Зьдзекі з пацыентаў у псыхіятрычнай бальніцы
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
23.07.2015 14:11
Апісана шмат парушэньняў, выпадкі запалохваньня пацыентаў, прыніжэньня, біцьця, за дрэнныя паводзіны дзецям рабілі балючыя ўколы.
Gazeta Wyborcza на першай паласе інфармуе пра жахлівыя адносіны да дзяцей – пацыентаў псыхіятрычнай бальніцы ў Старагардзе Гданьскім. Аддзяленьне нумар 23, дзе ляжалі падлеткі, было створаны 6 гадоў таму. Туды суды накіроўвалі дзяўчын і хлопцаў ва ўзросьце 13-18 гадоў з эмацыйнымі або псыхічнымі расстройствамі.
Аднак дзіцячыя псыхолягі зьвяртаюць увагу, што ў такія месцы часта накіроўваюць маладых людзей, якія былі пакрыўджаныя дарослымі: надта ўражлівых, якія спрабавалі прыцягнуць увагу бацькоў або настаўнікаў, бунтуючыся, пагражаючы самагубствам або членашкодніцтвам.
З самага пачатку ардынатарам аддзяленьня была Анна М. Як кажуць былыя пацыенты, яна, бадай, была больш хворая псыхічна, чым гэтыя няшчасныя маладыя людзі з дэпрэсіяй, анарэксіяй, якіх лячылі ў бальніцы. Ардынатар за дробныя парушэньні прызначала пакараньні, саджала ў карцэр, загадвала стаяць нерухома ў адным месцы, прапісвала вельмі моцныя псыхатропныя рэчывы, якія не былі патрэбныя. Калі Бюро прадстаўніка па правах дзіцяці правяло праверку ў шпіталі, было апісана шмат парушэньняў, выпадкі запалохваньня пацыентаў, прыніжэньня, біцьця, за дрэнныя паводзіны дзецям рабілі балючыя ўколы.
Пасьля кантролю ардынатар была звольнена са шпіталя, але яна далей працуе псыхіятрам. Пракуратура пачала сьледзтва, але Аньне М. нават не былі яшчэ пастаўленыя абвінавачваньні. Сьледзтва пацьвердзіла, што ардынатар і двое мэдбратоў зьдзекаваліся з пацыентаў. Расьсьледаваньне павінна было закончыцца ў чэрвені, але Анна М. захварэла, прыслала бюлетэнь. Аўтарка артыкулу праверыла, што ў гэты час яна прымала пацыентаў у Мальбарку.
Gazeta Wyborcza/нг