Псыхічна хворыя могуць адмаўляцца ад лячэньня
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
03.06.2015 11:01
У выніку стварэньня электроннай базы дадзеных пацыентаў многія сыйдуць у псыхіатрычнае падпольле.
Gazeta Wyborcza піша, што ў Польшчы ствараецца ствараецца Цэнтральная электронная база дакумэнтацыі пацыентаў. Яснасьць інфармацыі пра хваробу можа быць асабліва небясьпечнай для пацыентаў псыхіятрычных бальніц. Нішто так не псуе рэпутацыі чалавека ў грамадзтве, як псыхічная хвароба.
Псыхіятры ўсё часьцей сустракаюцца з тым, што пацыенты баяцца лячыцца, апасаюцца, што хтосьці даведаецца пра іх праблемы, – гаворыць псыхіятар прафэсар Анджэй Какошка. Асабліва пасьля авіякатастрофы нямецкага самалёта, калі хворы пілёт разьбіў самалёт з пасажырамі. У выніку паявіліся патрабаваньні, каб увесьці абавязак інфармаваць наймальніка пра псыхічныя расстройствы супрацоўнікаў.
Пацыенты просяць, каб не выпісваць ім карту. Яны баяцца, што да інфармацыі могуць мець доступ пастароньнія асобы, напрыклад, адміністратары сеткі, супрацоўнікі Фонду здароўя, іншыя лекары. Асабліва калі пацыент зьяўляецца вядомай асобай, ён баіцца, што інфармацыя пра яго хваробу можа стаць даступнай для агульнага ведама.
Статыстыка паказвае, што адна чацьвёртая польскага грамадзтва за ўсё жыцьцё хаця б раз хварэе на нейкае псыхічнае расстройства, але такія выпадкі, як самагубны замах нямецкага пілёта настолькі ўнікальныя, што можна іх палічыць на пальцах адной рукі. Псыхічна хворыя асобы вельмі рэдка адказваюць за нейкія сур’ёзныя злачынствы. Але пра гэтыя гісторыі шмат гаворыцца, таму паяўляецца пачуцьцё небясьпекі, – адзначае псыхіятар. Ёсьць такія псыхічныя расстройствы, пры якіх верагоднасьць зьдзяйсьненьня злачынства намнога меншая, чым у здаровых людзей. Большасьць забойстваў і самагубстваў – справа рук псыхічна здаровых асобаў.
Калі інфармацыя пра тое, што нехта лечыцца ў псыхіятра, будзе даступная для трэціх асобаў, гэта адпужае хворых, яны перастануць лячыцца. І такая сытуацыя сапраўды можа быць небясьпечнай. Людзі пачнуць лекавацца ў шарлатанаў, зусім адмовяцца да лячэньня або пачнуць карыстацца хатнімі сродкамі, у тым ліку алькаголем, наркотыкамі, спайсамі. І таму псыхіятрыя павінна быць выключана з электроннай базы дадзеных, – кажа прафэсар Анджэй Какошка.
Gazeta Wyborcza/нг