Эпідэмія брудных рук у шпіталях
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
23.04.2015 15:05
Кожны год з-за недастатковай гігіены рук у шпіталях можа даходзіць да 700 тыс. інфэкцыі.
Трэць лекараў у хірургічных аддзяленьнях і 24 працэнты ў аддзелах рэанімацыі й інтэнсіўнай тэрапіі няправільна дэзынфэкуюць рукі. У выніку кожны год у шпіталях можа даходзіць да 700 тысяч інфэкцый у пацыентаў, паведамляе выданьне „Dziennik Gazeta Prawna”.
Паводле агульных ацэнкаў, у Польшчы інфэкцыі пагражаюць 8-10% пацыентаў. Дадзеныя Галоўнай санітарнай інспэкцыі сьведчаць пра тое, што найчасьцей пацыенты заражаюцца ротавіруснымі й кішэчнымі інфэкцыямі. Частку зь іх цяжка лячыць, паколькі яны ўстойлівыя да антыбіётыкаў.
У мінулым годзе Абаронца правоў пацыентаў атрымаў 1 200 скаргаў на шпітальныя інфэкцыі.
Дасьледаваньні Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя сьведчаць пра тое, што дзякуючы лепшай гігіене рук колькасьць гэткіх выпадкаў магла б зьменшыцца напалову.
У Польшчы, як прызнаюць самі лекары, стандарты ў гэтым нізкія.
„Калі мы ажыцьцявілі праграму Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя па гігіене рук, частка лекараў пераконвала, што ротавірусы распаўсюджваюцца паветраным шляхам і што дэталёвая дэзынфэкцыя рук – гэта страта часу”, - кажа прафэсар Тэрэза Яцкоўска са шпіталя ў Варшаве.
Але спрэчкі датычаць таксама месца разьмяшчэньня дазатараў на дэзынфэкуючую вадкасьць.
„Нядаўна я ўвесь дзень назірала за працай мэдсёстраў і лекараў. Дазатары былі разьмешчаны пры ложку кожнага пацыента, але цягам сутак ніхто імі не карыстаўся”, - кажа Барбара Кутрына з Цэнтра маніторынгу за якасьцю, у размове з выданьнем „Dziennik Gazeta Prawna”.
аз