Logo Polskiego Radia
Print

Эўрапейская Камісія за скарачэньне выкідаў

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 24.01.2014 18:55
  • 24.01.14.mp3
ЭЗ бярэ на сябе абавязацельствы, каб такім чынам даць прыклад іншым краінам.


У новым кліматычна-энэргетычным пляне Эўрапейская камісія патрабуе ад дзяржаў Эўрапейскага Зьвязу яшчэ большага зьніжэньня выкідаў вуглякіслага газу і большага ўдзелу ў эканоміцы аднаўляльных крыніц энэргіі. Мы спрабуем высьветліць, што гэтыя тэзы азначаюць для Польшчы і польскай эканомікі.


Саракаадсоткавае скарачэньне выкідаў парніковых газаў да 2030 года (у параўнаньні з узроўнем 1990 г.), больш аднаўляльных крыніц энэргіі, павышэньне эфэктыўнасьці, а такама больш бясьпечнай энергіі па даступных цэнах – гэта толькі некаторыя элемэнты новага кліматычна-энэргетычнага пляну Эўрапейскай камісіі.

Наш суразмоўца, намесьнік старшыні Форуму атрымальнікаў электраэнэргіі і газу Кшыштаф Локай кажа, што дзьве першыя тэзы выключаюць апошнюю.

К.Локай: Павышэньне абмежаваньняў і штучнае павышэньне ўдзелу аднаўляльныx крыніц энэргіі ў энэргетычным балянсе Эўропы і паасобных дзяржаў ня дасьць таннай і бясьпечнай энэргіі. Гэтая энэргія будзе толькі даражэйшай, калі ўлічыць рост платы за выкіды вуглякіслага газу і большыя выдаткі, якія патрэбныя для атрыманьня энэргіі з аднаўляльных крыніц. І гэтая энэргія ня будзе бясьпечнай, таму што энэргетычная бясьпека – гэта гарантаваньне паставак у неабходным аб’ёме. Усім добра вядома, што энэргія з аднаўляльных крыніц нестабільная, бо бывае, што вецер ня дзьме, неба пакрываецца хмарамі, а біямаса можа скончыцца. Таму, каб гарантаваць энэргетычную бясьпеку, побач з крыніцамі аднаўляльнай энэргіі неабходна ставіць клясычныя ўстаноўкі на вугаль або газ. Такім чынам адно выключае другое.


Падчас прэзэнтацыі пляну Эўрапейскай Камісіі яе старшыня заўважыў, што доля аднаўляльных крыніц энэргіі на ўзроўні 27% — гэта будзе важны сыгнал для інвэстараў, што сэктар стабільны. Гэта дазволіць стварыць больш „зялёных” працоўных месцаў і забесьпячыць бясьпеку энэргетычных паставак. Камісар Xасэ Мануэль Барозу таксама выказаў надзею, што гэта пацягне за сабой разьвіцьцё новых тэхналёгій, якія будуць спрыяць росту эўрапейскай эканомікі. Наш экспэрт Кшыштаф Локай з Польскай палаты хімічнай прамысловасьці не падзяляе аптымізму эўрапейскага чыноўніка.

К.Локай: У дадзены момант цяжка прадугледзець, якія будуць наступствы для Польшчы, але хутчэй за ўсё яны ня будуць станоўчымі. Польская прамысловая энэргетыка цягам апошніх 20-і гадоў зрабіла вялізны крок па мадэрнізацыі з мэтаю зьніжэньня шкодных выкідаў у атмасфэру, у тым ліку цяплічных газаў. Чарговыя абмежаваньні, зьмяншэньні лімітаў, вызначаных Эўракамісіяй, штораз цяжэй нам даюцца і цягнуць за сабой усё большыя кошты. У адрозьненьні ад нашых канкурэнтаў зь іншых рэгіёнаў сьвету, напр. з Азіі, Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі мы ў Эўропе інвэстуем, у першую чаргу, у выконваньне ўсё вастрэйшых нормаў па ахове асяродзьдзя. Рэшта сьвету інвэстуе ў нарошчваньне магутнасьці і новыя тэхналёгіі, а мы застаемся ззаду. Таму гонку за саракаадсоткавай мэтай я лічу неабгрунтаванай, асабліва калі ў той жа дзень у іншым камюніке Эўракамісія сьцьвярджае, што неабходна праводзіць рэіндустрыялізацыю Эўропы з павелічэньнем удзелу прамысловасьці да 20% у ВУП Эўрапейскага Зьвязу. Гэтыя мэты ўзаемна выключаюцца.

Эўрапейскі Зьвяз хоча даць іншым прыклад, як можна эфэктыўна ахоўваць навакольле – так Зьбігнеў Гнятоўскі з Прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Польшчы тлумачыць пляны скарачэньня выкідаў цяплічных газаў у атмасфэру.

З. Гнятоўскі: ЭЗ бярэ на сябе абавязацельствы й хоча такім чынам даць прыклад такім магутным краінам, як Кітай, ЗША, у якіx выкіды значна большыя, чым у Эўрапейскім Зьвязе. Плян – гэта прапанова Камісіі. Да канца году Рада і Эўрапейскі парлямэнт узгодняць супольную пазыцыю і вызначаць канчатковую форму для ўсяго Эўразьвязу.

Кліматычная палітыка — гэта для Польшчы праблема вельмі складаная і дарагая. Паводле ацэнак адмыслоўцаў, выдаткі, зьвязаныя са скарачэньнем выкідаў цяплічных газаў і зьніжэньнем долі вугалю ў энэргетычным балянсе, пацягнуць за сабою неабходнасьць закупкі дарагіх новых тэхналёгій і рост выдаткаў на набыцьцё квот на выкіды, якімі гандлююць дзяржавы. Гэта значна павысіць кошт вытворчасьці электраэнэргіі, што, у сваю чаргу, прычыніцца да росту цэнаў тавараў і паслуг у Польшчы.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт