Logo Polskiego Radia
Print

На ратунак Украіне

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 28.02.2014 16:50
  • На ратунак Украіне.mp3
Новы ўрад у Кіеве зьвярнуўся да міжнародных устаноў з просьбай аб фінансавай дапамозе.
int

Захад разважае, як адказаць на гэты заклік. Частка эканамістаў пераконвае, што ўкраінцам у першую чаргу трэба разьлічваць на сябе.

Новы прэм’ер Украіны Арсеній Яцанюк паведаміў пра трагічны стан дзяржаўных фінансаў. Папярэднія каманда зьбеглага прэзыдэнта Віктара Януковіча ўкрала 70 мільярдаў даляраў, паведаміў афіцыйны Кіеў. У сувязі з гэтым новы ўрад вымушаны абмежаваць дзяржаўныя выдаткі. Гэта непазьбежна, каб стабілізаваць эканоміку краіны, зазначыў новы прэм’ер.

Арсэній Яцанюк: Дзяржаўная казна раскрадзена й пустая. З гэтай трыбуны я не абяцаю паляпшэньня жыцьця, ні сёньня, ні заўтра. Нашае галоўнае заданьне цяпер палягае на стабілізацыі сытуацыі ў краіне.

Адной з крыніцай дапамогі Ўкраіне можа стаць Захад. Афіцыйны Кіеў паведаміў, што патрабуе 4 мільярды на падтрыманьне фінансавай стабільнасьці дзяржавы. Паводле СМІ, пра гэта паінфармавана Эўрапейская Камісія дв Міжнародны валютны фонд.
Адным зь першых зарэагаваў Эўрапейскі парлямэнт. Эўрадэпутаты прынялі рэзалюцыю ў Страсбурзе, што Ўкраіна можа ў будучыні стаць чальцом ЭЗ, ды заклікалі ўрады сваіх краін фінансава падтрымаць Украіну. Аднак, канчатковае рашэньне пра выдзяленьне канкрэтных сродкаў яшчэ не прынята. Гаворыць брусэльскі карэспандэнт Польскага радыё Бэата Пламэцка.

Бэата Пламэцка: Вядома, што Эўракамісія ўжо некалькі дзён вядзе перамовы з МВФ ды эўрапейскімі банкамі ў справе пакету дапамогі для Ўкраіны. Пакуль Брусэль паабяцаў у бліжэйшыя дні перадаць Украіне мільярд эўра неадкладнай дапамогі з эўрапейскага бюджэту. Што тычыцца іншых пазык, Эўракамісія не падае інфармацыі. Брусэль не называе таксама ні канкрэтных сум, ні крыніц. Маўляў, ідзе перамоўны працэс. Паводле неафіцыйнай інфармацыі з Брусэля, разглядаецца варыянт прыняцьця пакету фінансавай дапамогі для Ўкраіны ў памеры 20 мільярдаў эўра. Грошы будуць выдзяляцца ў залежнасьці ад вынікаў рэформаў. Эўракамісія ўзнавіла перамовы з Украінай наконт падпісаньня дамовы аб асацыяцыі ды вольным гандлі. Кіеўскія ўлады хацелі б, каб гэта адбылося ў сакавіку, але Брусэль хоча дачакацца вынікаў травеньскіх прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне.

На Брусэль ціснуць яшчэ з Вашынгтону. Улады ЗША заявілі, што выдзелілі мільярд даляраў Украіне, і хацелі б, каб ЭЗ іх падтрымаў. З эўрапейскімі міністрамі замежных спраў размаўляў дзяржсакратар ЗША Джон Кэры. Пакуль бакі заявілі, што будуць разам працаваць над разьвязаньнем крызысу ва Ўкраіне.

Джон Кэры: Я ведаю, што разам з нашымі францускімі й польскімі калегамі, а я размаўляў ужо зь міністарм замежных спраў Радаславам Сікорскім, мы ў стане стварыць адпаведныя рамкі, якія дазволяць мірна правесьці неабходныя зьмены пасьля такога выбуху гвалту й насільля.

За гэтымі дэклярацыямі нічога няма, лічаць эксэрты. Насамрэч, Украіна не павінна палягаць на міжнароднай дапамозе, а на ўласных сілах, перакананы эканаміст Анджэй Садоўскі з Цэнтра імя Адама Сміта. Паводле ўступных рахункаў, на ратаваньне ўкраінскай эканомікі патрэбна мінімум 35 мільярдаў даляраў. Захад сам у крызысе, і такой сумы ня дасьць. Таму ў першую чаргу трэба рабіць стаўку на прадпрымальнасьць уласнага народу, як было ў Цэнтральнай Эўропе пачатку 1990-х гадоў. Тым больш, што сёньняшняя Ўкраіна мае лепшыя перадумовы, чым Польшча або Чэхія 25-гадовай даўніны.

Анджэй Садоўскі: Нейкія сродкі будуць, але хутчэй за ўсё гэта будзе ў форме гуманітарнай дапамогі й сымбалічнай, а не сапраўдныя сродкі, якія маглі б нешта зьмяніць у гэтай краіне. Памятайма на прыкладзе грэцкага ўраду, што ніякія грошы ня змогуць зьмяніць сытуацыі, калі ня будзе фундамэнтальных пераўтварэньняў. Палякі выкарысталі сваю прадпрымальнасьць без дапамогі з ЭЗ, безь інфраструктуры, якую цяпер толькі пачалі будаваць, без тэлефонаў і банкаўскай сыстэмы ды без навучанай і падрыхтаванй да бізнэсу моладзі. Бяз гэтага Польшча разьвівалася ў хуткім тэмпе.

Самае галоўнае, што Ўкраіна мае новыя ўлады. Першапачатковай задачай становіцца цяпер правядзеньне эканамічных рэформаў. Тым больш, што ў грамадзтве пануе жаданьне міру й стабільнасьці.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт