Logo Polskiego Radia
Print

Паўночны Каўказ: зацішша перад бурай?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 05.06.2014 08:45
  • Паўночны Каўказ зацішша перад бурай.mp3
Экспэрты: Канфлікты на расейскім Каўказе ня толькі не затухаюць, але й пашыраюцца на рэгіёны са славянскім насельніцтвам.
Фота: topwar.ruФота: topwar.ru

Тэрарыстычная вайна на Паўночным Каўказе застаецца самым кровапралітным канфліктам Эўропы. У апошнія гады дзякуючы шчодраму фінансаваньню й сілавым мерам расейскаму кіраўніцтву ўдалося зьнізіць вастрыню праблемы. Аднак канфлікт не ўдалося поўнасьцю загасіць. Больш за тое, ён распаўсюдзіўся на іншыя тэрыторыі, якія раней лічыліся выключна рускімі. А цяпер узброены канфлікт разгарэўся на Данбасе, які мяжуе з неспакойным Поўднем Расеі. Наколькі трывалы спакой на Паўночным Каўказе і ці не парушыць яго канфлікт ва Ўкраіне? Пр гэта нам распавядаюць экспэрты па справах рэгіёну Лоўрэнс Скот Шытс і Ігар Навіцкі.

У апошнія гады навіны пра канфлікты на Паўночным Каўказе ўсё радзей зьяўляюцца на экранах тэлевізараў. Гэта стала вынікам як шчодрых датацыяў з Масквы, так і адмысловай інфармацыйнай палітыкі. Аднак ніводны экспэрт не адважыцца заявіць, што расейскім уладам ўдалося вырашыць этнічныя і рэлігійныя канфлікты ў гэтым рэгіёне. Так мяркуе супрацоўнік гуманітарнай арганізацыі International Crisis Group Лоўрэнс Скот Шытс.

/

Л. Шытс: Канфлікт на Паўночным Каўказе, калі меркаваць па колькасьці ахвяраў, застаецца самым крывавым канфліктам у Эўропе. Ён адбываецца на вялікай тэрыторыі, і яго становіцца ўсё цяжэй стрымліваць. Перад Алімпіядай у Сочы расейскія ўлады вельмі сур’ёзна ўзяліся за навядзеньне парадку на Каўказе. Таму колькасьць ахвяраў у апошнія месяцы зьнізілася. Аднак я б не назваў сытуацыю там стабільнай. Калі зьменшыцца шчодрае фінансаваньне ўсяго рэгіёну, мясцовых элітаў і адміністрацыі, гэтая стабільнасьць можа парушыцца. Вы памятаеце батальён “Усход” часоў расейска-грузінскай вайны? На 70% ён складаўся з былых чачэнскіх сэпаратыстаў. Калі Масква раптам перастане плаціць такім хлопцам у Чачні й Дагестане, то наўрад ці сытуацыю ў рэгіёне ўдасца ўтрымаць пад кантролем.

Чачня ўжо даўно не зьяўляецца самай “гарачай” кропкай рэгіёну, кажа экспэрт. Партызанская вайна перамясьцілася ў Інгушэцію й Дагестан. Геаграфія канфлікту пашырылася. Сутычкі на этнічнай і рэлігійнай глебе ўжо адбываюцца ў Стаўрапольскім краі, які лічыўся спрадвечна рускім. Славянскае насельніцтва адтуль паступова зьяжджае.

Л. Шытс: Большасьць спэцыялістаў кажа, што самы небясьпечны рэгіён – Дагестан. Там гіне больш за ўсё людзей, там самая складаная этнічная мазаіка. Гэта нашмат больш складанае грамадзтва, чым чачэнскае. Яго цяжэй зразумець, ім цяжэй кіраваць. Стаўрапольскі край – гэта новая канфліктная зона. Яшчэ 15 гадоў таму там не назіралася этнічных канфліктаў. Аднак сёньня яны ўзьнікаюць, бо ў Стаўрапольле пераяжджае ўсё больш людзей з Чачні, Дагестану, іншых рэспублікаў. Акрамя славянскага насельніцтва, ў Стаўрапольлі здаўна пражывае вялікая армянская супольнасьць. Вельмі трывожна, што канфлікт на Паўночным Каўказе распаўсюдзіўся на такія далёкія тэрыторыі, як Стаўрапольле.

Пра тое, што Стаўрапольскі край становіцца полем міжнацыянальных канфліктаў, кажа і супрацоўнік міжнароднага кансалтынгавага цэнтра FALCOGROUP Ігар Навіцкі.

/

І. Навіцкі: Некалькі гадоў таму, калі з Паўднёвай фэдэральнай акругі вылучылі Паўночна-Каўкаскую, Стаўрапольле аднесьлі менавіта да яе. Гэта адзіная вобласьць Расеі, якая ўваходзіць у гэтую акругу разам з нацыянальнымі рэспублікамі. Там засядае паўнамоцны прадстаўнік прэзыдэнта па Паўночна-Каўкаскай фэдэральнай акрузе Хлапонін. Увага да Стаўрапольля не беспадстаўная. Лінія культурнага падзелу паміж Цэнтральнай Расеяй і мусульманскім Каўказам праходзіць менавіта на там.

Шмат экспэртаў заяўляюць, што Расея праваліла спробы інтэграваць Паўночны Каўказ. Цывілізацыйная прорва паміж ісламскімі рэспублікамі Паўночнага Каўказу і Расеяй пашыраецца. Велізарная колькасьць расейцаў жадала б увогуле аддзяліць Паўночны Каўказ ад сваёй краіны. Калі ўплыў Расеі ў рэгіёне слабее, ці можа яе замяніць іншая моцная дзяржава, напрыклад, Турцыя? На пытаньне адказвае Лоўрэнс Шытс.

Л. Шытс: Мой адказ - не. Па некалькіх прычынах. Калі нават Расея захоча перастаць фінансаваць гэты рэгіён, то наўрад ці яна запросіць на Паўночны Каўказ замежных актораў. Нестабільнасьць там можа распаўсюдзіцца на іншыя часткі Расеі, таму Масква будзе заўсёды зацікаўленая ў тым, каб трымаць Паўночны Каўказ пад сваім аднаасобным пільным наглядам. Па-другое, вельмі цяжка ўявіць, што нейкая адна краіне ўвойдзе туды й заменіць Расею. Нашмат больш верагодны варыянт Сырыі – распаўсюджаньне экстрэмізму, анархія й ператварэньне рэгіёну ў рай для тэрарыстаў.

Новая вайна на Данбасе ідзе ўсяго ў некалькіх сотнях кілямэтраў ад Стаўрапольля. У гэтым канфлікце бяруць удзел сотні расейскіх казакоў, якія з часам вернуцца ў родныя станіцы. Ці ці рэхам канфлікту ва Ўкраіне ня стане новыя ўспышка насільля на Паўночным Каўказе? Наўрад ці – лічыць Ігар Навіцкі. Анэксія Крыму паўплывала на расейскае грамадзтва так жа, як некалі расейска-грузінская вайна. Яна паказала моц расейскай дзяржавы, перасьцерагла сэпаратыстаў і на пэўны час замарозіла міжэтнічныя канфлікты.

І. Навіцкі: Унутры краіны адбываецца моцная мабілізацыя, ідзе велізарная хваля патрыятызму. Рыторыка цэнтральнага тэлебачаньня вельмі ваенізаваная. Складваецца ўражаньне, што народ рыхтуюць да нейкай вайны, але вайны абавязкова пераможнай. Маўляў, мы нешта абавязкова адваюем, зоймем. Аднак я ня думаю, што гэтая сытуацыя нэгатыўна адаб’ецца на міжэтнічных адносінах.

Стабільнасьць на Паўночным Каўказе залежыць ад таго, ці будзе Расея запампоўваць туды грошы – мяркуе Лоўрэнс Шытс. Аднак ці будуць у Крамля грошы, і ці будзе ў Расеі палітычная воля хаця б праз 5 гадоў, не бярэцца прадказаць ніхто. Так што падманлівы спакой на паўночным Каўказе можа быць парушыны ў любы момант.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт