У 2010-м годзе ў арабскіх краінах пачалася хваля пратэстаў і рэвалюцый. Яны атрымалі назву Арабскай вясны народаў. У 2011 годзе гэтая хваля дайшла да Лібіі. У выніку рэвалюцыі ды грамадзянскай вайны быў зрынуты дыктатарскі рэжым Муамара Кадафі. Аднак міру гэта ў краіну не прынесла. Што адбываецца зь Лібіяй у 4 гадавіну рэвалюцыі?
На сёньняшні дзень сытуацыя ў Лібія вельмі складаная. Краіна так і не аправілася ад рэвалюцыі. У Лібіі шырыцца ўплыў тэрарыстычных арганізацый. У краіне дзейнічаюць два парлямэнты, два ўрады вядуць барацьбу за ўладу. Адзін з урадаў у Трыпалі спрыяе радыкальным ісламістам. Другі ўрад, што месьціцца ў Торбруку на ўсходзе краіны, мае падтрымку міжнароднай супольнасьці. Пакуль ніводзін з бакоў ня мае перавагі. Барацьба не сьціхае, таму што на кану стаіць доступ да багацейшых радовішчаў нафты: у лібійскай зямлі поўна “чорнага золата”. Сытуацыю ў дадзенай арабскай краіне камэнтавала для Польскага радыё палітоляг Магдалена Аль-Гамары.
Магдалена Аль-Гамары: На жаль, сёньня ўсё сьведчыць пра тое, што мы маем дачыненьне зь дзяржавай банкрутам, дзе пануе хаос. Прычынай сталі падзеі чатырохгадовай даўніны ды наступствы арабскай рэвалюцый і зьнікненьня рэжыму Муамара Кадафі. Сёньняшняя Лібія – гэта дзяржава ў фазе распаду. Яе надалей лічаць дзяржавай, але ў краіне няма аднаго ўраду, дзейнічаюць два парлямэнты ды ідзе барацьба за ўладу. Гэтая барацьба не вядзецца за ідэалёгію джыхаду, але за нафту.
Дзе знаходзяцца лібійскія запасы нафты? Дзе іх найбольш і хто за іх змагаецца?
Магдалена Аль-Гамары: Калі глянуць на мапу Лібіі, то з усходу - Бэнгазі й Тобрук, там знаходзяцца вельмі багатыя радовішчы нафты. Менавіта таму растучы ўплыў ды канцэнтрацыя ў гэтым раёне тэрарыстычных арганізацый далёка не выпадковыя. З другога боку - захад краіны з гарадамі Трыпалі, Сырта, Мусрата; там таксама існуе доступ да багатых радовішчаў. Свае радовішчы мае і поўдзень, але тут дамінуюць прыхільнікі рэжыму Кадафі.
Ці ў Лібіі расьце колькасьць прыхільнікаў вяртаньня да тых часоў, калі Лібія хоць і была дыктатарскай краінай, але там панаваў мір?
Магдалена Аль-Гамары: Гэта вельмі важнае пытаньне, таму што яно датычыць разуменьня дэмакратыі. Падчас рэвалюцыі людзі спадзяваліся, што са зьменай ўлады прыйдзе свабода ў заходнім разуменьні. Яны спадзяваліся, што зьявіцца магчымасьць пачаць зьмены ў краіне ды нешта зрабіць. На жаль, гэтыя надзеі не спраўдзіліся. Таму цяпер лібійцы ўсё часьцей згадваюць словы Кадафі, якія той агучыў падчас рэвалюцыі, што краіну ахопіць хаос, калі дойдзе да зьмены ўлады. Маўляў, ён бараніў людзей ад радыкалаў ды нацыянальных экстрэмістаў, а пасьля будзе хаос. Гэтыя словы аказаліся прароцтвам. Таму цяпер узгадваюць ня столькі жорсткасьць рэжыму, колькі кайданы свабоды. Гэта прычынілася да таго, што лібійцы ня сталі свабоднымі, а настальгічныя настроі шырацца. Быў рэжым быў, але людзі пры гэтым адчувалі сябе ў бясьпецы.
Апошнім часам ў Лібіі павялічыўся ўплыў Ісламскага халіфату. Дарэчы, сярод жаўнераў гэтай арганізацыі змагаецца мноства выхадцаў Лібіі. Адкуль гэты рост ісламскага радыкалізму ў памяркоўнай Лібіі рэжыму Кадафі?
Магдалена Аль-Гамары: Што тычыцца сёньняшняй Лібіі, то тэрарыстычных арганізацый тут мноства. Найбольш магутнай лічыцца лібійская Ансар-эль-Шалібі, яшчэ згадваецца арганізацыя Даш, то бок лібійскі аддзел Ісламскай дзяржавы, а таксама лібійская Аль-Каіда. Гэтыя арганізацыі заключылі цяпер хаўрус зь нелегальным урадам у Трыпалі. Яны абралі ў якасьці новых прыхільнікаў ды жаўнераў тыя групы, якія адчуваюць сябе пацярпелымі ад зьменаў пасьля распаду рэжыму. Гэтыя людзі не знайшлі сабе месца пасьля зьменаў. Яны хацелі б далей змагацца, думалі пра службу ў арміі, але тэрарыстычныя арганізацыі далі ім лепшыя ўмовы.
Цяпер гэтая ісламская пагроза рвецца ў Эўропу разам з хваляй лібійскіх эмігрантаў, якія ўцякаюць з ахопленай хаосам краіны.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч