35 гадоў таму два польскія альпіністы Лешэк Ціхі й Кшыштаф Вяліцкі, першымі ў гісторыі, узышлі ўзімку на вяршыню Эвэрэста - самай высокай гары на зямлі.
Гэта была пераломная падзея, якая адкрыла новую эпоху ў гісторыі зімовага гімалаізма.
17 лютага 1980 году, а 14.25, два палякі: Лешэк Ціхі й Кшыштаф Вяліцкі, апынуліся на вышыні 8 848 мэтраў. Яны ўзышлі на гару Эвэрэст традыцыйным шляхам, які раней пераадолела нямала гімалаістаў, але не зімой.
Экспэдыцыяй, якая налічвала 20 чалавек, кіраваў Анджэй Завада, адзін зь піянэраў польскіх зімовых узыходжаньняў.
Удзельнікі экспэдыцыі змагаліся зь вельмі складанымі ўмовамі надвор'я - ураганны ветром і экстрэмальным холадам.
На вяршыні апынуліся Кшыштаф Вяліцкі й Лешэк Ціхі, які пазьней так узгадваў апошнія гадзіны ўзыходжаньня.
Лешэк Ціхі: Нашыя партнэры спускаюцца ўніз, а мы яшчэ ў другім лягеры, пасьля заснаваньня чацьвёртага лягера, прымнаем рашэньне, што не спускаемся ўніз, а паспрабуем яшчэ раз. Раніцай аказалася, што засталіся мы у дваіх: я і Кшыштаф. Мы пазьней доўга пра гэта размаўлялі, што тады мы былі перакананыя ў тым, што узыйдзем на вяршыню. Гэтая глыбокая вера была неабходнай, каб у такіх умовах скарыць гэтую гару. 17 лютага 1980 году на вяршыні я сказаў, што „калі б гэта не Эвэрэст, то мы відаць не далі б раду”.
Лешэк Ціхі адзначыў, што канчатковы этап доўжыўся больш за сем гадзінаў, на працягу якіх яны амаль не размаўлялі адзін з адным.
Лешэк Ціхі: Мы на тварах мелі кіслародныя маскі. Дарэчы гэтыя апошнія 4-5 дзён, калі мы засталіся толькі ў дваіх (гэта шлях у трэці й чацьвёрты лягеры й вяртаньне), то цягам гэтых чатырох дзён мы сказалі ўсяго некалькі дзясяткаў словаў. Што нам было казаць? Мы добра разумелі, што мы ідзем на вяршыню, павінны на ёй апынуцца й апынемся.
Лешэк Ціхі сказаў, што высока ў Гімалаях зімой сьнегу няшмат, паколькі яго зьдзімае даволі моцны вецер. Але Эвэрэст „абараняўся” ад іх буйнымі ўчасткамі лёду й лютым марозам. Ноччу ў палатках тэмпэратура ўпадала ніжэй за мінус 40 градусаў. Таму заключны этап экспэдыцыі ў такіх умовах, здавалася, абсалютна нерэальны.
Лешэк Ціхі: Мы апынуліся на хрыбце, вельмі высока, а людзі былі аддаленыя ад нас у больш за 10 гадзінаў дарогі. Адзіная нашая сувязь зь імі - гэта радыё. Дзьме моцны вецер, мы спускаемся ў цемры, а ў паветры сьнег. Мы проста апынуліся на мяжы рэчаіснасьці: на мяжы ценя й сонца, на мяжы дня й ночы. Думаю, што ў нейкім сэнсе мы апынуліся таксама на мяжы жыцьця й сьмерці.
У сваю чаргу Кшыштаф Вяліцкі падкрэсьліваў, што за посьпехам першай зімовай экспэдыцыі палякаў стаяў ейны кіраўнік, Анджэй Завада.
Кшыштаф Вяліцкі: Лідар, то бок Завада, умеў аб’яднаць групу вакол мэты. Гэта часта лідарам не ўдаецца – мне таксама. Завада ўмеў такім чынам матываваць людзей, што ўсе хацелі пакарыць гару не для сябе, але для групы, для польскага альпінізма; каб усё было так узьнёсла са сьцягам, і што гэта мы – палякі.
Кшыштаф Вяліцкі дадаў, што перамогу польскіх альпіністаў перажывала ўся Польшча.
Кшыштаф Вяліцкі: Мы стварылі атмасфэры спаборніцтва. Людзі сядзелі недзе на лужах у горных прытулках і чакалі паведамленьняў, якія паяўляліся ў СМІ. Усе задумоўваліся: узыйдуць, ці не ўзыйдуць. Але мы там гэтага абсалютна не ўсьведамлялі.
Польскія альпіністы: Кшыштаф Вяліцкі й Лешэк Ціхі на вяршыні Эвэрэста правялі 40 хвілін. Яны пакінулі там ружанец ад Папы рымскага Яна Паўла ІІ і крыж у памяць пра польскага кінаапэратара Станіслава Ляталу, які загінуў падчас экспэдыцыі ў Гімалаі.
Нагадаем першымі ўлетку 1953 году на гару Эвэрэст узыйшлі Эдмунд Гілары з Новай Зеландыі й Норгэй Тэнцынг з Нэпала.
З тых часоў, паводле дадзеных на 2012 год, на вяршыні апынуліся каля 3 800 чалавек. Падчас узыходжаньня загінулі больш за 300 чалавек.
аз