Logo Polskiego Radia
Print

Падзеньне цэнаў на нафту – ня вынік амэрыкана-арабскай змовы

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 17.01.2015 19:34
  • Падзеньне цэнаў на нафту – ня вынік амэрыкана-арабскай змовы.mp3
Хто вінаваты ў тым, што нафта патаньнела? Якой будзе яе цана? Як падзеньне цэнаў адаб’ецца на эканоміцы Беларусі?
Wikipedia

У пятніцу 16 студзеня цана на нафту пачала расьці - упершыню пасьля паўгадавога падзеньня. Барэль нафты падаражэў з 47 даляраў да 50. Чаму ўсяго за 6 месяцаў нафта патаньнела больш чым удвая? Як доўга пратрымаюцца нізкія цэны, і як гэта адаб’ецца на сусьветнай эканоміцы ды эканоміцы Беларусі?

У расейскім тэлебачаньні і інтэрнэце актыўна распаўсюджваецца думка, што рэзкае падзеньне цаны на нафту – гэта вынік змовы амэрыканцаў і арабскіх шэйхаў. Маўляў, каб разбурыць Расею, амэрыканскі ўрад падбіў Саудаўскую Аравію павялічыць здабычу нафты.

Тэорыі змовы не спрацоўваюць – кажа польскі экспэрт паліўнага рынку Анджэй Шчэсьняк. Здабычу нафты павялічылі толькі амэрыканцы. І сыравіны на сусьветным рынку стала больш усяго на...1%. Нафта ўпала, бо лопнула вялікая спэкуляцыйная бурбалка – кажа экспэрт.

Амэрыканскі і эўрапейскі цэнтральныя банкі перасталі стымуляваць свае эканомікі “друкуючы” грошы. Нафта была актывам, які ўсе набывалі, каб выгадна інвэставаць лішкі даляраў. Цяпер прапанова даляраў спынілася, і нафту ніхто не купляе – тлумачыць Анджэй Шчэсьняк.

А. Шчэсьняк: Нафта стала адной з самых вялікіх спэкуляцыйных бурбалак, якія зьявіліся з-за эмісіі грошай Злучанымі Штатамі. Сотні мільярдаў даляраў штомесяц прыходзілі на рынак. За гэтыя грошы інвэстары куплялі акцыі ды іншыя фінансавыя інструмэнты, а таксама нафту. У кастрычніку Фэдэральная рэзэрвовая сыстэма ЗША прыняла рашэньне спыніць эмісію. Даляр пайшоў уверх, а нафта патаньнела. Нафтавыя рынкі ў апошнія гады вядуць сябе дакладна як фінансавыя. Цана нафты залежыць ад наплыву ці адплыву інвэстараў.

На якім узроўні спыніцца ваганьне цэнаў нафты? Цана раўнавагі сёньня складае каля 40 даляраў за барэль – лічыць польскі экспэрт. Аднак невядома, як доўга яна пратрымаецца. Улады Эўразьвязу і Злучаных штатаў могуць зноў уключыць “друкарскі станок” і цана на нафту пойдзе ўверх – кажа Анджэй Шчэсьняк.

А. Шчэсьняк: У Злучаных Штатах і Эўропе зьявілася праблема дэфляцыі – падзеньня цэнаў. Для звычайных спажыўцоў, гэта, канешне, добра. Аднак для вытворцаў і фінансавай сыстэмы гэта непрымальная сытуацыя. Калі ў Эўразьвязе і Злучаных Штатах вырашаць, што дэфляцыя – гэта сур’ёзная праблема, то пачнуць эмісію грошай, і нафта ізноў падаражэе. Калі такога рашэньня ня прымуць – то нафта ўтрымаецца на ўзроўні 40 даляраў, а ў пэўныя часы яе цана можа апускацца й ніжэй.

Падзеньне цэнаў на нафту – гэта добрая навіна для сусьветнай эканомікі. Танныя энэргарэсурсы падштурхнуць вытворчасьць па ўсім сьвеце. Аднак ці не задушыць гэта энэргаашчадныя тэхналёгіі ды здабычу энэрганосьбітаў з новых крыніцаў? Не - кажа Андэй Шчэсьняк.

А. Шчэсьняк: Тэхналягічнае разьвіцьцё не спыняецца. Гэта добра бачна на прыкладзе сланцавага газу. Некалі тэхналёгіі яго здабычы былі дарагія, іх можна было распрацоўваць толькі ва ўмовах вельмі высокіх цэнаў на энэргарэсурсы. Цяпер гэтыя тэхналёгіі разьвіліся. Калі нафта патаньнела, ужо не распрацоўваюць новых спосабаў здабычы, а робяць больш таннымі ўжо вядомыя. Некаторыя праекты канешне, будуць замарожаныя, бо іх кошты немагчыма скараціць. Аднак гэта не прывядзе да тэхналягічнага рэгрэсу.

Нізкія цэны на энэрганосьбіты – гэта добра ці дрэнна для эканомікі Беларусі? Беларусь імпартуе вялікую колькасьць нафты. Здавалася б, ад падзеньня цэнаў беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы толькі выйграюць. Аднак падзеньне цэнаў на нафту й нафтапрадукты зьяўляецца для беларускіх НПЗ моцным ударам – тлумачыць эканаміст Тацьцяна Манёнак.

Бэнзін на сусьветных рынках становіцца таньнейшым, а расейская нафта, якую Беларусь набывае ніжэй рынкавых коштаў – даражэйшай. І зьвязана гэта з тым, што Расея праводзіць “падатковы манэўр”. Яна павышае падаткі на здабычу карысных выкапняў і адначасова адмяняе экспартныя мыты на нафту й нафтапрадукты. Каб захаваць рэнтабэльнасьць нафтаперапрацоўчых заводаў, беларускі ўрад ужо панізіў падатковую нагрузку– кажа Тацьцяна Манёнак.

Т. Манёнак: Выдатна разумеючы, што нафтаперапрацоўчыя заводы апынуліся ў складанай сытуацыі, урад упершыню панізіў акцызы для НПЗ на 22% адразу на год. Раней гэтае пытаньне вырашалі штоквартальна. Улады зробяць усё, каб нафтаперапрацоўчыя заводы працавалі, а маржа заставаліся прывабнай для расейскіх нафтавых кампаніяў, якія перапрацоўваюць сыравіну ў нас.

Такім чынам, падзеньне сусьветных цэнаў на нафту не зьяўляецца вынікам глябальнай змовы. Гэта вынік скарачэньня эмісіі грошай амэрыканскімі і эўрапейскімі фінансавымі сыстэмамі. Танная нафта дасьць штуршок разьвіцьцю сусьветнай эканомікі, аднак на Беларусь падзеньне цэнаў акажа іншы ўплыў. Беларускі ўрад сёньня не падлічвае патэнцыйныя прыбыткі, а задумваецца над тым, як захаваць прыбытковасьць галіны, каторая прыносіць у бюджэт 40% валютнай выручкі.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт