Logo Polskiego Radia
Print

У што гуляюць маці і дочкі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.05.2014 18:05
  • matki-corki.mp3
Маці і грамадзтва часта ставяць высокую планку сваім дочкам.

У Польшчы практычна бяз рэха прайшоў Дзень маці 26 траўня. Столькі было важных падзеяў – вынікі галасаваньня за кандыдатаў у дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту, выбары ва Ўкраіне, сьмерць Войцеха Ярузэльскага. А маці засталіся на другім пляне. Тым ня менш, у СМІ было крыху чуваць пра гэтае сьвята, пры нагодзе журналісты закраналі пытаньні спалучэньня прафэсійнай працы з выхаваньнем дзяцей, а таксама розныя выхаваўчыя праблемы.

А праблемаў у польскіх маці дастаткова шмат. Асноўная – гэта тое, што патрабаваньні да жанчын цяпер вельмі высокія – яны павінны спраўляцца з заданьнямі як дома, так і на працы, а часта гэта проста немагчыма. І таму паяўляецца раздражненьне, пачуцьцё, што яны дрэнныя маці, дрэнныя працаўнікі, што не спраўляюцца са сваім жыцьцём, а дзіця зьяўляецца перашкодаю.

Дзяцей нараджаецца ўсё менш. Калі ў 80-ыя гады кожны год нараджалася каля 600, а нават 700 тыс. дзяцей, то цяпер толькі каля 300 тыс. З нагоды Дня маці ўпаўнаважаная ўраду па пытаньні роўнасьці Агнешка Казлоўска-Раевіч заклікала наймальнікаў даваць магчымасьць жанчынам спалучаць працу і выхаваньне дзяцей.

А. Казлоўска-Раевіч: Тыя жанчыны, якія працуюць, змагаюцца з дылемай: калі яны на працы, то іх няма дома, а калі яны дома, то няма іх на працы. Што найбольш патрэбнае сучаснай жанчыне, у якой ёсьць дзеці? Гэта час – час на працу і час для дома.

Гэтая заўвага правільная. Але ў Польшчы ўсім жанчынам прыходзіцца выбіраць – праца або дом, - адзначае псыхоляг бізнэсу Крыстына Канеўска-Бужыньска.

К. Канеўска-Бужыньска: Калі яны выходзяць замуж, то паяўляецца пытаньне – што будзе, калі я пайду ў дэкрэт? Ці мне ўдасца вярнуцца на сваё працоўнае месца. Пры такім вялікім беспрацоўі, якое назіраецца ў Польшчы, пры такой невялікай колькасьці свабодных працоўных месцаў існуе вялікая пагроза, што на месца працаўніцы, якая пойдзе ў дэкрэт, наймальнік прыме кагосьці іншага. Для працадаўцы маці, асабліва калі ў яе маленькае дзіця, гэта даволі нявыгадны супрацоўнік, паколькі маці займаецца дзіцём, адрываецца ад працы, каб хутка паехаць дадому, дзеці хварэюць. Так што пагроза звальненьня для маці ў такой сытуацыі вельмі рэальная.

Адзінае, што магло б дапамагчы маці ўтрымаць працоўнае месца – гэта льготы для наймальнікаў, якія прымаюць на працу жанчын або захоўваюць месца працы маладой маці.

Чаму польскія жанчыны столькі ад сябе патрабуюць, чаму стараюцца быць ідэальнымі на розных франтах, што аказваецца практычна немагчыма? Спэцыфіка выхаваньня дзяўчынак у Польшчы заключаецца таксама ў тым, што як правіла жанчыны больш патрабуюць ад дзяўчынкі, ад дачкі, чым ад сына. Гэта таксама іншая шкала патрабаваньняў – гаворыць Магдалена Куйдовіч, адна з аўтарак кніжкі “У што гуляюць маці і дочкі”.

М. Куйдовіч: Дачка павінны выконваць вельмі многа розных жыцьцёвых функцый на вельмі высокім узроўні, каб мама была задаволеная. Часта здараецца, што маці, якая па розных прычынах незадаволеная ўласным жыцьцём, пераносіць свае мары на дачку. Яна хацела б бачыць дачку больш пасьпяховым чалавекам, чым была сама. Яна думае - я ёй скажу, як жыць, каб яна не рабіла маіх памылак. Зразумела, гэта вынікае з любові маці да дачкі, яна сапраўды хоча для дачкі дабра, але гэта вельмі цяжкі багаж для маладой жанчыны. У нашай кніжцы ёсьць прыклад жанчыны, якая ставіла планку сваёй дачцы вельмі высока, была пастаянна ёю незадаволеная, урэшце дачка паслала яе да тэрапеўта. Лекар папрасіў яе зрабіць сьпіс пажаданьняў – якая павінна быць дачка. І паступова гэтыя патрабаваньні выкрэсьлівалі. У канцы засталося толькі адно – каб дачка была здаровая. І тады гэтая жанчына расплакалася – цяпер я разумею, у чым былі мае памылкі, для мяне самае важнае – каб яна была здаровая, а яна ж здаровая, навошта я ад яе столькі патрабую. Важна, што яна ёсьць.

Адносіны паміж дачкой ды маці бываюць цяжкія. Маці хацела б, каб дачка была шчасьлівая, яна стараецца перадаць ён свой досьвед. Але тое, што было добра калісьці, некалькі дзясяткаў гадоў таму, не заўсёды сябе апраўдвае ў сучасным жыцьці, – адзначае Магдалена Куйдовіч.

М. Куйдовіч: Мадэль жыцьця мамы калісьці была іншая. Гэтая мадэль вельмі хутка мяняецца. Калісьці жанчына павінна была хутка выйсьці замуж, нарадзіць дзіця, цяпер няма такога моцнага прэсінгу. Калісьці для жанчыны важна было мець мужа. Менш важная была якасьць адносінаў у сям’і. Цяпер жанчыны дбаюць пра гэтую якасьць, але маці не павінна ў гэта сілаю ўмешвацца. Гэта настолькі інтымная справа, што не заўсёды дачка хоча размаўляць пра яе з мамай.

Як кажуць псыхолягі, добрая маці такая, якая ведае, калі прыходзіць той момант, калі яна павінна адыйсьці у цень, не ўмешвацца ў жыцьцё дзяцей, калі тыя самі выразна аб гэтым ня просяць.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт