Януковіч просіцца ў Беларусь?
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
17.06.2014 13:17
Пераезд Януковіча ў Беларусь быў бы выгадны для ўсіх бакоў.
Усё больш дыктатараў у Менску – піша Rzeczpospolita. Былы ўкраінскі прэзыдэнт не адчувае сябе ўжо бясьпечна ў Расеі. Ён шукае прытулку ў Беларусі, дзе некалькі гадоў жыве таксама зьвергнуты лідар Кыргыстану.
Вядомы ўкраінскі журналіст Мустафа Наем паведаміў, што сын Януковіча званіў да Лукашэнкі з просьбай даць яму прытулак. Быццам бы Януковіч страціў давер да Пуціна. Аказалася, што гутарка з Лукашэнкам сапраўды адбылася, але званіў не сын Януковіча, а расейскі хакер, які карыстаецца псэўданімам Вован222. Ён шмат разоў падманваў па тэлефоне вядомых палітыкаў.
У размове беларускі лідар гаворыць, што калі Януковіч захоча паехаць у вёску сваіх продкаў у Беларусі, то ён яго прыйме. “Я супраць расправы над ім”,- заявіў беларускі лідар.
Лукашэнка робіць часам дзіўныя крокі. Ён паехаў на інаўгурацыю Пятра Парашэнкі, дзе зрабіў некалькі заяў, якія не былі сугучныя з тым, што ён гаворыць у Маскве. Напрыклад, заявіў, што ўкраінцы павінны паехаць у Крым і зрабіць усё, каб ён астаўся ўкраінскім.
Экспэрты мяркуюць, што пераезд Януковіча ў Беларусь быў бы выгадны для ўсіх бакоў. Масква раней ці пазьней захоча яго пазбыцца, Кіеў таксама будзе задаволены, калі Януковіч перастане быць інструмэнтам расейскай прапагадны. А Лукашэнка зноў трапіць у цэнтар увагі сусьветных СМІ, чаго яму вельмі не хапае.
Rzeczpospolita/нг