму й паводле праекту Льва Руднева. Паводле праекту гэтага архітэктара пабудаваны таксама будынак Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту на Вараб’ёвых гарах. Дарэчы, здалёк будынкі вельмі падобныя, аднак варшаўскі палац уключае ў сабе элемэнты польскай нацыянальнай і гістарычнай архітэктуры.

Палац культуры й навукі тры гады ўзводзіла каля 4 тысяч польскіх і 3,5 тысяч савецкіх будаўнікоў, а за іх працай уважліва сачыла дзяржаўная кінахроніка.

Кінахроніка: На тэрыторыі будаўнічай пляцоўкі пачаліся ўжо работы.

foto:
foto: wikipedia

Вышыня будынку – 237 мэтраў. Аб’ект абкладзены плітамі зь пясчаніку, які прывозілі ажно з Урала. Цяпер у аб’екце знаходзяцца, між іншым, некалькі музэяў, Палац моладзі, басэйн, тэатар ды кінатэатар, кавярні, некалькі ВНУ, Польская акадэмія навук, кнігарні ды вядомая аглядная пляцоўка на 30 паверсе.

Акрамя таго, у Палацы культуры й навукі ёсьць Кангрэс-заля з 3 тысячамі месцаў – адно з найбольш прэстыжных і найдаражэйшых канцэртных месцаў сталіцы, на сцэне якой выступалі й выступаюць сусьветныя зоркі. Пачынаючы з 1958 году ў палацы адбываецца Міжнародная варшаўская кніжная ярмарка-выстава.

foto:
foto: wikipedia

Паводле прапаганды ПНР, гэта быў аб’ект „най”, то бок найлепшы, найвышэйшы й найхутчэй пабудаваны. Аднак для многіх пакаленьняў палякаў Палац культуры й навукі – гэта сымбаль няволі.

„Гэты будынак трэба зьнесьці”, - пераконвае Ежы Букоўскі з Паразуменьня арганізацый вэтэранаў і незалежніцкіх арганізацый.

Ежы Букоўскі: Заўсёды, калі нейкая дзяржава зноўку станавілася незалежнай, то пазбывалася ад бачных сымбаляў няволі ці папярэдняга палітычнага ладу.

Ня ўсе згаджаюцца з гэтай думкай. Для часткі варшавякаў Палац культуры й навукі – гэта сымбалічны аб’ект.

Варшавяне: Я лічу, што ён павінен застацца. Хоць зь ім зьвязаная прыкрая гісторыя, але ж гэта гісторыя, пра якую можна размаўляць. Парадаксальна, але вось у гэтым будынку можна падтрымліваць польскую культуру.

Варшавяне: Пакідаем яго. Я прадстаўнік таго пакаленьня, якое прывыкла да гэтага будынку ў гэтым месцы.

Дырэктар Палацу культуры й навукі Рэната Казноўска пераконвае, што палац – гэта адзін з важнейшых будынкаў у сталіцы.

Рэната Казноўска: Гэта выключны аб’ект. Зразумела, ён можа нам падабацца альбо не. Цяпер, пасьля 60-ці гадоў, Палац культуры й навукі, гэта, перш за ўсё, выдатны прыклад сацрэалістычнай архітэктуры. У ім разьмяшчаюцца больш за 3 тысячы рознага роду заляў.

Аднак у часы ПНР будынак быў месцам палітычнага жыцьця, нагадае Ганна Шчубэлэк, якая 55 гадоў вядзе хроніку Палацу культуры й навукі.

Ганна Шчубэлэк: Першы сакратар Мангольскай Народнай Рэспублікі Юмжагійн Цэдэнбал і Янаш Кадар (рэд. старшыня Вугорскай сацыялістычнай рабочай партыі) былі ўдзельнікамі партыйных зьездаў у палацы. Я вадзіла па будынку касманаўтаў Юрыя Гагарына, Валянціну Церашкову й Валерыя Быкоўскага. Быў таксама шах Ірану Рэза Пэхлеві, прэм’ер Шры-Ланкі Сырымава Бандаранаікэ.

Ганна Шчубэлэк успамінае, што Юрый Гагарын, які глядзеў Варшаву з агляднай пляцоўкі палацу, сказаў: „Як тут так далёка ад зямлі!”.

Ганна Шчубэлэк: Сапраўды, тады не было яшчэ гэтых ахоўных бар’ераў, то бок сеткі. Менавіта таму ён зірнуў. Так, ён сапраўды быў вясёлым чалавекам!

Цікава, што амаль адразу пасьля адкрыцьця палацу зь яго агляднай пляцоўкі на 30 паверсе пачалі скокаць самагубцы. Першым самагубцам быў грамадзянін Францыі, пасьля яго з жыцьцём пакончылі шасьцёра палякаў. І тады пляцоўка была абцягнутая сеткай, каб пазьбегнуць далейшых трагедый.

www.skyscrapercity.com
www.skyscrapercity.com

У 1967 годзе ў Кангрэс-зале ў Палацы культуры й навукі выступіў сёньня легендарны, а тады ўжо вядомы рок-гурт „Ролінг стоўнз”, прычым гэта быў іх першы канцэрт у камуністычнай краіне.

За гэтай падзеяй таксама сачыла кінахроніка.

Кінахроніка: „Ролінг Стоўнз” прыехалі толькі на адзін дзень. Для ўсіх жадаючых білетаў не хапіла!

У навагоднюю ноч 2000 году на палацы быў адкрыты Гадзіньнік тысячагодзьдзя. Гэта трэці па памеры гадзіньнік у Эўропе й трэці ў сьвеце па вышыні разьмяшчэньня. Яго дыямэтар - 6 мэтраў.

Цяпер Палац культуры й навукі – гэта абавязковы пункт экскурсіяў па Варшаве. „Кожны хоча паглядзець гэты легендарны будынак”, - зазначае гід Зьбігнеў Адамаў.

Зьбігнеў Адамаў: Яго лічаць вельмі арыгінальным будынкам. Ён заўсёды выклікае вялікія эмоцыі. Дарэчы, аглядная пляцоўка – гэта, здаецца, адзінае месца ў Варшаве, адкуль сам палац нябачны.

Цяпер ужо вядома, што Палац культуры й навукі не хавае ніякіх тайнаў, а інфармацыі пра сакрэтныя калідоры й бамбасховішчы - гэта выдумкі, пераконвае Ганна Шчубэлэк.

Ганна Шчубэлэк: Тут няма ніякіх тайнаў. У нас нават свайго прывіда няма!

У 2007 годзе Палац культуры й навукі быў унесены ў дзяржаўны рэестар помнікаў архітэктуры. Будынак зьяўляецца ўласнасьцю сталічных уладаў.

аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт