Беларускія працы з саломкі пакарылі палякаў
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
24.03.2015 13:39
-
Беларускія працы з саломкі пакарылі палякаў.mp3
У нядзелю, 22 сакавіка, у Варшаўскім этнаграфічным музэі адбыўся велікодны кірмаш.
Шматлікія майстры з розных куткоў Польшчы, Украіны й Славэніі прадставілі ручныя вырабы з прыродных матэрыялаў. Свае працы ў сталіцу прывезлі таксама рамесьніцы з Гарадзеншчыны.
Лідзія Бярдоўская са Шчучына навучылася рабіць вербы ад сваёй маці. Тая атрымоўвала замовы на сьвяты й адначасова старалася перадаць сваё майстэрства малой дачцэ. Вярба заўсёды была сымбалем перамогі Хрыста, таму Вялікдзень для спадарыні Лідзіі – вялікае й радаснае сьвята.
З 2002 года на кірмаш у Варшаву прыязджае Марына Ярэмчык, жыхарка Горадні. Яна стварыла свой асабісты стыль упрыгожваньня велікодных яек – аплікацыя касымі зрэзамі. У Беларусі традыцыі такіх падарункаў на Пасху няма, таму тэхніка аўтарская, а ўсе ўзоры ўзятыя з галавы.
Вялікія праблемы з матэрыялам маюць рамесьнікі, якія плятуць з саломы. Калгасы, гонячыся за ўраджаем, сеюць кароткія віды жыта, якія зусім не падыходзяць для саломапляценьня. Марыя Кузьміцкая знайшла выхад і проста пазычыла жменю добрага сорту ў пэўнага паляка. Працы Марыі Кузьміцкай, прадстаўленыя на велікодным кірмашы ў Варшаве, раскупілі ў першыя тры гадзіны пасьля адкрыцьця мерапрыемства.
Размову з удзельніцамі кірмашу слухайце ў далучаным гукавым файле. Гутаркі запісала Яна Ткачук.