Logo Polskiego Radia
Print

Паводле запаветаў правадыра

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 07.11.2014 16:30
  • Паводле запаветаў правадыра.mp3
Крэмль усё больш вяртаецца да савецкай рыторыкі сталінскіх часоў.

Гэта тычыцца, як унутранай, так і зьнешняй палітыкі. Апошні прыклад прывёў Пуцін, калі загаварыў словамі Молатава з 1939-га года.

Прынамсі, можна сказаць, што Савецкі апаратчык мог спакойна агучыць тое, што на днях прамовіў расейскі прэзыдэнт. Выступаючы перад настаўнікамі гісторыі ды навукоўцамі, Пуцін заявіў, што Савецкі Саюз не вінаваты ў падзеях 1939-га года, калі Сталін з Гітлерам падзялілі Польшчу. Маўляў палякі самі былі вінаватыя. З Масквы перадае карэспандэнт Польскага радыё Мацей Ястжэмбскі.

Мацей Ястжэмбскі: Паводле слоў Ўладзіміра Пуціна, падзел Польшчы ў 1939-м годзе Нямеччынай і савецкім Саюзам быў наступствам удзелу палякаў у падзеле Чэхаславаччыны. Тады такія былі мэтады замежнай палітыкі. Пуцін заявіў, што Савецкі Саюз не хацеў вайны, а патрабаваў часу на мадэрнізацыю свайго войска. Таму пакт з Нямеччынай не быў нічым кепскім.

Гэтыя словы вяртаюць нас у “сталінскую эпоху”, і прагучаць яны яшчэ ня раз, кажа вядомы беларускі гісторык, дасьледнік тэмы сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузьняцоў.

Ігар Кузьняцоў: Гэта ня першы й не апошні выпадак. У мяне, як гісторыка ды грамадзяніна, ёсьць толькі адзінае стаўленьне да гэтага. Падзеі 1939-года сталі вынікам пакту аб неагрэсіі й нападу на незалежную польскую дзяржаву. Гэта было парушэньнем пакта аб неагрэсіі з Польшчай 1932, канвэнцыі падпісанай СССР аб неагрэсіі 1933-га года. Ніякія больш спэкуляцыі ня могуць служыць апраўданьнем тых злачынстваў,якія былі зьдзейсьненыя пасьля падпісаньня пакта з Гітлерам. Пазьнейшыя Катынь, вывазкі – усё гэта наступства дадзенага крока.

Іншыя праявы “вяртаньня да савецкіх мэтадаў” бачныя паўсюдна ў сучаснай Расеі. Так з году ў год міталягізуецца гісторыя Вялікай айчыннай вайны. 70 гадоў пасьля завяршэньня вайны – яна застаецца галоўнай падзеяй у гісторыі Расеі. Гэта бачна па грамадзкіх настроях у дзень вайсковага параду ля сьцен Крамля, які зладзілі сёньня расейскія ўлады ў гонар параду з 1941-га году. Для сёньняшніх расейцаў Дзень перамогі ды Вялікая айчынная вайна – гэта найважнейшыя падзеі ў гісторыі Расеі.

Жанчына: Гэта сьвята, якое застанецца назаўсёды, гэта наша галоўнае сьвята ў Расеі. Тыя хто перажыў вайну, ніколі пра яе не забудуць.

Іншы прыклад – рэакцыя на стаўленьне народаў Цэнтральнай Эўропы на савецкія сымбалі ды помнікі. Урадавая “Расейская газэта” назвала вандалізмам патрабаваньні жыхароў польскага Новага Сонча прыбраць савецкія сымбалі з помніку жаўнераў Чырвонай арміі. Альбо кампанія пошукаў “нацыянальных здраднікаў”, якая ахапіла расейскае грамадзтва. У здраднікі запісваюцца ўсё, хто не падтрымлівае дзеяньні Пуціна ва Ўкраіне ды ня бачыць ў Захадзе ворага. На днях у сьпіс здраднікаў трапілі лідары апазыцыі Грыгоры Яўлінскі ды Аляксей Навальны. Сьпіс вядуць так званыя “антымайданныя” арганізацыі.

За гэтай гістэрыяй некаторыя аглядальнікі бачаць комплексы й зайздрасьць расейцаў. Яны зайздросьцяць амэрыканцам і таму іх ненавідзяць, а таксама ўсяму Захаду, кажа ўкраінскі гісторык ды палітоляг Аляксандар Палы.

Аляксандар Палы: Значная частка расейцаў заўважаюць, што заходні лад жыцьця нашмат больш прасунуты ды цывілізаваны, чым іх уласны. Гэта выклікае ў іх моцную зайздрасьць, нянавісьць ды агрэсію. Замест таго, каб вучыцца ў іншых, як казаў Шаўчэнка “чужому вычыцеся, свайго не саромеецеся...”, расейцы ня хочуць навучыцца чамусьці добраму. Яны хочуць праз агрэсію, сілу ды гвалт змусіць сьвет, каб ён іх шанаваў.

Здабываць пашану ў Крамлі сабраліся савецкімі мэтадамі.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт