Logo Polskiego Radia
Print

Былі ці не сакрэтныя турмы ЦРУ ў Польшчы?

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 11.12.2014 14:39
  • Былі ці не.mp3
На гэтае пытаньне адназначнага адкзау ўладаў надалей няма.

Мы пагадзіліся на легальнае супрацоўніцтва й на тое, што прадаставім амэрыканцам „спакойнае месца” для допытаў тых, якія пайшлі на супрацу з ЦРУ, кажа былы прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі.

Гэта менавіта падчас яго тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў польскія ўлады падпісалі пагадненьне са Злучанымі Штатамі Амэрыкі, на падставе якога ў Польшчы апынуліся небясьпечныя вязьні, падазраваныя ў супрацы з тэрарыстычнай арганізацыяй „Аль-Каіда”.

Аднак былы прэзыдэнт Польшчы не адказаў наўпрост на пытаньне, ці ў Старых Кейкутах – вёсцы на паўночным усходзе Польшчы – дзейнічала сакрэтная турма ЦРУ.

Публікацыя дакладу камісіі Сэнату ЗША па справе праграмы, якую пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 году амэрыканскія спэцслужбы ажыцьцяўлялі ў дачыненьні да затрыманых меркаваных сябраў тэрарыстычнай арганізацыі „Аль-Каіда”, выклікала скандал па ўсім сьвеце, таксама ў Польшчы.

Хоць дакумэнт прама не ўзгадвае пра Польшчу, то, на думку праваабаронцаў, можна знайсьці доказы таго, што ў Старых Кейкутах у гады 2002-2003 дзейнічала сакрэтная турма ЦРУ.

Мэтай супрацоўніцтва з амэрыканцамі была барацьба з тэрарызмам, запэўніваюць прадстаўнікі былых польскіх ўладаў, то бок экс-прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі й былы кіраўнік польскага ўраду Лешэк Мілер.

Аляксандар Квасьнеўскі адзначыў, што Польшча ў рамках пашырэньня разьведвальнага супрацоўніцтва з ЗША пагадзілася прадаставіць амэрыканцам „спакойнае месца” для допытаў.

Ён запэўніў, што польскі бок патрабаваў ад амэрыканцаў, каб да асобаў, утрымліваных на тэрыторыі Польшчы, яны ставіліся ў адпаведнасьці з законам, то бок, як да ваеннапалонных.

Аляксандар Квасьнеўскі: Мы на гэта пагадзіліся, прапануючы амэрыканскаму боку прыняць супольны мэмарандум. У дакумэнце падкрэсьлівалася, што асобы, якія апынуліся б у Польшчы, павінны ўспрымацца як ваеннапалонныя, адносіны да іх павінны быць гуманныя, паводле ўсіх правоў, якія ім прыслугоўваюць.

Квасьнеўскі дадаў, што амэрыканцы ўсё ж не падпісалі мэмарандуму з такімі патрабаваньнямі, але прынялі дакумэнт „pro memoria” - гэта значыць, што яны разумеюць і пагаджаюцца на польскія патрабаваньні.

Аляксандар Квасьнеўскі таксама ня ўтойваў, што супрацоўніцтва з амэрыканскімі спэцслужбамі было наладжанае ўжо ў 90-х гадох і было зьвязанае з пералічэньнем сродкаў для польскіх уладаў. Аднак гэта не датычыла аб’екту ў Кейкутах, кажа экс-прэзыдэнт.

Аляксандар Квасьнеўскі: Паводле інфармацыі, якую мы атрымалі, гэта была форма дазволенага фінансаваньня, якое працягвалася з 90-х гадоў, то бок, з часу ўраду Тадэвуша Мазавецкага. Тут я не магу сказаць, пра якія справы ідзе гаворка. Я хачу выразна падкрэсьліць, што гэта была форма фінансаваньня, згодная з законам аб выведцы й Агенцтве ўнутранай бясьпекі. Нагадаю, гэты закон дазваляе магчымасьць фінансаваньня саюзьніцкімі службамі. Гэта датычыць супольных дзеяньняў і выдаткаў, якія з гэтых дзеяньняў вынікаюць.

Нагадаем, паводле розных крыніцаў інфармацыі, у рамках гэтай супрацы палякі атрымалі ад амэрыканцаў каля 15 мільёнаў даляраў.

Былы польскі прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі тлумачыць, што польскія ўлады згадзіліся прадаставіць амэрыканцам месца для допытаў вязьняў падазраваных у тэрарызме, але не на іх катаваньне. Экс-прэзыдэнт Польшчы тлумачыць, што ён сам ня ведаў, што адбываецца за сьценамі амэрыканскіх аб’ектаў у Польшчы.

У сваю чаргу, тагачасны прэм’ер-міністар Лешэк Мілер лічыць, што публікацыя дакладу - гэта доказ палітычнай барацьбы паміж рэспубліканцамі й дэмакратамі ў ЗША.

Лешэк Мілер: Нам прыкра, што маштаб гэтай барацьбы перад бліжэйшымі выбарамі ў ЗША падштурхоўвае некаторых амэрыканскіх палітыкаў да такіх рэчаў.

Лешэк Мілер дадаў, што цяперашні прэзыдэнт ЗША Барак Абама памяняў папярэднія мэтады допытаў.

Лешэк Мілер: Цяпер падазраваных проста забіваюць – без суду й сьледзтва. Гэта адбываецца пры дапамозе дронаў. Падчас тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Барака Абамы такім чынам былі забітыя 3,5 тысячы людзей. У тым ліку, як мінімум, 500 - гэта мірныя жыхары, то бок жанчыны й дзеці. Дрон ня ведае, што такое правы чалавека. Ён забівае цэлыя сем'і.

Абодва палітыкі запэўніваюць, што яны ня ведаюць ніякіх дэталяў, датычных апэрацый, якія амэрыканцы праводзілі ў Польшчы. Яны спасылаюцца таксама на сакрэтнасьць некаторых інфармацыяў.

Тым часам частка польскай апазыцыі лічыць, што за супрацу з амэрыканцамі былы прэзыдэнт і прэм’ер павінны прадстаць перад судом.

Анджэй Разэнэк: Ня можа быць так, што на самой справе даходзіць да гандлю Канстытуцыяй за марныя грошы й ніхто за гэта не адкажа.

- заяўляе прэс-сакратар партыі „Твой рух” Анджэй Разэнэк.

У сваю чаргу цяперашнія польскія ўлады падкрэсьліваюць, што дакладам Сэнату ЗША могуць скарыстацца польскія сьледчыя ў расьсьледаваньні, якое ўжо 6 гадоў праводзіць кракаўская пракуратура.

А абаронца грамадзянскіх правоў лічыць, што даклад прымусіць задумацца службам усім іншых краінаў і дазволіць прадухіліць іхныя магчымыя нелегальныя дзеяньні.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт