Сланцавы бізнэс кульгае
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Jury  Lichtarowicz 
                        
                        22.01.2015 15:50
                    
                                 
                
                
                    Будучыня сланцавага газу ў Польшчы пад пытаньнем.
                
                
                    
                        
                     
                
                
                
               
                
                         Тэму асьвятляе штодзёнка “Dziennik Gazeta prawna”. 
У канцы 2014-га года ў Польшчы распрацоўвалі 54 канцэсіі на пошук і распрацоўку радовішчаў сланцавага газу. Год таму было 96 канцэсій, а два гады таму 115. Замежныя фірмы пачынаюць сыходзіць з польскага рынку. Так вясной адмовіўся ад пошукаў францускі Total, яшчэ раней сышлі італьянская Eni ды амэрыканскі Exxon. Гэтым скарысталіся польскія канцэрны ды павялічылі сваю колькасьць канцэсій з 25% да 52%.
Экспэрты зазначаюць, што сыход замежных фірм зьвязаны з тым, што так і не ўдалося адкрыць радовішчаў, якія б давалі высокі прыбытак. Польскія фірмы працягваюць пошукі з-за палітычнага ціску. Аднак, і тут адмыслоўцы маюць скептычныя прагнозы. Фірмы будуць рабіць выгляд, што вядуць пошук, а насамрэч зоймуцца распрацоўкай клясычных вуглевадародаў. Даступныя тэхналёгіі не дазваляюць пачаць здабычу сланцавага газу ў Польшчы ў прамысловых маштабах. Падзеньне цэн на нафту ня мела ўплыву на сытуацыю ў гэтай сфэры ў Польшчы.
Затое, нізкія цэны змусілі брытанскіх газавікоў перагледзець свае пляны па здабычы сланцавага газу. Нягледзячы на дэкляраваную падтрымку з боку ўраду на 2015-ы год заплянавана толькі 11 сьвідраваньняў. Пакуль сланцавая рэвалюцыя ўдалася ў ЗША. Летась Амэрыка перахапіла лідэрства ў гэтай галіне ў Саудаўскай Арабіі. Нягледзячы на нізкія цэны, фірмы абяцаюць павялічыць колькасьць здабычы і ў бягучым годзе, піша польскае выданьне.
юл