Хто й навошта гандлюе выкідамі?
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
10.11.2014 14:51
Гандаль правамі на выкіды вуглякіслага газу лічыцца лепшай мерай на іх скарачэньне.
У сыстэме ўдзельнічаюць усе краіны ЭЗ ды Ісландыя, Нарвэгія і Ліхтэнштэйн. Кожная краіна, у залежнасьці ад узроўня разьвіцьця, атрымлівае права на выкіды.
Сыстэма ахоплівае энэргетычныя прадпрыемствы, НПЗ, вытворцаў жалеза й сталі, заводы па вытворчасьці цэмэнту, шкла, вапны, керамікі, паперы й г.д. Агулам 11 тысяч суб'ектаў у цэлым ЭЗ. З Польшчы - каля 950 фірмаў.
Частку правоў на выкіды некаторыя фірмы, напрыклад, цэмэнтныя заводы, атрымліваюць бясплатна. Гэтае права не ахоплівае энэргетычных кампаній.
Заводы, якія ня ў стане скараціць выкіды CO2 да вызначанага ўзроўню і ня маюць ужо бясплатных квотаў, могуць дакупіць іх на аўкцыёнах і на біржы. На аўкцыёнах свае квоты прадаюць дзяржавы, але няма абавязку, каб польская фірма купляла ліміты ў польскага ўраду. На біржах квоты выстаўляюць прадпрыемствы, якія маюць іх больш, чым яны выкарыстоўваюць.
Да канца сакавіка фірмы абавязаны напісаць справаздачу па выкідах, а перад гэтым вонкавая фірма абавязана праверыць яе сапраўднасьць.
У кожнай фірмы ёсьць свой «рахунак» квотаў, які закрываецца ў красавіку. Калі завод перавысіць свае нормы выкідаў, то можа дакупіць у іншых заводаў да канца красавіка. У іншым выпадку за кожную тону перавышаных выкідаў накладаецца штраф у памеры 100 эўра. Гэтыя грошы паступаюць у дзяржбюджэт, але ЭЗ прапануе, каб яны прызначаліся на проэкалягічныя інвэстыцыі.
яс