Logo Polskiego Radia
Print

82,5 млрд. эўра з ЭЗ для Польшчы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 02.01.2014 18:42
Важна разумна выдаць грошы, якія выдзяляе ЭЗ Польшчы на 2014-2020 гг.

Праграмы Эўрапейскага Зьвязу на 2014-2020 гг. былі адной з тэмаў павесткі дня двухдзённага паседжаньня польскага ўраду, якое прайшло ў апошнія дні года. За бліжэйшыя 6 гадоў польскі бюджэт атрымае каля 82,5 млрд. эўра. Гэта агромная сума, але на гэты раз Польшча павінна вельмі старацца, каб ЭЗ частку гэтых сродкаў не забраў, калі яны застануцца нявыкарыстаныя, або будуць выдаткаваныя не паводле пляну.

Ці насамрэч гэта салідная дапамога для польскага бюджэту, ці, можа, у параўнаньні з маштабам неабходных выдаткаў, гэта не такія ўжо і вялікія сродкі? Гэтае пытаньне мы задаем экспэрту па эўрапейскіх справах з Варшаўскага Ўнівэрсытэту Пятру Ваўжыку.

П. Ваўжык: Для польскага бюджэту гэта вялікія грошы. Нельга забываць, што польскі бюджэт ахоплівае ня толькі такія інвэстыцыі, як будаўніцтва дарог, станцый ачысткі вады, але таксама ахову навакольнага асяродзьдзя, судовую сыстэму або выдаткі на абарону, а гэтыя галіны нельга фінансаваць з грошай ЭЗ. У сувязі з гэтым для тых інвэстыцый, для якіх дадзеныя сродкі прызначаныя, гэта будзе салідная дапамога. Без гэтых грошай многія інвэстыцыі проста немагчыма было б ажыцьцявіць.

На якія інвэстыцыі Польшча атрымае найбольш грошай з Эўрапейскага Зьвязу?

П. Ваўжык: Перш за ўсё гэта, канешне, завяршэньне будаўніцтва дарог, якіх не ўдалося закончыць будаваць да канца мінулага года. Напрыклад, некаторыя адрэзкі аўтастрад або хуткасная дарога S7. Гэтыя інвэстыцыі атрымаюць грошы ўжо з новага бюджэту, але ня толькі. Шмат сродкаў мы атрымаем на ахову навакольнага асяродзьдзя, ёсьць таксама праграмы падтрымкі прадпрымальнікаў, грошы, прызначаныя на гэтак званую іннавацыйную эканоміку.

У праектах ЭЗ шмат увагі прысьвячаюць праграмам, зьвязаным з транспартам. Гэта разьвіцьцё сеткі дарог, аўтастрад, але таксама чыгуначны ды грамадзкі транспарт. Трэба сказаць, што ў гэтай галіне Польшча даволі моцна адстае ад разьвітых заходніх дзяржаваў, дагэтуль не ўдалося нам дагнаць у гэтым сэнсе Заходнюю Эўропу. Можа, цягам бліжэйшых шасьці гадоў нам удасца запоўніць гэты прабел?

П. Ваўжык: Трэба памятаць, што ніколі Польшча не магла распараджацца такімі вялікімі сродкамі, як тыя, якія мы атрымліваем з 2006 года. Дзякуючы грошам з Эўразьвязу мы хутка даганяем краіны Заходняй Эўропы, а да 2020 года павінны збудаваць поўную камплектную сетку хуткасных дарог. Мы павінны таксама мадэрнізаваць нашу чыгунку. Я ўжо нават не кажу пра ўзровень Заходняй Эўропы, нам хаця б вярнуцца да стану, які быў у Польшчы перад вайной. Цяпер нашая чыгунка ў горшым стане, чым была тады. Гэта ўсё трэба зрабіць да 2020 года.

Трэба гэта зрабіць за 6 гадоў, а Эўразьвяз будзе вельмі старанна сачыць за выкананьнем плянаў, паколькі ў нас былі ўжо праблемы, зьвязаныя з інвэстыцыямі ў галіне транспарту.

П. Ваўжык: Фінансавая пэрспэктыва на бліжэйшыя гады прадбачвае дэфіцыт. Гэта датычыць ня толькі Польшчы, але таксама іншых краін. Выдаткаў заплянавана больш, чым складуць даходы бюджэту Зьвязу. Таму Эўрапейская камісія пастараецца як мага больш грошай у розных дзяржаваў проста забраць, каб бюджэт да 2020 года зусім не рассыпаўся. Таму Польшча павінна вельмі старанна рыхтаваць усе дакумэнты, каб не было да чаго прычапіцца й каб ня страціць грошай з гэтага бюджэту ЭЗ.

Варта таксама прыгадаць, што нямала сродкаў з гэтага бюджэту атрымаюць мясцовыя ўлады. ЭЗ вельмі сочыць за тым, каб усе рэгіёны мелі роўныя шанцы й атрымлівалі падтрымку. Ці мясцовыя ўлады ў невялікіх польскіх гарадах справяцца з гэтай задачай?

П. Ваўжык: Як правіла, мясцовыя муніцыпальныя ўлады лепш спраўляюцца з выдаткоўваньнем зьвязаўскіх грошай, чым цэнтральная дзяржаўная ўлада. На месцы, у гміне ці павеце проста лепш відаць, на што патрэбныя сродкі, прасьцей гэтыя грошы правільна выкарыстаць на тыя інвэстыцыі, якія патрэбныя мясцовым жыхарам, і прасьцей назіраць за працай, паколькі ўлада знаходзіцца бліжэй да людзей і інвэстыцый. На ўзроўні дзяржавы пераважна працэс ідзе з большымі перашкодамі.

А што будзе пасьля 2020 года, калі грошы закончацца? Ці Польшча не атрымае больш сродкаў з Эўрапейскага Зьвязу?

П. Ваўжык: Не, гэта не канец грошай з ЭЗ. Але неабходна памятаць, што мы ня толькі атрымліваем сродкі з Эўразьвязу. Кожны год мы таксама плацім узнос у цэнтральны бюджэт супольнасьці. А пасьля 2020 года гэтыя ўзносы ды іншыя платы ў бюджэт Эўразьвязу будуць вышэйшыя, чым Польшча зможа атрымаць з гэтага бюджэту. Таму так важна разумна выдаць грошы, якія нам выдзяляе ЭЗ у гэтай фінансавай пэрспэктыве, паколькі пазьней такіх сродкаў мы ўжо не атрымаем.

Нашым суразмоўцам быў экспэрт па эўрапейскіх пытаньнях Пётр Ваўжык.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт