Logo Polskiego Radia
Print

Збор ягад і грыбоў у разгары

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 01.08.2014 14:58
  • eko.mp3
Нарыхтоўваючы дары лесу, трэба беражліва ставіцца да ягаднікаў і грыбніц, каб не нанесьці шкоду прыродзе.

За час гаспадараньня дзеючай улады людзям у Беларусі жывецца нялёгка. Адным са спосабаў выжываньня стаў збор ягад і грыбоў. Грамадзяне масава наведваюць лясныя масывы. Штогод улетку павялічваецца нагрузка на лясы, а эколягі штогод прыгадваюць: нарыхтоўваючы дары лесу, неабходна беражліва ставіцца да ягаднікаў і грыбніц, каб не нанесьці шкоду прыродзе.

Жыхары Беларусі кожнае лета зьбіраюць грыбы і ягады, робяць запасы і для сябе, і на продаж. У краіне існуюць правілы збору лясных дароў, устаноўленыя ў 2001 г. Пастановай Міністэрства лясной гаспадаркі. Збор ягад пры дапамозе саўка, разграбаньне мхоў, каб дастаць лісічкі, могуць выліцца зборшчыку ў вялікі штраф.

Санэпідслужба Беларусі таксама прыгадвае грамадзянам, што неабходна правяраць грыбы на радыёнукліды. Пасьля амаль 30 гадоў ад выбуху на Чарнобыльскай АЭС увага насельніцтва да радыяцыйнай чысьціні сельгаспрадуктаў, у тым ліку дароў лесу, значна прытупілася. Людзі часта парушаюць правілы бясьпекі і выпраўляюцца ў лясы, дзе збор ягад і грыбоў забаронены, а потым не сьпяшаюцца правяраць сабраныя лясныя плады.

Так, для прыкладу, летась у лабараторыі санэпідслужбы Гарадзеншчыны было зарэгістравана ўсяго 56 зваротаў. У 12 выпадках узровень радыёнуклідаў цэзія ў грыбах перавысіў норму. Атрымліваецца, кожны пяты грыб быў непрыдатны для спажываньня. Небясьпечныя грыбы былі сабраныя ў лясах Лідзкага, Наваградзкага, Іўеўскага лясгасаў.

Праверыць лясную прадукцыю на ўтрыманьне радыёнуклідаў можна бясплатна ва ўсіх гарадах і раённых цэнтрах. Калі ўзровень радыёнуклідаў зашкальвае – з дарамі леса давядзецца разьвітацца.

Калі перавышэньне нормы нязначнае, спэцыялісты рэкамэндуюць прымяняць кулінарную апрацоўку. Найбольш эфэктыўным мэтадам зьніжэньня ўтрыманьня цэзія-137 лічыцца гатаваньне сьвежых грыбоў у некалькіх водах, для сухіх – вымочваньне і пасьля таксама адварваньне.

У Польшчы, гэтак жа як у Беларусі, нарыхтоўка ягад і грыбоў вельмі распаўсюджаная. Гэты працэс немагчыма кантраляваць, сьцьвярджаюць прадстаўнікі ўлады. Таму, ідучы ў лес, трэба найперш самому захоўваць асцярожнасьць і разважлівасьць.

У першую чаргу, неабходна ўмець пазнаваць грыбы па зьнешнім выглядзе, ведаць іх відавы склад і зьбіраць толькі ядомыя. Між тым, людзі ў лесе звычайна кіруюцца традыцыяй і зьбіраюць тое, што зьбіралі іх продкі. У такім выпадку няцяжка памыліцца, кажа падстаўнік Санэпідслужбы Падкарпацкага ваяводзтва Артур Заморскі.

Артур Заморскі: Гэтая памылка вынікае з нашай пышлівасьці і самаўпэўненасьці. Ідучы ў лес, трэба быць асьцярожным. Мы часам аб гэтым забываем і бярэм грыбы, а потым гэта прыводзіць да трагедыі.


У Польшчы зьявілася прапанова выдаваць ліцэнзіі на збор грыбоў. Аднак, як зазначаюць адмыслоўцы, пры настолькі масавай зьяве немагчыма будзе кантраляць выкананьне распараджэньня. У Польшчы дзейнічае іншае вырашэньне — службай аховы здароўя абвучваюцца г.зв. клясыфікатары грыбоў, якія кантралююць гандляроў на кірмашах. Гэта значна падвышае бясьпеку, кажа экспэрт.

Артур Заморскі: Амаль кожны год ладзяцца такія навучальныя курсы. Запісацца на іх можа кожны. Яны недарагія, бо ладзяцца не па тое, каб на іх зарабляць, а каб на кірмашах і ў іншых месцах продажу грыбоў быў чалавек, які яшчэ раз зірне на грыбы і ацэніць, наколькі яны бясьпечныя.

У Польшчы ўжываць у ежу дазваляецца толькі 44 віды дзікарослых грыбоў, хоць вядома, што ядомыx ёсьць значна больш.

Адмыслоўцы штогод паўтараюць: лепш не зьбіраць грыбоў, якіх ня ведаем. У лес можна узяць з сабой грыбны атлас, але і так трэба быць асьцярожным, кажа санінспэктар Эва Давідзюк.

Эва Давідзюк: Ацэньваць трэба сьпелыя экзэмпляры, а не маладзенькія. Бо вельмі лёгка памыліць паганку з шампіньёнам, падзялёнкай і грыбом-парасонам.

Для папярэджаньня атручваньняў неабходна, ідучы ў лес, ведаць грыбы і зьбіраць толькі ядомыя. Перабіраць і сартаваць іх трэба адразу, а займацца гэтым павінны дарослыя. Старыя лепш адразу выкідваць, бо ў іх тканках адбываюцца складаныя хімічныя працэсы з утварэньнем ядавітых рэчываў. Не рэкамэндуецца купляць грыбы па-за рынкамі. Бацькі павінны памятаць, што дзецям да 3 гадоў есьці грыбоў нельга.

Эва Давідзюк: Гэта самая вялікая памылка, якую мы дапускаем, бо грыбы цяжкастрававальныя. Яны могуць даваць розныя непрыемныя траўнікавыя сымптомы, з болем, з тэмпэратурай.

Эва Давідзюк папярэджвае таксама, каб ня есьці ягад прама з куста ў лесе. Чарніцы і суніцы могуць быць заражаныя лічынкамі цэстодаў, напр. саліцёра. Разносчыкамі паразітаў часта зьяўляюцца лясныя зьвяры, між іншым, лісы.

Нягледзячы на папярэджаньні, вясковыя жыхары, таксама дзеці, штодня ўстаюць азолку і бягуць у лес.

Хлопчык: Можна някепска зарабіць, бо мы прадаем у скупку. Цяпер, для прыкладу, даюць каля 10-ці злотых за кіляграм. Затое ягады лёгкія. Калі яны мокрыя і цяжкія, то таньнейшыя, а за сухія больш плацяць.

Падчас нарыхтоўкі дзікарослых ягад і грыбоў нельга наносіць шкоду ягаднікам і грыбніцам. Пры зборы ягад нельга прымяняць розныя мэханічныя прыстасаваньні (саўкі, грабянцы і таму падобнае), якія пашкоджваюць кусты і зьніжаюць ўраджай ягад у наступныя гады.

эб


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт