Logo Polskiego Radia
Print

Міратворчая місія беларусаў на Данбасе?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.01.2015 11:24
Калі б прэзыдэнт Парашэнка на гэта пайшоў, то Ўкраіна страціла б сваю тэрыторыю.
EPA/ANTON PEDKO

Мабілізацыя ў Беларусі. Расейскія СМІ пішуць, што беларуская армія рыхтуецца да міратворчай місіі на Данбасе. Але бяз згоды Кіева гэта немагчыма – адзначае Rzeczpospolita. Кіраўніцтва генэральнага штабу беларускіх узброеных сілаў пачало фармаваньне батальёну, які павінен прынесьці мір на ўсход Украіны. Пра гэта пісала расейскае выданьне “Наша версия”. А беларускія СМІ пішуць, што ў Беларусі ідзе масавы прызыў у армію. Выклікаюць як правіла тых, хто прайшоў ужо службу ў войску.

Паводле словаў беларускіх уладаў, гэта толькі вучэньні. Міністэрства абароны аднак нічога не гаворыць пра міратворчую місію беларускай арміі ва Ўкраіне. А пра тое, што такая місія вельмі верагодная, казаў у кастрычніку мінулага году Аляксандар Лукашэнка. На думку былога міністра абароны Беларусі Паўла Казлоўскага, калі б ААН выдала згоду на такую місію, беларускія жаўнеры паехалі б ва Ўкраіну.

Міратворчыя сілы існуюць у Беларусі з 2001 году, калі дзяржава пачала ўдзельнічаць у місіях ААН. За гэты час Менск высылаў сваіх салдат між іншым у Лібан і Паўднёвы Судан. У такіх місіях могуць браць удзел каля 4 тыс. прафэсійных салдат, але гэта замала, каб прынесьці мір Украіне. Да гэтай місіі павінны падключыцца іншыя краіны, як Казахстан, Прыбалтыйскія дзяржавы.

Магчыма, на дыпляматычным узроўні ўкраінскія ўлады ўжо вядуць перамовы зь Беларусяй ды іншымі краінамі на тэму міратворчай місіі, - мяркуе ўкраінскі вайсковы аналітык Аляксей Арэстовіч. Але калі б прэзыдэнт Парашэнка на гэта пайшоў, то ўдзел замежных армій азначаў бы перамогу сэпаратыстаў на Данбасе, а Ўкраіна страціла б сваю тэрыторыю.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт