Logo Polskiego Radia
Print

Як зьмяняюцца музэі?

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 02.05.2015 14:37
Сучасны наведвальнік хоча маляўнічага шоў, а не акадэмічнага дакладу.

У XXI стагодзьдзі музэі па ўсім сьвеце перажываюць неспадзяваны рост папулярнасьці. Старыя ўстановы мадэрнізуюцца й разбудоўваюцца, узьнікаюць новыя. А інтэрнэт, які павінен быў быць апошнім цьвіком у труну выставачных цэнтраў (бо „ навошта хадзіць, калі можна ўбачыць тое ж самае дома”), аказаўся на самай справе іх сучасным рухавіком. Напрыклад, у „MoMA” ў Нью-Ёрку двухразовае павелічэньне колькасьці наведвальнікаў адбылося не пасьля разбудовы аб'екта, а ... пасьля запушчэньня віртуальнай вэрсіі фондаў, нагадае тыднёвік „Polityka”.

Доказаў ня варта шукаць далёка. У польскіх музэях колькасьць наведвальнікаў павялічылася за апошняе дзесяцігодзьдзе на 200 адсоткаў, то бок да 30 мільёнаў чалавек. Для параўнаньня, у той жа час, колькасьць гледачоў у кінатэатрах павялічылася на 75 адсоткаў.

Расьце таксама колькасьць самых музэяў. У Польшчы дзейнічае каля 750 музэйных установаў. Ужо амаль 300 зь іх прыватныя.

Што рабіць з гэткай папулярнасьцю? У асяродзьдзі музэйнікаў змагаюцца ў асноўным дзьве плыні. Прадстаўнікі адной лічаць, што ня трэба нічога мяняць. Для іх музэй – гэта сьвятыня мастацтва, а яго мэта – збор, кансэрвацыя й апісаньне экспанатаў. У сваю чаргу наведвальнік – гэта госьць, які толькі на хвіліну мае гонар зазірнуць у іншы сьвет.

Па супрацьлеглым баку стаяць тыя, якія лічаць, што музэі павінны дынамічна мяняцца й прыстасоўвацца да сучаснага сьвету - разьвіцьця лічбаваньня й тэхнікі, патрабаваньняў гледачоў. Прадстаўнікі гэтай плыні добра разумеюць, што сучасныя музэйныя ўстановы – гэта элемэнт „культурнай прамысловасьці”, якая павінна браць пад увагу гэткія паняцьці, як прыбытак, маркетынг, прасоўваньне, задавальненьне кліента. Яны разумеюць, што эфэктыўна кіраваны музэй прычыняецца да ажыўленьня невялікіх гарадкоў, павелічэньня колькасьці турыстаў, даходаў навакольных прадпрымальнікаў, стварэньня новых месцаў працы іг.д.

Аказваецца, што пра папулярнасьць экспазыцыі ўжо не вырашае яе характар. Паводле экспэртаў, цяпер асноўнае значэньне мае спосаб прэзэнтацыі музэйных фондаў.

Сучасны наведвальнік ня хоча акадэмічнага дакладу, а маляўнічага шоў. Напрыклад, Музэй Войска Польскага ў Варшаве мае намнога багацейшыя музэйныя фонды, чым Музэй Варшаўскага паўстаньня. Тым часам чэргі стаяць перад другой установай, паколькі яна ня толькі паказвае, але й захапляльна расказвае пра гісторыю.

Цікава, што найбольшую гатоўнасьць да зьменаў выказваюць, у асноўным, самыя буйныя й прыватныя музэйныя ўстановы. Паводле экспэртаў, гэта вынікае, як з магчымасьці атрыманьня фінансавай падтрымкі, так і ськіраванасьці на даходы, паведамляе тыднёвік „Polityka”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт