Прыватныя ваенныя кампаніі – ва ўяўленьні абывацеля гэтыя фірмы зьяўляюцца нечым накшталт прыватных арміяў, якія за вялікія грошы выконваюць «брудную працу» ў зонах канфліктаў і не занадта абцяжарваюць сябе выкананьнем законаў. Аднак гэты стэрэатып, створаны галівудзкімі баевікамі, вельмі далёкі ад праўды. Пра тое, чым насамрэч зьяўляюцца прыватныя ваенныя фірмы й чым яны займаюцца на прасторах ад Афганістана па Ўкраіну, мы размаўляем з дырэктарам польскай прыватнай ваеннай кампаніі ZWE Лукашам Бараноўскім.
Раскажыце, калі ласка, што такое прыватныя ваенныя кампаніі і чым яны займаюцца. Гэта найміты, якія бегаюць з аўтаматамі ў розных «гарачых кропках», целаахоўнікі ці шпіёны?
Л. Бараноўскі: Пакуль няма дакладнага вызначэньня прыватнай ваеннай кампаніі. Рынак гэтых фірмаў пакуль да канца не сфармаваўся. Аднак гэта дакладна не наёмнікі, бо фірма дзейнічае згодна з кантрактамі і ў адпаведнасьці з заканадаўствам краіны, у якой яна зарэгістраваная. Абшар дзейнасьці прыватных ваенных кампаніяў вельмі шырокі. Ад аховы канвояў і асобаў, дэтэктыўнай дзейнасьці, эканамічнай выведкі да журналісцкай працы ў зонах канфліктаў ці дастаўкі грузаў і людзей. Спэктр надзвычай шырокі.
Колькі на сьвеце прыватных ваенных фірмаў? З якіх краінаў яны паходзяць і якую ролю адыгрываюць у сучасных ваенных канфліктах? Пасьля ўдзелу сумнавядомай кампаніі Blackwater у вайне ў Іраку многія людзі думаюць, што прыватныя арміі вырашаюць лёс многіх лякальных канфліктаў. Ці праўда гэта?
Л. Бараноўскі: Больш за ўсё прыватных ваенных фірмаў ёсьць у Злучаных Штатах, таму што там прыватызацыя сфэры бясьпекі найбольш глыбокая. Вялікім рынкам таксама зьяўляецца Вялікабрытанія. Там дзейнічаюць некалькі дзесяткаў прыватных ваенных фірмаў. Ёсьць нават асацыяцыя прыватных ваенных кампаніяў. У пэўнай ступені прыватныя ваенныя кампаніі могуць уплываць на ход канфліктаў. Аднак заўсёды трэба памятаць, што яны дзейнічаюць на падставе кантрактаў, якія зь імі падпісваць пераважна дзяржаўныя структуры. Гэта можа быць дэпартамэнт абароны ці дзяржаўны дэпартамэнт ЗША альбо якой-небудзь іншай краіны. Такім чынам, прыватныя ваенныя кампаніі маюць вельмі абмежаваныя магчымасьці ўплываць на палітыку. Яе вызначаюць палітыкі, а ваенныя фірмы зьяўляюцца толькі выканаўцамі.
Маштабны ваенны канфлікт адбываецца цяпер ва Ўкраіне. Расейскія СМІ сьцьвярджаюць, што там дзейнічае шмат прыватных ваенных фірмаў, у тым ліку з Польшчы. Колькі іх там, і ці праўда гэта ўвогуле?
Л. Бараноўскі: Мы ня маем зьвестак пра тое, што ў канфлікце ва Ўкраіне ўдзельнічаюць прыватныя ваенныя кампаніі. Я маю на ўвазе баявыя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны. Прыватныя ваенныя кампаніі, у тым ліку з Польшчы, сапраўды працуюць ва Ўкраіне. Аднак гэта дзейнасьць, зьвязаная з аховай інфраструктуры ці асобаў. Гэта не баявыя задачы і не задачы, якія выконваюцца ў зоне баявых дзеяньняў.
З чым зьвязана тое, што ва Ўкраіну ў апошнія месяцы паехалі працаваць прыватныя ваенныя кампаніі? Там адбыўся распад дзяржаўных сілавых структураў?
Л. Бараноўскі: Прыватныя ваенныя кампаніі заўсёды служаць падтрымкай для дзяржаўных структураў. Пасьля падзеяў пачатку мінулага году сілавыя структуры Ўкраіны адчувалі цяжкасьці. Агульная сытуацыя з бясьпекай пагоршылася. Прыватныя ваенныя кампаніі служаць падтрымкай сілавых структураў. Яны знаходзяцца там, каб падтрымаць урадавыя службы, а не таму, што арміі й паліцыі там увогуле няма.
Ці чакае нас эпоха прыватных войнаў і прыватных арміяў, пра якія часта пішуць у СМІ і фантастычнай літаратуры? Ці адбудзецца прыватызацыя вайны, таму што прыватныя фірмы больш эфэктыўныя за дзяржаўныя структуры?
Л. Бараноўскі: Напэўна нам не пагражае вайна, галоўнымі ўдзельнікамі якой зьяўляюцца дзьве прыватныя фірмы. Гэта абсалютна нерэальна. Аднак прыватызацыя сфэры бясьпекі будзе паглыбляцца. І трэба лічыцца з тым, што ў будучых канфліктах роля прыватных ваенных кампаніяў будзе большай, чым цяпер альбо ў недалёкім мінулым – напрыклад, у часы вайны ў Іраку.
Вы казалі, што прыватныя ваенныя фірмы – гэта не найміты, якія грэбуюць правам і дзейнічаюць толькі дзеля ўласнай карысьці. Яны прыносяць карысьць дзяржаве. Якая гэта карысьць?
Л. Бараноўскі: Прыватныя ваенныя кампаніі прымаюць на працу былых жаўнераў спэцыяльных падразьдзяленьняў, супрацоўнікаў спэцслужбаў. Дзякуючы гэтым кампаніям іх веды і досьвед не марнуюцца, а могуць быць выкарыстаны з карысьцю для грамадзтва. Трэба таксама падкрэсьліць, што прыватныя ванныя кампаніі – гэта фірмы, якія дзейнічаюць легальна. Яны зарэгістраваныя ў адпаведнасьці з заканадаўствам, маюць усе патрэбныя дазволы і ліцэнзіі, яны плацяць падаткі. Іх дзейнасьць прасьцей кантраляваць, чым дзейнасьць урадавых спэцслужбаў. Гэта добры рынак працы. Прыватныя ванныя кампаніі могуць быць выдатным дапаўненьнем дзяржаўных службаў.
Размаўляў Аляксандар Папко