Logo Polskiego Radia
Print

Ці выратуе Беларусь Польшчу ад расейскага эмбарга?

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 13.08.2014 13:44
  • Беларусь выратуе Польшчу.mp3
Пра экспарт польскіх тавараў у Беларусь у чацьвер у Менску будзе размаўльць міністр Марэк Савіцкі.

У чацьвер міністр сельскай гаспадаркі Польшчы накіроўваецца ў Менск. Марэк Савіцкі будзе размаўляць зь беларускімі калегамі пра магчымасьць павелічэньня экспарту польскай сельскагаспадарчай прадукцыі ў Беларусь. У сувязі з увядзеньнем Расеяй эмбарга на аграхарчовыя прадукты з краін Эўразьвязу, палякі інтэнсыўна шукаюць новыя рынкі збыту для сваёй садавіны, агародніны й мяса.

Польскі міністар сельскай гаспадаркі незадаволены перамовамі ў Брусэлі. У сталіцу ЭЗ ён паехаў прасіць дапамогі для польскіх фэрмэраў, якія пацярпелі ў выніку санкцыяў, уведзеных Расеяй супраць краінаў Эўразьвязу.

Марэк Савіцкі не атрымаў спадзяванага абяцаньня па справе эўразьвязаўскай дапамогі для польскіх фэрмэраў, а камісар ЭЗ па пытаньнях сельскай гаспадаркі й разьвіцьця сельскіх тэрыторый Дачыан Чолаш толькі пасьля працяглай размовы паабяцаў цягам бліжэйшых дзён вырашыць пытаньне польскай агародніны.

Марэк Савіцкі: Цягам паўтары гадзіны мы не маглі растлумачыць камісару, што мы ня можам чакаць рашэньняў ЭЗ да паловы верасьня, ці кастрычніка, пакуль яны прааналізуюць сытуацыю ва ўсіх краінах. Я сказаў, што ёсьць такія сэктары рынку, дзе можна чакаць нават паўгода. Але ёсьць таксама такія, дзе прадукты ўжо псуюцца. Напрыклад, 1 жніўня ў Маскву павінны былі паехаць фуры зь перцам – 300 тонаў удзень, і гэты перац гніе.

Міністр Савіцкі нагадаў, што кошт усяго аграхарчовага экспарту ЭЗ у Расею складае каля 10 мільярдаў эўра. Гэта няшмат у параўнаньні са 100 мільярдамі эўра, якія Эўразьвяз быў гатовы выдаткаваць на выратаваньне Грэцыі ад банкруцтва.

„Тут справа не ў грашах, а ў тым, ці захоча ЭЗ салідарна падзяліць кошты санкцыяў”, - лічыць міністар.

Марэк Савіцкі сустрэнецца паўторна з камісарам ЭЗ да наступнага чацьвярга. Тады ён спадзяецца пачуць больш падрабязнасьцяў наконт кампэнсацыі.

Расчараваны перамовамі ў Брусэлі міністр сельскай гаспадаркі Польшчы заявіў, што ён адкрыты да перамоваў па справе экспарту польскіх прадуктаў харчаваньня зь Беларусьсю.

Марэк Савіцкі: Я гатовы размаўляць зь Беларусьсю, Казахстанам, а таксама з усімі іншымі краінамі, якія зацікаўлены імпартам самых лепшых у сьвеце харчовых прадуктаў з Польшчы. Як толькі будзе гэткая магчымасьць, я сустрэнуся зь беларускім міністрам сельскай гаспадаркі.

Менск і Астана не плянуюць уводзіць абмежаваньняў на пастаўкі гародніны, садавіны, малочных і мясных вырабаў ды рыбы з Эўрапейскага Зьвязу, ЗША, Аўстраліі, Канады й Нарвэгіі, то бок усіх краін, ахопленых расейскай забаронай.

Як заявіў віцэ-міністар сельскай гаспадаркі Тадэвуш Налевайк, дэклярацыю аб неўвядзеньні абмежавальных мер міністар Савіцкі хоча пачуць асабіста ад беларускіх улад.

Тадэвуш Налевайк: Калі былі ўведзеныя папярэднія расейскія абмежаваньні, то тавары ў Расею ішлі транзытам празь іншыя краіны. Зараз Расея заяўляе, што не дазволіць на рээкспарт тавараў. Тым ня менш, Беларусь зьяўляецца для нас сур’ёзным гандлёвым партнэрам. Гэтая краіна купляе амаль такую ж самую колькасьць польскіх яблыкаў, як і ўсе краіны ЭЗ разам узятыя.

У мінулым годзе Польшча паставіла ў краіны ЭЗ 250 тыс. тон яблыкаў на суму 92 млн. эўра. Цяпер палякі спадзяюцца, што Беларусь зможа купіць хаця б частку гэтай прадукцыі.

Але ці будзе Беларусь зацікаўленая польскай прапановай? Калі гаворка ідзе пра харчовыя тавары – безўмоўна, кажа беларскі эканаміст Серж Наўродзкі. Справа толькі ў тым, што гэтыя тавары не заўсёды будуць для беларускага рынку, але для ўсіх краінаў супольнай мытнай прасторы. Нават калі Расея будзе настойваць на недапушчэньне рээкспарту, пераконвае Наўродзкі.

Серж Наўродзкі: Беларусь заўсёды знаходзіла выйсьце з гэткіх сытуацый, паверце мне. Ёсьць, як мінімум, два-тры выйсьця. Адна прастара рэч –вельмі складана праверыць адкуль гэты тавар. Калі няма мяжы паміж Расеяй і Беларусьсю, то праверыць адкуль ідуць тавары вельмі, вельмі складана. Трэба альбо ставіць кантроль на мяжы, альбо прымушаць службы, якія адпраўляюць ды прымаюць тавар, правяраць яго там на месцы. Але ў дадзеным выпадку ў Беларусі ўсе джокеры. Я нават чуў камэнтары некаторых экспэртаў, што гэта будуць другія разбаўляльнікі, якія калісьці ў нас ужо былі. Такім чынам, адпаведныя схемы ёсьць, паверце.

Безумоўна Беларусь у 100% не запоўніць прабел, які выкліча расейскае эмбарга. Напэўна сытуацыяй захочуць скарыстацца Кітай, Турцыя, Казахстан. Асноўная справа ў гандлі з Польшчай – гэткія захады мусяць Беларусі аплочвацца.

Серж Наўродзкі: Я прывяду адну сухему. Вы прадпрыемства, якое пастаўляе, напрыклад, малако. Вы можаце паставіць яго ў Расею за валюту па добрай цане. Самі можаце купіць малако ў Польшчы. Скажыце, такая схэма рэальна? Абсалютна, так. Такім чынам Вы купляеце ўсё ў Летувы і ў Польшчы, а самі прадаеце сваю прадукцыю ў Расею, і ўсё гэта законна. Толькі Вы будзеце прадаваць з маржай і купляць таньней. А палякі й летувісы прададуць таньней, таму што яны ідуць ва ўбыткі. Ім лепш прадаць таньней, чым не прадаць увогуле.

-лічыць беларускі эканаміст Серж Наўродзкі.

Беларускія назіральнікі згодныя, Беларусь ужо даўно распрацавала мэханізмы рээкспарту розных тавараў у Расею. То бок харчовыя тавары з Эўропы запоўняць беларускі рынак, а беларуская прадукцыя пойдзе ў Расею. Калі беларусы ня справяцца з пераапрацоўкай імпартаваных тавараў, то зоймуцца іх пераўпакоўкай. Існуе толькі адна ўмова ўсё гэта мусіць Беларусі аплочвацца.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт